“Ад старонкі да сцэны: спадчына Міколы Матукоўскага ў беларускай культуры”
Віртуальная выстава да 95-годдзя з дня нараджэння Міколы Матукоўскага
У гэтым годзе спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння беларускага драматурга, кінасцэнарыста, публіцыста, журналіста, Заслужанага работніка культуры БССР (1977 г.) – Матукоўскага Мікалая Ягоравіча.
Нарадзіўся будучы пісьменнік 12 верасня 1929 г. у самай звычайнай сялянскай сям’і, у вёсцы Калюціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці. Рос без бацькі: у 1933 г. яго бацьку Ягора Мікалаевіча, намесніка старшыні калгасу, асуджанага па ілжывым даносе, выслалі ў Мурманскую вобласць, адкуль ён не вярнуўся. У 1936 г. сям’я пераехала ў вёску Лабова, дзе сустрэла вайну, акупацыю, перажыла суровыя дні існавання ў партызанскай зоне. У лістападзе 1943 г. праз славутыя Віцебскія вароты Матукоўскія былі эвакуяваныя за лінію фронту ў горад Заходняя Дзвіна. Там чатырнаццацігадовы юнак пачаў працаваць стажорам шафёра мясцовай МТС. У 1945 г. паехаў да брата ў Кішынёў, а ўжо ў 1947 г. вярнуўся ў Беларусь.
У 1950 г. Матукоўскі скончыў Тродавіцкую сярэднюю школу, а потым завочна скончыў факультет журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверстітэта (1956 г.). У гады навучання працаваў загадчыкам аддзела кадраў і аргработы Расонскага райкама камсамола. Аднак менавіта сфера літаратуры стане яго асноўным месцам працы на найбліжэйшыя гады. Шматлікія ўстановы мелі гонар працаваць з такім таленавітым журналістам і літаратурным супрацоўнікам: раённая газета “Сацыялістычная праца”, газета “Звязда” (1952-1960 гг.), літаратурна-драматычнае вяшчанне Беларускага радыё (1960-1964 гг.), рэпертуарна-рэдакцыйная калегія Міністэрства культуры БССР (1964-1966 гг.), газета “Известия” (1970-1993 гг.), газета “Рэспубліка” (1993-1995 гг.), літаратурная частка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (1995-1998 гг.).
Захапленне тэатрам прыйшло вельмі рана, у дзіцячыя гады. Старэйшы брат удзельнічаў у аматарскім спектаклі “Партызаны” паводле драмы Кандрата Крапівы. Малы Мікола дапамагаў брату вучыць ролю, а праз два дні сам напісаў п’есу, якую паставіў на выгане за вёскай.
Творчы шлях пісьменніка пачаўся ў 1952 г. Яго нарысы, фельетоны, вершы публікаваліся ў расонскай раённай, полацкай абласной, а таксама ў рэспубліканскіх газетах. Героямі яго нарысаў сталі славутыя кіраўнікі, Героі Сацыялістычнай Працы У. Бядуля і В. Старавойтаў, пісьменнікі В. Быкаў, І. Мележ і А. Макаёнак, мастак М. Савіцкі, першы сакратар ЦК КПБ П.Машэраў, сотні знакамітых і звычайных людзей. Журналісцкую працу М.Матукоўскі сумяшчаў з літаратурнай дзейнасцю. Пісаў на рускай і беларускай мовах. Ён з’яўляецца аўтарам п’ес “Мужчына, будзь мужчынам!” (1966 г.), “Тры дні і тры ночы” (1967 г.), “Амністыя” (1971 г., аднайменны кінафільм выйшаў у 1982 г.), “Апошняя інстанцыя” (1976 г.), “Наследны прынц” (1976 г.), “Мошенник поневоле” (паводле рамана М. Ларні “Чацвёрты пазванок”, 1978 г.), “Паядынак” (1985 г.), “Мудрамер” (1987 г.). Аўтар зборнікаў “П’есы” (1979 г.) і “Мудрамер” (1989 г.). Напісаў сцэнарый мастацкага кінафільма “Сын старшыні” (1976 г.), тэлефільмаў “Траянскі конь” (1980 г.), “Мудрамер” (1989 г.), а таксама некалькіх сцэнарыяў дакументальных тэле- і кінафільмаў. Выдаў дакументальную аповесць пра Мінскае падполле 1941-1944 гадоў “Мінск” (1982 г.), кнігу публіцыстыкі, эсэ “Чужая беда” (1987 г.).
Безумоўна, М.Я.Матукоўскі ўнёс вялікі ўклад у развіццё савецкай драматургіі. Яго п’есы пастаўлены многімі тэатрамі былога Савецкага Саюза, адзначаны прызамі і ўзнагародамі. У 1977 г. драматургу прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры БССР», у 1984 г. ён атрымаў прэмію Саюза журналістаў СССР.
Памёр драматург у 2001 г. ва ўзросце 72 гадоў.
У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры на сённяшні дзень захоўваецца каля 60 музейных прадметаў, звязаных з жыццём і творчасцю М.Я.Матукоўскага. Большую частку складаюць фотадакументы, якія паступілі ў фонды з асабістых архіваў беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў культуры: Г.Бураўкіна, В.Быкава, Н.Гілевіча, Р.Барадуліна, М.Чаргінца, фатографа Ул.Крука і інш. Нажаль, невялікую колькасць музейных прадметаў змяшчае кніжны фонд. Ён быў сфарміраваны дзякуючы Беларускаму таварыству па сувязям з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма” і асабістаму архіву пісьменніка А.Адамовіча. Саюз пісьменнікаў БССР перадаў у фонды членскі білет на імя пісьменніка, а з архіва М.К.Хайноўскай была перададзена праграма спектакля па творы М.Матукоўскага “Амністыя”. Навукова-дапаможны фонд змяшчае газетныя выразкі з артыкуламі беларускага драматурга.
Матэрыял падрыхтавалі Башкірава А.В. і Лапкоўская А.Д.,
малодшыя навуковыя супрацоўнікі аддзела фондаў