Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Віртуальны праект
““Трывожнае шчасце” – летапіс жыцця Івана Шамякіна: гісторыя кахання і вернасці падчас вайны”
да 60-годдзя рамана Івана Шамякіна “Трывожнае шчасце”

Шамякін Іван Пятровіч, 1974 г.

Іван Шамякін – выбітны беларускі пісьменнік, драматург, сцэнарыст
і грамадскі дзеяч, Народны пісьменнік Беларусі. Яго пяру належаць такія вядомыя творы, як “Сэрца на далоні”, “Снежныя зімы”, “Атланты і карыятыды”, “Вазьму твой боль”, “Петраград – Брэст”, “Зеніт” і інш.

Шамякін пачаў свой літаратурны шлях у першыя пасляваенныя гады, у вельмі складаны і адказны час для развіцця літаратуры. Вярталіся з франтоў і партызанскіх атрадаў старэйшыя пісьменнікі, уважліва прыглядаліся да першых крокаў мірнага жыцця. У памяці былі яшчэ свежыя ўспаміны пра вайну. У той няпросты час рабілі першыя творчыя спробы яшчэ нікому не вядомыя маладыя літаратары, сярод якіх быў і Іван Шамякін. Малады пісьменнік пачаў літаратурную дзейнасць з адлюстравання ваеннай тэмы.

Дэбютным творам стала апавяданне “У снежнай пустыні”, якое было напісана ў перыяд 1944-1946 гг., а першым буйным творам – аповесць “Помста”, апублікаваная ў 1945 годзе ў беларускім часопісе “Полымя”. З таго часу і пачалася актыўная пісьменніцкая дзейнасць І.Шамякіна.

Прызнанне чытачамі не прымусіла сябе доўга чакаць. Папулярнасць аўтара была звязана з тым, што ён умеў распавядаць пра турботы чалавека, пачуцці і думкі, пра яго маральны і псіхалагічны стан так, каб захапіць чытача глыбокім сэнсам убачанага, адкрыць яму заканамернасць руху грамадства і гэтым самым дапамагчы заняць правільную пазіцыю ў жыцці.

Іван Шамякін адным з першых у савецкай прозе адчуў, што яго ўласны шлях салдата – гэта хоць і маленькая, але тыповая часцінка шляху, пройдзенага ўсім яго пакаленнем.

Найбольшае прызнанне атрымаў раман аўтара “Трывожнае шчасце”.

Мы заўсёды кахаем мацней, калi адчуваем, што каханню нашаму нешта пагражае”.

Гэтыя выдатныя словы аб каханні ўзяты з аповесці “Непаўторная вясна”, якая разам з іншымі (“Начныя зарніцы”, “Агонь і снег”, “Пошукі і сустрэчы” , “Мост”) увайшлі ў адзіны зборнік “Трывожнае шчасце”. Упершыню пенталогія выйшла ў свет у 1965 годзе. Магчыма, поспех “Трывожнага шчасця” заключаецца ў тым, што твор быў напісаны на аснове біяграфіі аўтара і жыцця блізкіх яму людзей.

Адкрывае цыкл пенталогіі аповесць “Непаўторная вясна”, якая была апублікавна ў 1957 годзе. У творы паказана непаўторная, шчаслівая і радасная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапятовіча, якія праходзяць праз цяжкасці ў рамантычных адносінах, але, нягледзячы ні на што, становяцца мужам і жонкай. Радасць шчаслівага сямейнага жыцця перарывае вайна, і Пятро ідзе ў Чырвоную Армію, а Саша з грудным дзіцём вымушана застацца на акупаванай ворагам тэрыторыі.

Аўтар паказвае чытачам лірызм, узвышанасць пачуццяў маладых людзей, якія ўвасабляюць сабой лепшых прадстаўнікоў пакалення даваеннай моладзі. Іван Шамякін пісаў пра сваё пакаленне наступнае: “Мы рана пасталелі. На нашу долю выпала занадта многа выпрабаванняў і цяжкага роздуму”. У “Непаўторнай вясне” героі яшчэ мала разважаюць над жыццём. Таму ў аповесці часта на першы план выступае асоба самога пісьменніка, які не толькі каментуе ўчынкі і думкі сваіх герояў, але і нагадвае, што жыццё нашмат больш складанае і цяжкае, чым гэта падаецца бесклапотнаму юнацтву. Хутка героям давядзецца зведаць, як шмат значаць у жыцці чалавека іншыя людзі, іх разуменне, спагада і падтрымка.

Чаму аўтар назваў сваю аповесць “Непаўторная вясна”? У гэтай назве адлюстраваны шчымліва-радасныя пачуцці-ўспаміны самога пісьменніка пра шчаслівыя часы і дні юнацкай закаханасці, якія яму давялося перажыць. Узгадваць пра іх можна бясконца, толькі вось вярнуць назад – нельга.

У другой частцы пенталогіі, “Начныя зарніцы” (1958 г.), Іван Шамякін ставіць у цэнтр лёс Сашы Траянавай, якая жыве на акупіраванай тэрыторыі і ўдзельнічае ў змаганні з ворагам. Аповесць вылучаецца глыбінёй псіхалагічных партрэтаў герояў, асабліва Сашы Траянавай. Аўтар ставіць яе ў складаныя драматычныя сітуацыі, якія патрабуюць ад гераіні пэўнага маральнага выбару і з якіх яна выходзіць, не здраджваючы сваім жыццёвым прынцыпам. Гэта невыпадкова. Іван Шамякін сцвярджаў, што адной з галоўных мэтаў “Трывожнага шчасця” была паэтызацыя яго пакалення, услаўленне яго маральнай чысціні і высокіх духоўных якасцей.

Мастацкай асаблівасцю трэцяй аповесці кнігі “Агонь і снег” (1959 г.), якая прысвечана франтавым будням другога галоўнага героя твора, Пятра Шапятовіча, з’яўляецца натуральнасць, найбольшая праўдзівасць у адлюстраванні ваенных падзей, псіхалагічная дакладнасць вобразаў. Шмат у чым аповесць з’яўляецца аўтабіяграфічнай: у ёй пісьменнік у форме дзённікаў Пятра Шапятовіча ўзнавіў у памяці сваю ваенную маладосць. Форма дзённіка, як мастацкі ход аўтара, дазваляе ствараць аб’ектыўную карціну ваенных будняў маладых курсантаў-артылерыстаў, паказаць іх паступовае сталенне, маральныя якасці. Праўда жыцця ў аповесці дасягаецца яшчэ і тым, што пісьменнік не ідэалізуе сваё пакаленне і стварае вобразы не толькі мужных і смелых салдат і афіцэраў, але і вобразы кар’ерыстаў, прыстасаванцаў, гатовых данесці на таварыша, абылгаць яго, ашальмаваць нявіннага, карыстаючыся тагачаснай атмасферай страху і падазронасці.

Назва аповесці – зрокавы ўспамін пісьменніка пра перажытае ў час вайны: “Снег і агонь…Агонь і снег…Агонь на зямлі ад выбухаў бомбаў, бясконцых залпаў гармат. Калі яны на нейкі час сціхаюць, снег усё адно гарыць – свеціцца блакітным водбліскам ад пажараў, што шугаюць у горадзе”.

Чацвёртая аповесць “Пошукі сустрэчы” (1959 г.) працягвае асноўную тэму пенталогіі – тэму кахання і вернасці, над якімі не мелі ўлады ні доўгая ростань, ні цяжкасці вайны. Але ж у жыцці было і іншае. У многіх людзей была здрада і нявернасць. Не ва ўсіх каханне вытрымала выпрабаванне вайной.

У аповесці “Пошукі сустрэчы” аўтар спецыяльна сутыкае Шапятовіча і Лялькевіча, які жыў разам с Сашай, пакуль Пятро быў на фронце, каб паказаць “здраду” жонкі. Нягледзячы на тое, што здрада непраўдзівая, усё ж яна выклікае ў Пеці тую думку, якую і хацеў выказаць пісьменнік, каб падкрэсліць складанасць жыцця і ўнікнуць адназначнасці ў трактоўцы праблемы кахання і вернасці ў час вайны. Убачыўшы каля хаты, дзе жыве Саша, Лялькевіча, Пеця пасля змрочна думае: “Усё нішчыць вайна. Гінуць людзі…Чарсцвеюць сэрцы ў жывых… Руйнуецца любоў і вернасць… Разбураецца сям’я…”. І ў гэтых думках  таксама праўда жыцця: не яго асабістая, а людская.

Аповесць у меншай ступені аўтабіяграфічная і не вылучаецца дакладнасцю і праўдзівасцю ў адлюстраванні рэчаіснасці. Многія факты і падзеі ўспрымаюцца ненатуральна, яны надуманыя, штучна прывязаныя да сюжэта: змест твора часта вызначаюць выпадковасці, а не лагічная заканамернасць развіцця мастацкага дзеяння. Сам пісьменнік пазней шчыра прызнаваўся, ацэньваючы мастацкую вартасць аповесці, што “збіўся на прыгодніцтва, меў такую слабасць”.

У апошняй аповесці “Мост” (1965 г.) мы сустракаемся з героямі кнігі ў першую мірную вясну. Гэта самая праўдзівая і біяграфічная аповесць у рамане. Шамякіну хацелася падзяліцца з чытачамі пасляваенным вопытам удзелу ў мірным аднаўленні жыцця, прадоўжыць аповед пра лёс любімых герояў.

У аповесці створаны глыбокі, яскравы і ўражлівы малюнак пасляваеннай беларускай вёскі, прычым малюнак не толькі бытавы, але і сацыяльны,
з дакладным паказам псіхалагічнага і маральнага стану тагачаснага грамадства.

У цэнтры твора – драматычны лёс Пятра Шапятовіча, які з-за сваёй сумленнасці і прынцыповага характару ледзь не стаў ахвярай рэжыму. Аўтар не толькі расказвае пра падзеі пасляваеннага часу, але і каментуе, накіроўвае думку чытача, дапамагае зразумець учынкі герояў, прыводзіць іх, як і свайго чытача, да разумення таго, якімі важнымі з’яўляюцца шчырыя і спагадлівыя ўзаемаадносіны, як неабходна ўмець дараваць крыўду адно аднаму, не адступаць ад маральных прынцыпаў, заўсёды “быць чалавекам”.

Але чаму аповесць называецца “Мост”? Для таго, каб зразумець гэта, неабходна вярнуцца да папярэдніх аповесцей пенталогіі. У іх вядучай праблемай была праблема вернасці, а ў аповесці “Мост” яна таксама вызначае галоўнае развіццё дзеяння, але атрымлівае сюжэтнае завяршэнне. У папярэдняй аповесці “Пошукі сустрэчы” паказаны менавіта пошукі сустрэчы герояў, а не сама сустрэча. А ў апошняй частцы “Моста” выпрабаванні герояў на працягу ваенных гадоў заканчваюцца нарэшце сапраўднай душэўнай сустрэчай, да якой яны ішлі праз цяжкія жыццёвыя перашкоды і выпрабаванні. Мост з’яўляецца ў аповесці Івана Шамякіна сімвалічным вобразам сустрэчы, яднання. Доўга ішлі Пятро і Саша да гэтага моманту свайго жыцця, аднак прыйшлі.

На такой ноце завяршаецца цыкл рамана “Трывожнае шчасце”. З успамінаў аўтара вынікае, што першапачаткова ён не планаваў ствараць пенталогію. Першая аповесць “Непаўторная вясна” павінна была выйсці самастойным творам, але асабісты жыццёвы досвед Івана Шамякіна, яго ўзаемаадносіны з жонкай і ваенны перыяд паўплывалі на напісанне вялікага цыклу пра людзей яго пакалення. Усе часткі было вырашана аб’яднаць пад адной назвай – “Трывожнае шчасце”.

“Трывожнае шчасце” – твор, у якім найбольш разнастайна выявілася творчая натура Шамякіна як празаіка. Пісьменнік выпрабаваў у ім розныя стылі і мастацкія падыходы: ціхую лірычную стрыманасць у “Непаўторнай вясне”, завастрэнне сюжэтнага дзеяння дзеля агалення маральных праблем у “Начных зарніцах” і “Пошуках сустрэчы”, дзённікавую форму падачы жыццёвага матэрыялу ў “Агні і снезе”, востры сацыяльна-псіхалагічны аналіз у “Мосце”. Творчы вопыт, набыты пісьменнікам у працы над “Трывожным шчасцем”, узняў яго мастацкае майстэрства на новую вышыню.

У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваюцца чатыры літаратурныя зборнікі дадзенага твора. Першыя тры былі выпушчаны ў 1960 годзе, “Дзяржаўным выдавецтвам БССР”, а гэта значыць, што там адсутнічае апошняя частка пенталогіі – “Мост”. Яны каштоўныя тым, што ў кнігах прысутнічае аўтограф Івана Шамякіна.

Кніга І. Шамякіна “Трывожнае шчасце”
Дароўны надпіс аўтара С.Майхровічу
Дароўны надпіс аўтара М.К.Хайноўскай
Дароўны надпіс аўтара Л.Акаловічу

Аўтарам ілюстрацый з’яўляецца знакаміты беларускі мастак Раманаў Сяргей Рыгоравіч. Ён працаваў у розных тэхніках станковай і кніжнай графікі.

Не менш таленавітым і знакамітым мастаком з’яўляецца Агуновіч Эдуард Канстанцінавіч. Ён, як і Сяргей Раманаў, працаваў у галіне кніжнай і станковай графікі, жывапісу. У музеі захоўваецца яго макет да кнігі “Трывожнае шчасце”, які быў зроблены ў 1970 годзе, але кніга з ілюстрацыямі мастака выйшла ў свет толькі праз тры гады – у 1973 годзе. Арыгінал макета быў перададзены музею самім Эдуардам Агуновічам.

Макет вокладкі да рамана “Трывожнае шчасце” І.Шамякіна; Э.К.Агуновіч; 1970 г.
Кніга І.Шамякіна “Трывожнае шчасце”

Толькі адзін літаратурны зборнік 1995 года выдання з’яўляецца завершаным і змяшчае поўны цыкл пенталогіі. У фондах музея ён уяўляе цікавасць не толькі дзякуючы свайму зместу, але і тым, што яго падарыў музею пісьменнік у 1997 годзе.

Што да аповесцей, якія ўвайшлі ў пенталогію, у музеі ў якасці асобнага выдання захоўваецца “Непаўторная вясна” 1958 года ў трох экзэмплярах на рускай мове. Адна з кніг змяшчае ў сабе аўтограф Івана Шамякіна да Лідзіі Арабей, беларускай пісьменніцы.

Кніга І. Шамякіна “Неповторимая весна”
Дароўны надпіс аўтара Л.Арабей

Таксама ў музеі захоўваюцца газеты “Знамя юности” ад 1957 года з часткамі аповесці “Непаўторная вясна” з чорна-белымі ілюстрацыямі ў перакладзе на рускую мову. Усяго захоўваецца чатыры нумары.

Газета “Знамя юности” № 29; 1957 г.
Газета “Знамя юности” № 31; 1957 г.
Газета “Знамя юности” № 33; 1957 г.
Газета “Знамя юности” № 37; 1957 г.

Плённая праца пісьменніка не прайшла бясследна. Апроч прызнання з боку чытачоў, раман высока ацанілі на дзяржаўным узроўні: у 1968 годзе “Трывожнае шчасце” атрымала Дзяржаўную прэмію БССР ім. Я. Коласа.

Іван Шамякін – гэта феномен беларускай літаратуры, летапісец сваёй эпохі. За сваё доўгае жыццё пісьменнік напісаў вялікую колькасць літаратурных твораў, якія сталі класікай беларускай літаратуры, і якую на сённяшні дзень людзі актыўна чытаюць, пагружаючыся ў ваенны свет галоўных герояў і ўспамінаў аўтара.

Пенталогія “Трывожнае шчасце” карыстаецца павышанай цікавасцю ў сучасных чытачоў, паколькі апісаныя аўтарам праблемы 1950-ых гг. актуальныя і зараз. Праблемы кахання, вернасці, сяброўства, чалавечнасці заўсёды будуць займаць важнае месца ў жыцці людзей любога пакалення незалежна ад дзесяцігоддзя.

Матэрыял падрыхтавала Алена Башкірава,
малодшы навуковы супрацоўнік аддзела фондаў

Close Menu