Новыя паступленні ў фонды Літаратурнага музея Петруся Броўкі
Музеі і іх калекцыі – гэта жывыя арганізмы, якія з цягам часу развіваюцца і папаўняюцца. Не з’яўляюцца выключэннем і фонды Літаратурнага музея Петруся Броўкі. У 2024 годзе ў музейныя калекцыі было прынята 150 прадметаў, якія з’яўляюцца матэрыяльнымі сведкамі жыцця і дзейнасці народнага паэта.
Значную частку новых паступленняў складаюць лісты і паштоўкі Петруся Броўкі і яго жонкі Алены Міхайлаўны, якія яны пісалі адзін аднаму падчас Вялікай Айчыннай вайны. У 1941–1942 гадах П.Броўка працуе ў франтавых газетах “За Савецкую Беларусь” на Бранскім i Заходнім франтах. З верасня 1942 года ён пачаў працаваць у партызанскім друку – у газетах “Партызанская дубінка” і “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Яго сям’я, жонка і сын, была вымушана шукаць прытулак спачатку ў Саратаўскай вобласці, а потым у сваякоў у Алма-Аце (Казахстан), дзе яны і заставаліся да пачатку 1943 года.
Таксама нашыя фонды папоўніліся фотаздымкамі, зробленымі ў Доме творчасці ў Каралішчавічах, дзе пісьменнікі працавалі над сваімі творамі. Прыязджалі сюды звычайна ўвосень і ўзімку, а ўлетку адпачынак сумяшчалі з працай. Распарадак дня звычайна быў такі: раніцай хто вандраваў, а хто адразу садзіўся за работу, пасля абеду чыталі, заводзілі гутаркі ці, пабраўшы кіі, выходзілі на шпацыр у ягады і грыбы. Вечарам запальвалася вогнішча, для якога выкарыстоўваліся смольныя карчы. Кіраваў працэсам Міхась Лынькоў, які часта “працаваў” і карэспандэнтам – многія фотаздымкі каралішчавіцкага часу зрабіў менавіта ён.
Цікавымі для далейшага вывучэння прадстаўляюцца дакументы па судовай справе аб кватэры па адрасе Беларуская, 4 (сучасны адрас Ульянаўская, 29). У лютым 1945 года сям’і Броўкаў выдалі там два пакоі. Хутка прыйшлося аддаць адзін з пакояў былой жыхарке кватэры Л.Таўбес-Вальковіч, потым судовую справу пачаў У.Сватко, які таксама да вайны пражываў у гэтай кватэры. Але, відаць, справа скончылася на карысць паэта, бо сям’я жыла там да 1948 года.
Яшчэ адзін прадмет – гэта машынапіс рускага паэта Міхаіла Ісакоўскага, блізкага сябра Петруся Броўкі, які ў 1969 годзе напісаў жартаўлівы верш “Грустная история”, дзе іранізаваў над тым, што амаль усімі перакладамі вершаў беларускіх паэтаў на рускую мову займаўся ў той час паэт і перакладчык Якаў Хялемскі.