Віртуальны праект, прысвечаны друкаваным выданням (кнігам) перыяду Вялікай Айчыннай вайны
Пра вайну напісана вялікая колькасць кніг, артыкулаў, вершаў і прозы. Гэта і энцыклапедыі, і манаграфіі, і цэлы шэраг мемуарных крыніц, і мастацкая літаратура. Асобны пласт «вайсковай» літаратуры складаюць кнігі і перыёдыка, якія выдаваліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Пасля пачатку вайны выданне кніг у СССР значна змянілася. Гэта было абумоўлена суровым рэжымам ваеннага часу. Сярэдні аб’ём друку ў 1942 годзе знізіўся ў тры разы ў параўнанні з даваенным часам. Кнігі друкаваліся меньшымі па памеру, з простымі вокладкамі і рэдкімі чорна-белымі ілюстрацыямі. У тылу і на акупаванай тэрыторыі друкаваліся кнігі, брашуры і лістоўкі. Па тэматыцы ў літаратуры 1941–1945 гг. галоўнае месца належала ваеннай кнізе, якая мела прамы патрыятычны ўплыў на чытача. На яе долю ў 1942 г. прыпадае 32,9% усёй кніжнай прадукцыі краіны, наклад – 147 956 тыс. асобнікаў. Патрэба ў вайсковых ведах набывала першаснае значэнне.
Асноўнай тэмай літаратуры таго часу быў гераізм савецкіх воінаў Чырвонай Арміі і патрыятычныя прызывы. З’яўляюцца кнігі малога фармата, пад рэдакцыяй беларускага пісьменніка І.Гурскага, прысвечаныя Героям Савецкага Саюза. У фондах музея з гэтай серыі захоўваюцца кнігі пра герояў Міхаіла Сільніцкага, Хвядоса Смалячкова і Льва Даватара. Кожная такая кніга выйшла накладам 30000 асобнікаў. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны 407 беларусаў атрымалі ўзнагароду Героя Савецкага Саюза, 4 – двойчы.
У 1943 годзе выходзіць зборнік “Моладзь Беларусі ў баях за Радзіму”. На старонках гэтай кнігі гучаць патрыятычныя вершы і апавяданні нашых пісьменнікаў пра баявыя подзвігі партызан.
“Моладзь Беларусі вартая свайго народа. Многія дзясяткі тысяч камсамольцаў і моладзі Беларусі ваююць у радах партызан за вызваленне Радзімы ад нямецка-фашысцкага прыгнёту. Штодня праяўляецца масавы гераізм моладзі ў цяжкіх выпрабаваннях партызанскай вайны. Выраслі тысячы выдатных маладых разведчыкаў, дыверсантаў, радыстаў, кулямётчыкаў, стралкоў, байцоў усіх родаў зброі” М.В.Зімянін “Моладзь Беларусі ў баях за Радзіму”.
Вялікі ўплыў на падзеі таго часу аказала таксама палітычная літаратура. У фондах музея захоўваюцца выданні сакратара ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнка “Партызанскі рух у Вялікай Айчыннай вайне” 1943 г. і “Освобождение Белоруссии” 1944 г.
Ваенны час быў адным з самых інтэнсіўных у творчай дзейнасці пісьменнікаў Беларусі. Мужна і натхнёна гучаў голас Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, К.Крапівы, М.Лынькова, П.Броўкі, М.Танка, П.Глебкі, А.Куляшова, А.Астрэйкі, А.Бялевіча, І.Гурскага. М.Машары і многіх іншых паэтаў і празаікаў. У выпрабаваннях і радасцях беларускія пісьменнікі заўсёды былі разам з народам. Мастацкім словам яны дапамагалі справе перамогі.
Творы Купалы і Коласа шмат у чым вызначылі ролю і вартасць агітацыйнай паэзіі. Партызанам, байцам Чырвонай Арміі, якія мужна змагаліся з лютым ворагам былі прысвечаны радкі Я.Купалы:
Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.Урывак з верша Я.Купалы “Беларускім партызанам”, 1941 г.
Гэты верш чыталі у партызанскіх атрадах і на перадавой, бо ён стаў “народным”: быў перакладзены на рускую мову, друкаваўся ў розных газетах і зборніках, быў лістоўкай і плакатам. Усяго некалькі вершаў было напісана Купалам у ваенны час, але прысутнасць купалаўскага слова, яго жывое і плённае дзеянне адчувалася на ўсім працягу вайны.
Якуб Колас прымаў удзел у арганізацыі партызанскага руху на Беларусі, выступаў на радыё, у цэнтральных газетах “Правда”, “Известия”, франтавым і партызанскім друку: “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “За свабодную Беларусь”, “Партызанская дубінка”, “Раздавім фашысцкую гадзіну” і інш.
У фондах захоўваецца зборнік вершаў Я.Коласа “Голас зямлі”, які выйшаў у 1943 годзе. У аднаіменным вершы Я.Колас звяртаецца да сваёй Радзімы:
О, каб я меў такія рукі,
Зямля, абняў-бы я цябе,
Каб сцішыць гора тваё, мукі
І сілу даць у барацьбе!
Зямля мая, мая краіна!
Я чую твой прызыўны звон.
Прымі-ж хоць слова твайго сына –
Не доўгі будзе твой палон.
Якуб Колас і Янка Купала, займалі актыўную грамадзянскую пазіцыю ў барацьбе з фашызмам. Янка Купала, як член прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, выступаў на антыфашысцкіх мітынгах, падпісаў адозву да славян з заклікам узняцца на вызваленчую барацьбу супраць фашызму, удзельнічаў у І Усеславянскім мітынгу. Якуб Колас – віцэ-старшыня Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, выступаў у красавіку 1942 года ў Маскве на Другім Усеславянскім мітынгу супраць фашызма з прамовай – “Беларусы ніколі не аддадуць нямецкім захопнікам сваёй волі, сваёй зямлі, сваёй незалежнасці”.
Якуб Колас і Янка Купала працавалі ў складзе Акадэміі навук БССР у эвакуацыі. Яны разам прынялі удзел у навуковай сесіі АН БССР у Казані ў сакавіку 1942 года, дзе Янка Купала выступіў з дакладам «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя», а Якуб Колас, як віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук, выступіў са справаздачным дакладам за 1941 год.
Пятрусь Броўка ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна пайшоў у Чырвоную Армію. У 1941-1942 гадах быў інструктарам-літаратарам франтавой газеты “За Савецкую Беларусь” на Заходнім і Бранскім франтах, супрацоўнічаў з партызанскім друкам. З 1943 года – адказным сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1945 года ў другі раз прызначаны галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”. Узнагароджаны медалямі “Партызану Айчыннай вайны” і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадах”.
Броўка быў сведкай, як мужна і самаахвярна абаранялі воіны родную зямлю. У франтавых умовах былі напісаны такія творы аб Радзіме як “Беларусі”, “Да маці”, “Да хаты”.
Зямля Беларусі! Ты ў полымі бою,
Ты ў бітвах суровых Айчыннай вайны;
Ты ўстала і зноўку ўзялася за зброю,
І меч свой напояць варожай крывёю
Твае непахісныя ў бойцы сыны.Урывак з паэмы П.Броўкі “Беларусі”
У 1943 годзе выйшлі зборнікі “Насустрач сонцу”, “К родным берегам” (на рускай мове).
Максім Лужанін на пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў прызваны ў Чырвоную Армію. У 1942 годзе скончыў Падольскае пяхотнае вучылішча, удзельнічаў у баях пад Масквой і Сталінградам. Актыўна супрацоўнічаў з сатырычнай газетай-плакатам “Раздавім фашысцкую гадзіну”, часопісам “Беларусь” і газетай “Савецкая Беларусь”. У 1945 годзе выйшаў яго зборнік “Шырокае поле вайны”.
Аркадзь Куляшоў у чэрвені 1941 года добраахвотнікам уступіў у рады Чырвонай Арміі і скончыў пад Ноўгарадам вайскова-палітычнае вучылішча. У 1941-1943 гадах служыў на фронце ў вайсковай газеце “Знамя Советов”, у 1943-1945 гадах – у Беларускім штабе партызанскага руху. Узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945”. Аўтар кніг “Баранаў Васіль” 1941 г., “Сцяг брыгады” 1943 г., “Прыгоды цымбал” 1945 г.
Максім Танк на пачатку вайны ўступіў у народнае апалчэнне ў Саратаве. Пазней быў накіраваны на Бранскі фронт, у газету “За Савецкую Беларусь”. Друкаваўся ў агітплакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені. У паэме “Янук Сяліба” 1943 года Танк імкнуўся паказаць героіку партызанскага руху на Беларусі. Патрыятычныя творы ваенных гадоў склалі кнігу “Вастрыце зброю” і “Праз вогненны небасхіл” 1945 г.
Пімен Панчанка з верасня 1939 па студзень 1946 года служыў спецыяльным карэспандэнтам і пісьменнікам у вайсковых газетах. Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў на франтах — Бранскам, Калінінскам і Паўночна-заходнім. Працаваў у франтавых газетах “За свабодную Беларусь”, сатырычным выданні “Партызанская дубінка”, а таксама ў газеце “Героический штурм”. У 1944 годзе з часцямі 34-й арміі знаходзіўся ў складзе ваеннай місіі ў Іране, супрацоўнік газеты “Советский патриот”. Узнагароджаны медалём за баявыя заслугі. У 1943 годзе выйшаў зборнік “Дарога вайны”.
Анатоль Астрэйка у час Вялікай Айчыннай вайны працаваў адказным сакратаром газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, якая актыўна публікавала яго гумарыстычныя вершы і фельетоны. Па заданні Беларускага штаба партызанскага руху ў 1942-1943 гадах яго засылалі ў варожы тыл. Знаходзіўся на Случчыне ў партызанскай брыгадзе імя Чкалава.
Найбольш пашыраным жанрам прозы ў гады вайны было апавяданне. Патрыятызм, самаахвярнасць у барацьбе з ворагам, кемлівасць герояў у крытычных сітуацыях знайшлі сваё адлюстраванне ў творах Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова, Iльі Гурскага і інш.
Кузьма Чорны быў супрацоўнікам сатырычнай газеты “Раздавім фашысцкую гадзіну”. З другой паловы студзеня 1942 года Чорны працаваў у рэдакцыі часопіса “Беларусь”. У гады вайны ён напісаў тры раманы “Пошукі будучыні” 1943 г., “Млечны шлях” 1944 г., “Вялікі дзень” 1941–1944 гг., аповесці “Скіп’еўскі лес” (няскончана, 1944 г.), “Сумліцкая хроніка” (няскончана, 1941–1944 гг.). Зборнік апавяданняў “Вялікае сэрца” быў апублікаваны ўжо пасля смерці пісьменніка – у 1945 годзе.
Міхась Лынькоў быў адказным рэдактарам франтавой газеты “За Савецкую Беларусь” у 1941–1942 гг. Падчас вайны пісьменніку давялося перажыць нечалавечыя пакуты: ягоную жонку і сына Марыка ў верасні 1941 года расстралялі фашысты. Востра адчуваецца гэты боль у ваенных апавяданнях Міхася Лынькова “Васількі”, “Дзіцячы башмачок”, “Недапетыя песні”, “Пацалунак”. У 1944 годзе выйшаў зборнік апавяданняў “Астап”.
Ілья Гурскі з 22 чэрвеня 1941 года па лістапад 1942 года служыў у Чырвонай Арміі. Затым разам з групай беларускіх пісьменнікаў быў дэмабілізаваны. З’яўляўся адказным сакратаром франтавой газеты “За Савецкую Беларусь”, рэдактарам газеты “За свабодную Беларусь” і сатырычнага часопіса “Партызанская дубінка”.
Падчас вайны вялікую папулярнасць набывала перакладная літаратура. Вершы і апавяданні беларускіх пісьменнікаў перакладаліся на рускую мову. Акрамя публікацый, у перыядычным друку выйшлі асобныя кнігі перакладаў: “За Советскую Белорусь. Белорусская художественная литература в Великой Отечественной войне” 1942 г., “Беларусь в огне” 1943 г., “Избранные стихи” Янкі Купалы 1941 г., “Голос земли” Якуба Коласа 1942 г., “Тебе, Беларусь” Пімена Панчанкі 1942 г.
Акрамя дакументальнай, палітычнай, мастацкай і перакладной літаратуры ў такі складаны ваенны час друкаваліся і дзіцячыя кнігі. Выходзілі падручнікі на старонках якіх гучалі патрыятычныя вершы, апавяданні і лозунгі. Гэтыя матэрыялы былі накіраваны на выхаванне любові да Радзімы і садзейнічалі барацьбе з фашызмам. У фондах музея захаваўся падручнік 1943 года на рускай мове “Читай правильно!”.
У 1945 годзе выйшла вершаваная казка “Мароз партызан” пісьменніка А.Бялевіча, які удзельнічаў у партызанскім руху на Віцебшчыне. Галоўны герой казкі – дзед Мароз, які дапамагае партызанам:
“Каб наблізіць перамогу,
Дзед майструе нам дарогі,
А чужынцам дапякае
То марозам, то пургой,
Ім дарогі замятае
Ім акопы забівае
І навечна іх хавае
У магіле ледзяной.”
Чытач, які перачытвае сёння ваенныя творы, мае магчымасць яшчэ раз адчуць і ўсвядоміць: яны пісаліся не толькі для свайго часу, але і для будучых пакаленняў. У гэтых творах праўда і веліч беларускага народа, які гераічна змагаўся, панёс вялікія страты і перамог дзеля жыцця на сваёй зямлі.
Матэрыял падрыхтавала Васільева Т.А.,
вядучы навуковы супрацоўнік аддзела фондаў