Віртуальны праект да 120-годдзя з дня нараджэння Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пяюна
27 жніўня 1906 года ў вёсцы Лявонавічы Слуцкага павета, Мінскай губерніі (цяпер Нясвіжскі раён, Мінская вобласць) у небагатай сялянскай сям’і нарадзіўся паэт, празаік, драматург, кампазітар, мастак, культурна-асветны дзеяч Новік Сяргей Міхайлавіч, чые творы нам вядомы пад псеўданімамі Алесь Бярозка, Малады Дзядок, Н.Сяргееў, Новик-Пяюн Сергей, Новік-Пяюн Сяргей, С.Каліноўскі, С.Пяюн, С.Стапанчык, Сяргей Пяюн, Dzіecko Pomorza, GGlos Swіeckі, Krasnoludek, Krasnoludek z Borow, Od naszego morza, Stary Dzіadok, Tucholskіch.
З самага маленства Сяргей пастаянна чуў песні. Хораша спявалі яго маці, бацька, сёстры. Аднавяскоўцы звалі іх “пяюнкамі”. Хлопчык меў здольнасці да навукі, таму бацькі зрабілі ўсё магчымае, каб сын атрымаў адукацыю. У 1918–1924 гг. ён вучыўся ў Нясвіжскай гімназіі, дзе, здаючы экзамены экстэрнам, “скакаў” праз клас. У 1925-1926 гг. быў слухачом беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні, атрымаў званне беларускага настаўніка. Падчас навучання захапляўся маляваннем, браў дадаткова ўрокі жывапісу ў мастака Мікалая Літвіненкі, майстэрству ігры на скрыпцы яго вучыў вядомы скрыпач Тадэвуш Тадроўскі, музычную адукацыю атрымаў у прафесара Віленскай кансерваторыі Кацярыны Плішка-Банасевіч.
Яшчэ падчас вучобы ў Нясвіжскай гімназіі юнак захапіўся паэзіяй. Вершы ён пачаў пісаць у 1921 г. З 1925 г. паэт-пачатковец стаў выступаць
з вершамі ў віленскіх газетах і часопісах, звычайна падпісваючы іх псеўданімам Малады Дзядок. Так у 1925 г. ў часопісе “Студэнцкая думка” ўпершыню быў надрукаваны верш пад назвай “Не бядуй”.
У 1926 г. Сяргей Новік вярнуўся з Вільні ў родную вёску Лявонавічы і стварыў там хор (з 1963 г. – народны). Шмат жадаючых спяваць знайшлося і ў навакольных вёсках – Лазавічах, Габрунах, Смалічах. 18 ліпеня 1926 года адбылася першая рэпетыцыя. Потым быў створаны драматычны гурток, гурток Таварыства беларускай школы, з’явілася беларуская бібліятэка, неафіцыйна адчыніла дзверы ў Лявонавічах пачатковая беларуская школа. Спачатку збіраліся ў бацькоўскай хаце, потым у так званым “магазіне” – памяшканні, дзе сыпалі збожжа. Было цеснавата, таму вырашылі пабудаваць Народны Дом. Людзі з розных вёсак ахвотна ахвяравалі грошы і за два тыдні ўзвялі невялічкі будынак. Сіламі мясцовай моладзі паставілі купалаўскую “Паўлінку”. Як рэжысёр Сяргей Міхайлавіч дэбютаваў у роднай вёсцы Лявонавічы пастаноўкай п’есы Францішка Аляхновіча “Птушка шчасця”, дзе сыграў галоўную ролю селяніна Янкі.
Такая актыўнасць на ніве беларускай культуры прыйшлася не даспадобы польскім уладам. За пракамуністычную дзейнасць і стварэнне тайнай школы 1 снежня 1926 года маладога настаўніка выклікалі ў пастарунак у Салтанаўшчыну і выслалі ў польскі горад Свеце над Віслай. Там, у Памор’і, ён пражыў пяць год, працаваў настаўнікам.
У першай высылцы Сяргей Новік напісаў свае славутыя “Зорачкі” – песню, што набыла шырокую папулярнасць у Заходняй Беларусі ў давераснёўскі час. Гісторыя стварэння была цікавай. Сяргей у Польшчы сябраваў са скрыпачом Феліксам Балінскім і ўкраінскай піяністкай Галяй Перыдкіўнай. Вось аднойчы яны гулялі ўтраіх вечарам па вуліцы. Сяргей заўважыў, што сябры яго пакахаліся, таму не надта ім назаляў. Вярнуўся ў самоце дадому, хацеў напісаць ліст у Лявонавічы, а адбылася песня “Зорачкі”. Сам тэкст пад назвай “На выгнанні” быў пазней надрукаваны ў газеце “Беларуская крыніца”. Гэта песня перакладзена на рускую, украінскую і польскую мовы. У час вайны яна была папулярнай сярод вязняў фашысцкіх лагераў. Паколькі ж імя Новіка-Пяюна доўга было забаронена, Рыгор Шырма пазней выдаў “Зорачкі” як народную песню паланянак, вывезеных фашыстамі на работу ў Германію.
У 1927–1931 гг. Сяргей Новік супрацоўнічаў з віленскім часопісам для дзяцей “Заранка” (галоўны рэдактар Зоська Верас), займаўся яго афармленнем. Асобнымі выданнямі ў 1927 г. выйшлі яго п’есы “Цудоўная ноч” і “Ёлка Дзеда Мароза”, у зборніку “Сцэнічныя творы” – п’еса “Пакой у наймы”. Даследчыкі адзначаюць, што гэтым раннім творам уласцівыя шчырасць і непасрэднасць.
31 ліпеня 1931 г. Сяргей Міхайлавіч вяртаецца на радзіму, дзе зноў быў арыштаваны і высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім, яму было забаронена жыць бліжэй за сто кіламетраў ад тагачаснай польскай мяжы. Тут 25-гадовы юнак сустрэўся з многімі сваімі аднадумцамі, пазнаёміўся з Гальяшом Леўчыкам. Разам з жонкай Людмілай у 1938-1939 гг. выдаваў польскамоўную газету “Gazeta Slonіmska”.
Верасень 1939 г. паэт сустрэў у баранавіцкай турме, куды трапіў пасля чарговага арышту польскімі ўладамі. Вызвалены Чырвонай Арміяй. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, у 1940 годзе, Сяргей Міхайлавіч працуе інспектарам павятовага аддзела народнай асветы па культасветных установах. Пасля разам з вучоным-археолагам Стаброўскім арганізоўвае гісторыка-краязнаўчы музей і гарадскую бібліятэку.
У маі 1941 г.Новік-Пяюн быў прызваны ў армію, служыў у Гродна. У пачатку вайны вярнуўся ў Слонім, працаваў дырэктарам музея, рабіў усё магчымае, каб захаваць унікальныя экспанаты музея, найбольш каштоўныя кнігі з бібліятэкі. Многае ўдалося схаваць. А ў падвале музея зрабілі тайны ход, адкуль можна было збегчы ў лес. Там жа захавалася пішучая машынка, папера, медыкаменты, якія пры патрэбе выкарыстоўвалі партызаны. Сам Новік-Пяюн дапамагаў народным мсціўцам распаўсюджваць лістоўкі.
Па даносе здрадніка 26 лістапада 1943 г. Сяргей Міхайлавіч быў схоплены Слонімскім гестапа і апынуўся ў Баранавіцкай фашысцкай турме.
На трэці дзень пасля арышту быў вынесены смяротны прыгавор. Яго расстрэльвалі не раз і не два… Ажно сем разоў вадзілі на расстрэл, але стралялі спецыяльна міма, а потым зноў у турму на дапрос. Седзячы ў вязніцы, Новік-Пяюн захварэў. У студзені 1944 г. ён у бяспамяцтве трапіў у турэмную бальніцу. Урач паставіў дыягназ: сыпны тыф. Сярод медыцынскага персаналу знайшліся людзі, якія не толькі паставілі Сяргея Міхайлавіча на ногі, але і пратрымалі ў бальніцы ажно паўгады. Пасля акрыяння, яго накіроўваюць у Калдычэўскі канцлагер пад Баранавічамі. Катаванні, голад, знясільваючая праца на торфараспрацоўках, смерць жонкі…
У канцлагеры Сяргей Міхайлавіч не меў ні паперы, ні алоўка. Але нават ва ўмовах Калдычэва “напісаў” (вывучыў напамяць) 2 вершы: “Прысяга”
і “Не гудзе зялёная дубрава” (верш прысвечаны памяці закатаваных сяброў). Усяго ж за час, праведзены ў гітлераўскіх турмах, ён стварыў больш
за 20 вершаў. Праз 50 гадоў гэтыя вершы выйдуць з друку асобным зборнікам пад назвай “Песні з-за кратаў”.
1 ліпеня 1944 г. вязняў Калдычэва (600 чалавек) пастроілі ў калону, пагналі ў бок Слоніма на расстрэл, затым – у накірунку Зельвы. Дарога ішла праз лес. Раптам застракаталі кулямёты і аўтаматы. Партызаны прыйшлі на дапамогу. Сяргей Новік-Пяюн быў паранены, прыкінуўся мёртвым, што яго і выратавала.
Пасля вызвалення працаваў дырэктарам Слонімскага гісторыка-краязнаўчага музея, маляваў, пісаў вершы. 14 снежня 1944 г. па ілжывым даносе без прад’яўлення афіцыйных абвінавачванняў С.Новік-Пяюн быў арыштаваны органамі НКУС і высланы на 10 гадоў на Калыму.
У гэты час былі напісаны вершы “Калі душу мне сум агорне”, “Жыццё прамінае”, “Беларуская мова мая” і інш. Адзін з самых моцных вершаў паэта, напісаны збалелым ад несправядлівасці сэрцам – “Ноч у камеры”.
З 1953 г. па 1958 г. горкі лёс кідае Сяргея Міхайлавіча на Якуцкія лесапавалы, шахты, руднікі. Працуе лесарубам, шахцёрам, драбільшчыкам руды, рэгістратарам у паліклініцы. У гэты перыяд жыцця на Калыме вершы і артыкулы Новіка-Пяюна на рускай мове друкаваліся ў газетах “Социалистическая Якутия”, “Молодой коммунист”, “Молодёжь Якутии”, “Северная заря”.
У высылцы паэт захапіўся эсперанта (міжнародная мова), арганізаваў гурток для якуцкіх дзяцей у школе пасёлка Усць-Нера, у якім пражываў на вольным пасяленні. Новік-Пяюн – аўтар міжнароднага гімна эсперантыстаў.
Сябры ў Беларусі рабілі ўсё магчымае, каб вызваліць Новіка-Пяюна, але доўгі час іх намаганні былі марнымі. Нарэшце ў 1958 г. ён быў рэабілітаваны і ў 1959 г. вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Слоніме, Нясвіжы, пасля – у Мінску. Доўгі час не было ў Сяргея Міхайлавіча ўласнага жытла – бадзяўся па інтэрнатах, начаваў у сяброў, здымаў вугал. Чыноўнікі баяліся браць яго на працу. У адчаі ён напісаў пісьмо Сяргею Восіпавічу Прытыцкаму. Адказ прыйшоў праз месяц, а ў ім паведамленне, што выдзяляюць аднапакаёвую кватэру ў Мінску ў доме на вуліцы Купрыянава, 9. Таксама яму дазвалялася займацца педагагічнай працай.
Сяргей Міхайлавіч стварыў у сваёй кватэры клуб для дзяцей “Не разліць вадой”, дзе ён вучыў іх маляваць, расказваў розныя гісторыі і чытаў свае вершы. Да яго прыходзілі класамі і паасобку, як да мастака і аўтара дзіцячых кніжак. Ён вельмі любіў займацца з дзецьмі, часта ездзіў у школу ў Лявонавічы, у Слонім, знаходзіў там таленавітых дзяцей, друкаваў маленькія кніжачкі з вершамі і апавяданнямі, каб зацікавіць ствараць вершы на беларускай мове.
Сяргей Міхайлавіч пражыве 88 гадоў і складзе багата песень і вершаў, якія знітуюцца ў кнігі: зборнік паэзіі “Заўсёды з песняй” (1984), кніжкі вершаў для дзяцей “Зорачкі ясныя” (1986), зборнік “Песні з-за кратаў” (1993), успаміны пра Я.Купалу, Г.Леўчыка, Я.Карскага, І.Стаброўскага. Ім былі перакладзены на беларускую мову творы А.Пушкіна (“Русалка”), Л.Талстога (“Першы вінакур”), польская камедыя “Муж у ветлівасці” А.Абрамовіча і Р.Рушкоўскага. У 1984 г. ён стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. У сваіх паэтычных творах Сяргей Новік-Пяюн пісаў пра перажытае ім у астрогах, лагерах, ссылках. Паэтычныя радкі яго тужлівыя і ўзнёслыя, гаротныя і вясёлыя, прасякнуты пяшчотай да Бацькаўшчыны, верай у заўтрашні дзень.
С.М.Новік-Пяюн нам вядомы і як песеннік – напісаў каля 100 песень. А такія з іх, як “Зорачкі” і “Над Шчарай” (“Слонімскі вальс”) трапілі ў разрад народных. Да фільма “Боль мой – Хатынь” (1969) ім была напісана песня “Сэрца, не плач!”, сам аўтар прыняў удзел у здымках фільма. У 2007 г. у межах серыі “Беларускі музычны архіў” адбылася прэзентацыя дыска Сяргея Новіка-Пяюна “Дні лятуць (песні з-за кратаў)”, прысвечанага 100-годдзю нараджэння паэта.
26 жніўня 1994 г. сэрца беларускага паэта спынілася. Пахаваны на могілках у роднай вёсцы Лявонавічы 28 жніўня 1994 г.
Пасля смерці Сяргея Міхайлавіча яго спадкаемца Вольга Міхайлаўна Сугойдзь-Зубовіч перадала ў фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры архіў і асабістыя рэчы паэта. Дзякуючы гэтаму на дадзены момант калекцыі нашага музея налічваюць каля 2300 прадметаў, звязаных з жыццём і творчасцю Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пяюна. Шматлікія з іх адзначаны асабістым штампам паэта, сведчаць аб прыналежнасці да яго архіва. Самі пячаці захоўваюцца ў нашым музеі ў калекцыі “Сфрагістыка” – 41 адз.
Сярод перададзеных матэрыялаў трэба адзначыць вялікую колькасць кніг як з асабістым штампам паэта (211 адз.), так і з аўторафамі розных аўтараў, падараваных Сяргею Міхайлавічу на добры ўспамін (183 адз.). Усе яны складалі даволі багатую бібліятэку пісьменніка.
Са спадчыны С.Новіка-Пяюна як мастака захоўваецца няшмат работ: шэсць альбомаў з акварэльнымі малюнкамі перыяду навучання, некалькі аркушоў графічных і дзве жывапісныя работы.
Акрамя гэтага фонды музея ўтрымліваюць вялікія калекцыі віншавальных паштовак, рукапісаў, дакументаў, фотаздымкаў, асабістых рэчаў.
Вялікае, шматпакутнае жыццё пражыў С.М.Новік-Пяюн. З годнасцю прайшоў ён праз самыя цяжкія выпрабаванні, наканаваныя яму лёсам, застаўшыся ў памяці як выбітны беларус з цяжкім лёсам.
Матэрыял падрыхтавала Анастасія Каралёва,
вядучы навуковы супрацоўнік аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання фондаў