Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Віртуальны праект да 120-годдзя з дня нараджэння Яна Скрыгана

Найлепшай біяграфіяй у пісьменніка з’яўляюцца яго кнігі.
Бадай што ўсё зробленае мною – гэта нейкая частачка самога сябе.
(З кнігі Я.Скрыгана “Кругі”)

Ян Скрыган (Іван Аляксеевіч) – беларускі пісьменнік, паэт, навеліст, крытык. Нарадзіўся 16 лістапада 1905 года ў вёсцы Труханавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай царкоўнапрыходскай школе, потым вучыўся ў Слуцку ў Беларускай гімназіі і сельскагаспадарчым тэхнікуме, які пакінуў на 4 курсе. Значны пераварот у жыцці будучага паэта адбыўся дзякуючы кнігам Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі. Як адзначаў Я.Срыган: “Калі б не Я.Купала, Я.Колас, З.Бядуля, наўрад ці ўзнікла б у мяне жаданне штосьці пісаць самому. Іх вершы краналі душу. Я і пачынаў з вершаў…”. У 1924 годзе стаў супрацоўнікам акруговай газеты “Вясковы будаўнік”, дзе праз год выйшлі першыя вершы паэта. Пасля друкаваўся ў зборніках “Слуцкія песняры” (1926), альманахах “Надзвінне” (1926), “Росквіт” (1927), “Зарніцы” (1928).

У 1926-1927 гг. працаваў у газеце “Чырвоная Полаччына”, дзе пазнаёміўся з П. Броўкам. Іван Аляксеевіч так успамінае сваё сяброўства з П.Броўкам: “Мне Пятрусь Броўка – гэта цэлае жыццё. Пяцьдзясят чатыры гады таварышавання, веры адзін аднаму, патрэбы ў духоўным кантактаванні. Мне нават здаецца, што мы ніколі не разлучаліся…”.
У 1928 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне філфака БДУ. Быў членам літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. У 1933-1936 гг. працаваў у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”.

Актыўная літаратурная і грамадская дзейнасць была спынена сталінскімі рэпрэсіямі 13 лістапада 1936 г.: асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі і высланы ў Сібір. У 1946 годзе ён быў вызвалены, аднак пазбаўлены грамадзянскіх правоў на пяцігадовы тэрмін з забаронай вяртацца на радзіму. Працаваў на пасадзе бухгалтара на гідролізным заводзе ў Фергане (Узбекістан). Пасля гэтай першай ссылкі працаваў галоўным бухгалтарам на сланцахімічным камбінаце ў горадзе Ківіылі ў Эстоніі, куды пераехаў, каб быць бліжэй да Беларусі. 25 чэрвеня 1949 года зноў арыштаваны і высланы ў Сібір.

У снежні 1954 года з Івана Аляксеевіча Скрыгана былі зняты ўсе абвінавачанні, ён быў поўнасцю рэабілітаваны і адноўлены ва ўсіх правах. Пасля вяртання ў Мінск пісьменнік актыўна ўключыўся ў літаратурную дзейнасць: працаваў рэдактарам у Дзяржвыдавецтве БССР, літкансультантам Саюза пісьменнікаў, рэдактарам і пасля намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”. З 1967 г. – загадчык літаратурна-кантрольнай рэдакцыі Беларускай Савецкай энцыклапедыі, а ў 1975-1985 гг. – адказны сакратар Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

Ян Скрыган – адзін з першапраходцаў беларускага нарыса як новага літаратурнага жанру, і гэта малая форма стала ўзорам яго надзвычайна лінгвістычна багатай і глыбока нацыянальнай творчасці. Выдаў нарысы – “Новая зямля” (1929), “Шугае сонца” (1930), “Права на энтузіязм” (1932), “Недапісаны профіль” (1932). Далейшая творчая дзейнасць пісьменніка знаходзіць працяг у зборніку апавяданняў «Сустрэчы» (1935), які характарызуецца выдатным валоданнем мовай, асабліва сваім родным слуцкім дыялектам, добрым адчуваннем часу, патрыятызмам, маральнымі прынцыпамі. Ян Скрыган – аўтар кніг апавяданняў, аповесцей “Апавяданні” (1956), “Наталля” (1957), “Няпрошаная сляза” (1958), “Скажы адно слова” (1961), “Свая аповесць” (1964), “Кругі” (выбранае, 1969), “Кругі” (аповесць з дасказамі, 1986). Напісаў кнігі ўспамінаў, партрэтаў, нататак і артыкулаў па праблемах літаратурнага майстэрства і культуры мовы “Ранішнія росы” (1965), “Некалькі хвілін чужога жыцця” (1979, 1990). У 1985 г. паэту прысуджана ганаровае званне “Заслужаны работнік культуры Беларусі”. Пераклаў на беларускую мову кнігі і асобныя творы А. Астроўскага, І. Бабеля, М. Горкага, І. Буніна, Ф. Гладкова, К. Федзіна, а таксама ўкраінскіх, літоўскіх, латышскіх, эстонскіх пісьменнікаў. Памёр Я.Скрыган 18 верасня 1992 года.

Сёння архіў Я.Скрыгана ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры складае амаль 170 адзінак захоўвання. Музейныя прадметы паступалі з архіваў сяброў-пісьменнікаў – К.Крапівы, М.Танка, В.Віткі, А.Васілевіч. Асабліва каштоўна, што ў 2016 г. дачка паэта Галіна Іванаўна перадала ў музейныя фонды 39 прадметаў. Сярод іх дакументы, кнігі, рукапісы, асабістыя рэчы.

Ян Скрыган пакінуў пасля сябе значную ва ўсіх сэнсах творчую спадчыну, яна заслугоўвае таго, каб яе чыталі, ведалі і разам з аўтарам думалі над праблемамі жыцця. Гаворку пра непаўторнага чалавека і пісьменніка хочацца закончыць яго ж словамі: “Ой, як хочацца, каб асталося пасля мяне нешта вельмі патрэбнае людзям. Каб перадаць ім тыя святыя адчуванні, якімі поўны да радзімы, да роднага краю, да яе лёсу, да ўсяго таго шчаслівага і светлага, чаго ўжо не ўбачу, але дзеля якога хачу жыць”.

Матэрыял падрыхтавала Скок Ірына,
загадчык аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання фондаў

Close Menu