Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Звесткі пра сям’ю Петруся Броўкі з фондаў Літаратурнага музея Петруся Броўкі і Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Полацку

Успамінаючы свой радавод, Пятрусь Броўка жартаваў, што яго род найстаражытнейшы на Ушаччыне, бо продкаў па бацьку звалі Адам і Ева – Адам Іосіфавіч Броўка і Ева Іванаўна Тарасевіч, дзед і бабуля па бацькоўскай лініі.

Пятрусь Броўка нарадзіўся 25 чэрвеня 1905 года ў вёсцы Пуцілкавічы ў сям’і Юстына Адамавіча Броўкі (форма імя Усцін часцей сустракаецца ў дакументах) і Алены Сцяпанаўны (у дзявоцтве Сыс). Як выглядалі бацькі, можна ўбачыць на фотаздымку, зробленым прыкладна ў 1915 годзе ў Лепелі – на ім старэйшы брат Петруся Андрэй, іх бацькі, бабуля Тэкля Сыс (маці Алены Сцяпанаўны) і сам Пятрусь.

Сям’я Броўкаў амаль з кожным годам расла. Усяго ў іх нарадзілася дзесяць дзяцей – шэсць хлопцаў (Андрэй, Пятрусь, Сцяпан, Аляксандр, Канстанцін, Лявон) і чатыры дзяўчыны (Марыя, Яўгенія, Любоў, Валянціна). А зямлі (асновы дабрабыту таго часу) было мала, і Юстын Адамавіч браўся за любую магчымасць падзарабіць. Але галоўным яго майстэрствам было цяслярства і сталярства: рабіў вокны, дзверы, мэблю і вясельныя куфары для ўсяго наваколля. Не менш вядомы ён быў і як музыка. Разам з братамі яны часта гралі на навакольных вяселлях і вечарынах.

Алена Сцяпанаўна займалася хатняй гаспадаркай. Яна добра ткала на кроснах, шыла і вышывала, фарбавала тканіну зварам з альховай кары. І гэта таксама быў адзін са спосабаў заробку: Алена абшывала ўласную сям’ю, аднавяскоўцаў і жыхароў суседніх вёсак.

Дзядзька Клёмка, як яго называлі ў вёсцы, на пару са сваім братам Юстынам пілаваў дошкі на продаж. Разам з братамі ён іграў на вяселлях і вечарынах: Юстын – на скрыпцы, Кліменцій – на цымбалах, а Ігнась – на бубны. Удзельнічаў у баях Першай сусветнай вайны. Імя Кліменція Броўкі значыцца ў спісе грамадзян Вялікадолецкай воласці, якія пацярпелі ад стыхійных бедстваў у 1923 годзе: “Броўка Кліменцій Адамавіч – пашня – 4, сенакосаў заліўных -, сенакосаў незаліўных – 1,75, сенапашні – 4,88, едакоў – 5, кароў – 1, коней  -, валоў -, налічана падатка ў іржаных адзінках – 19,21, ад якой даты і нумар заявы – 11.09.1923 г., краткі змест жалабы – зняць ¾ д. пашні незасеянай і без лошадзі, заключэнне валвыканкама і прадінспектара – адмовіць”.

З сям’і ў Петруся Броўкі больш блізкія адносіны склаліся са старэйшым братам Андрэем і малодшай сястрой Марыяй.

Андрэй Броўка нарадзіўся ў 1903 годзе. Скончыў вышэйшае пачатковае вучылішча ў Лепелі. Пасля вяртання ў Пуцілкавічы працаваў аб’ездчыкам у лясніцтве. Праз некаторы час лясніцтва перавялі ў сяло Вялікія Дольцы, і Андрэй уладкаваўся там на працу ў бухгалтэрыю. У імянным спісе савецкіх работнікаў Бярэзінскага лясніцтва, размешчаных у Вялікадолецкай воласці, пад № 3 згадваецца: “Броўка Андрэй Усцінавіч – справавод, 1903 г. нар., в. Пуцілкавічы Вялікадолецкай воласці Барысаўскага ўезда”. У 1925 годзе Андрэй пераехаў у Полацк і уладкаваўся ў акруговае ўпраўленне ашчадных кас. Пасля скасавання Полацкай акругі ў 1930 годзе, пераехаў у Растоў-на-Доне, дзе працаваў інспектарам краявога ўпраўлення ашчадных кас. Памёр у 1930-х гадах у Мінску ад цяжкага запалення лёгкіх, быў пахаваны на Вайсковых могілках (магіла не захавалася).

Марыя Тарасевіч (Броўка) нарадзілася ў 1907 годзе. Выйшла замуж за хлопца з суседняй вёскі Ліпнікі Уладзіміра Тарасевіча. У іх нарадзілася 5 дзяцей: Пётр, Аркадзь, Аляксандр, Любоў, Анатолій, але гадаваць іх ёй давялося адной. Уладзімір быў прыгавораны 28 лістапада 1937 года да вышэйшай меры пакарання як польскі шпіён і расстраляны 10 студзеня 1938 года ў Віцебску. Рэабілітаваны 3 верасня 1968 года. Марыя да вайны працавала ў калгасе “Прагрэс”. Падчас вайны яна трапіла ў палон, яе змаглі выкупіць сваякі. Пасля вайны Марыя жыла ў Лепелі.

Аляксандр Броўка нарадзіўся ў 1916 годзе. Жонка – Надзея Андрэеўна Броўка. Аляксандр закончыў педінстытут, працаваў на Гомельшчыне настаўнікам беларускай і рускай мовы і літаратуры, дырэктарам сярэдняй школы ў Азарычах. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр прымаў удзел у баях на паўднёва-заходнім фронце да мая 1942 года, потым трапіў у лагер для ваеннапалонных. У пачатку 1943 года ён уцёк з палону і ўступіў у партызанскі атрад, дзе працаваў рэдактарам падпольных газет “Партызан” і “Голас партызана”. Пасля вызвалення тэрыторыі працаваў рэдактарам раённай газеты “За бальшавіцкія калгасы”, загадчыкам абласнога аддзела мастацтва ў Мазыры. Пасля пераехаў па накіраванні ў Гомель на працу загадчыкам аддзела культуры ў “Гомельскую праўду”, потым быў загадчыкам аддзела прапаганды, першым намеснікам рэдактара.

Сцяпан Броўка нарадзіўся ў 1910 годзе. Ён скончыў пачатковае вясковае вучылішча і працаваў у сваёй гаспадарцы, а потым у калгасе “Прагрэс”: спачатку на палявых работах, а затым кавалём. Пасля курсаў шафёраў у Мінску да самай вайны працаваў шафёрам у Лепельскім райспажыўсаюзе. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Сцяпан трапіў у палон пад Мінскам і быў вывезены ў Гамбург на завод, дзе выраблялі падводныя лодкі. Там ён працаваў малатабойцам у кузні. Пасля вызвалення Сцяпан жыў у Мінску і працаваў шафёрам, а потым бухгалтарам у розных установах. У 1960-я гады працаваў у пажарнай ахове пры кінастудыі.

Канстанцін Броўка нарадзіўся ў 1920 годзе. Скончыў Лепельскае педвучылішча і быў накіраваны на работу загадчыкам пачатковай школы вёсцы Антунава, недалёка ад Пуцілкавіч. У 1939 годзе быў прызваны ў армію і залічаны ў пяхотнае вучылішча, якое скончыў у званні лейтэнант. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. У 1944 годзе на тэрыторыі Украіны Канстанцін загінуў падчас баявой аперацыі танкавага дзесанта, пры ліквідацыі акружанай групоўкі гітлераўскіх войск.

Валянціна Броўка нарадзілася ў 1917 годзе. У канцы 1937 года пераехала ў Мінск, дапамагала прыглядваць за сынам Петруся – Юрыем. Скончыла Мінскую школу медсясцёр. Працавала ў Баранавіцкай вобласці, дзе і перажыла вайну. Пасля жыла ў Лепелі ў адным доме з сястрой Марыяй і яе сям’ёй. Валянціна часта наведвала сям’ю брата, дапамагала Алене Міхайлаўне Броўка.

Яўгенія Пракапенка (Броўка) нарадзілася ў 1912 годзе. Яна выйшла замуж за грабара-украінца з арцелі, што вяла будаўніцтва шашы непадалёку ад Пуцілкавіч. Разам з мужам пераехала на Далёкі Усход, жыла на Сахаліне. Пасля смерці мужа пераехала да дачкі ў Чарнігаў, Украіна.

Звесткі аб родных Петруся Броўкі можна знайсці ў розных дакументах таго часу. Напрыклад, пратакол агульнага сходу грамадзян Пуцілкавіцкага сельскага Савета аб надзяленні зямлёй беззямельных і малазямельных сялян у часовае карыстанне ад 6 сакавіка 1921 г. На сходзе прысутнічалі 46 чалавек з 506, якія валодалі правам голасу і ўваходзілі ў Пуцілкавіцкі сельскі савет. Асноўным рашэннем схода было надзяліць зямлёй у часовае карыстанне сялян сельсавета. З гэтага дакумента можна даведацца, хто быў старшынёй Пуцілкавіцкага сельсавета, імёны сялян сельсавета, колькасць чалавек у сям’і, колькасць дзесяцін у сям’і, з якога часу чалавек жыве ў пасяленні, чым займаецца, акрамя працы па сельскай гаспадарцы (сталяр, каваль і інш.), у якую чаргу можна надзяліць зямлёй (у 1 ці 2, ці ўвогуле 3 і 4), у якое карыстанне жадае атрымаць зямлю – у асобнае ці калектыўнае.

У вёсцы Пуцілкавічы сярод родзічаў Петруся Броўкі значацца Ануфрый Броўка, Усцін (Юстын) Броўка, Кліменцій Броўка. Прыкметна, што сярод іх Юстын Броўка атрымаў права першай чаргі надзялення зямлёй, бо членаў яго сям’і было 10, на якіх прыходзілася 1 дзесяціна зямлі.

Гэтыя ж імёны знаходзяцца ў спісе домаўладальнікаў в. Пуцілкавічы Вялікадолецкай воласці Барысаўскага ўезда Мінскай губерніі для спагнання натурпадатку на сена. У дакуменце запісаны прозвішчы і імёны жыхароў, колькасць дзесяцін сенакоса на гаспадарку, колькасць пудоў сена, якая прызначана па стаўцы, колькасць сена і саломы ўвогуле, таксама распіска плацельшчыка аб аб’яўленні падатку і тэрмін выплаты. У спісе значацца Ануфрый Каспаравіч Броўка, Усцін (Юстын) Адамавіч Броўка, Кліменцій Адамавіч Броўка. Яны ж сустракаюцца ў дакуменце 1922 года – павясковым спісе плацельшчыкаў натурпадатка за 1922-1923 гады Пуцілкавіцкага сельсавета.

Ануфрый Каспаравіч Броўка, які згадваецца ва ўсіх пералічаных дакументах, быў стрыечным дзядзькам Петруся (Каспар і Адам Броўкі – родныя браты). Сыны Ануфрыя – Васілій, Мікалай і Якаў. Васілій і Якаў Броўкі згадваюцца ў спісе плацельшчыкаў агульнаграмадзянскага падатка, якія пражываюць у раёне Пуцілкавіцкага сельсавета. Звесткі падаваліся ў спіс на 1 лістапада 1922 года і па асноўных параметрах – імя плацельшчыка, месца жыхарства, узрост, сацыяльнае паходжанне (у асноўным маюцца пазнакі “земляроб”), памер агульнаграмадзянскага падатка, які павінны былі спагнаць і адзнака аб гэтым. У спіс уключалі мужчын і жанчын ад 18 да 60 гадоў – тых, хто павінен быў плаціць падатак, і тых, хто ад яго вызваляўся. Усяго было ўнесена 143 рублі (па стане на 18 студзеня 1923 года), згадваюцца імёны 149 асоб.

Сярод імёнаў сялян вёскі Пуцілкавічы сустракаюцца члены сям’і Петруся Броўкі. Гэта бацька – Броўка У. А. (50 год, аб’ездчык (пазнака – без коней, займаецца земляробствам), вызвалены ад выплаты); маці – Броўка А. С. (45 год, гаспадыня дома); старэйшы брат – Броўка А. У. (18 год, выплаціў); дзядзька – Броўка К. А. (52 гады, лясны вартаўнік, выплаціў), яго жонка – Броўка Д. І. (45 год, гаспадыня дома); верагодна, іх дачка Зінаіда – Броўка З. К. (24 гады, выплаціла).

Цікавым для далейшага даследавання з’яўляецца спіс работнікаў, размешчаных на тэрыторыі Вялікадолецкай воласці і якія падлягаюць чыстцы Барысаўскай уезднай камісіяй па барацьбе з хабарніцтвам. У спісе пад № 2 значыцца “Броўка Пётр Усцінавіч, канторшчык, 1905 г. нар. у в. Пуцілкавічы Вялікадолецкай воласці, селянін. Да 1919 г. вучыўся, з 1919 г. служыў у Вялікадолецкім валвыканкаме справаводам, з 1920 г. у саўгасе Малыя Дольцы рахункаводам. З кастрычніка 1923 г. на займаемай пасадзе. Член К.С.М.”.

Close Menu