Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Віртуальная выстава “Піліп Пестрак. Насустрач вятрам…”

да 120-годдзя з дня нараджэння пісьменніка

Краіна родная! Вітай зару збаўлення!
Ужо мы прыйшлі з астрожных брам,
Скаваных дум прастор і радасць вызвалення
Нясём сваім затужаным братам.

П.Пестрак. Верш “Заходняй Беларусі”

Піліп Сямёнавіч Пестрак — беларускі паэт, празаік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Нарадзіўся 27 лістапада 1903 г. ў в. Сакоўцы, Слонімскага павета, Гродзенскай губерні (цяпер Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць) у беднай сялянскай сям’і. Бацька Сямён Паўлавіч працаваў на будаўніцтве чыгунцы, маці займалася гаспадаркай.

У часы Першай сусветнай вайны сям’я П. Пестрака апынулася ў бежанстве ў Самарскай губерні ў с. Максімаўка. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі ў 1914-1915 гг. у народным вучылішчы, П.Пестрак працаваў памочнікам бухгалтара ў крэдытным таварыстве с. Максімаўка ў 1916-1917 гг. Вучыўся ў мясцовай павятовай гімназіі ў 1917-1918 гг., зноў працаваў памочнікам бухгалтара. У 1920-1921 вучыўся на сацыяльна-гістарычным факультэце Самарскага ўніверсітэта. У 1921 годзе разам з бацькамі вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. У 1921—1924 гадах працаваў лясніком Косаўскага лясніцтва. У 1924—1926 гадах служыў у Войску Польскім.

У 1926 годзе ўступіў у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі, а з 1927 года быў сакратаром Косаўскага падпольнага райкама КПЗБ. За падпольную дзейнасць арыштаваны польскімі ўладамі ў 1929 годзе і зняволены ў Гродзенскай турме (да 1933). Пасля вызвалення быў інструктарам ЦК КПЗБ па Пінскай акрузе, але ў 1934 годзе зноў арыштаваны, сядзеў у турмах Пінска, Вільні, Гродна. У гродзенскай турме П.Пестрак пазнаёміўся з будучай жонкай Анастасіяй, таксама рэвалюцыянеркай. Калі яго катавалі ў паліцэйскім участку за пераход польска-савецкай мяжы, пашкодзілі слых, а праз некалькі дзён ён згубіў валасы. У турме захварэў на сухоты. Пры гэтым вучыў вязняў матэматыцы, гісторыі, граматыцы, пісаў лекцыі, якія рассылаліся па турме, складаў вершы — занатоўваў іх кавалачкам цэглы на цэментнай падлозе. Меў пры сабе мокрую анучу — каб, калі што, сцерці радкі…

Знаходзячыся ў віленскай турме ў Лукішках, змяшчаў свае вершы ў нелегальным рукапісным часопісе “Краты”. У 1939 г. узначаліў паўстанне зняволеных Гродзенскай турмы. За яго арганізацыю быў прысуджаны да расстрэлу, аднак улады не паспелі прывесці прыгавор да ажыццяўлення. Пасля паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года быў вызвалены савецкімі ўладамі.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1940 года. У 1940—1941 гадах старшыня Беластоцкага аддзялення СП Беларусі. У 1942—1943 гадах удзельнік партызанскага руху. Працаваў начальнікам упраўлення па справах мастацтва пры СНК БССР (1943—1945), у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР (1946—1948), літкансультантам СП БССР (1948—1951).

Першыя спробы пяра П.Пестрака адносяцца да 1923 г. Друкавацца пачаў на старонках часопіса «Родныя гоні» ў 1927 г. Пад псеўданімам Звястун выйшаў верш “Наперад, гэй…”. У 1940 апублікаваў першы зборнік вершаў «На варце». Тэмы рэвалюцыйнай барацьбы за вызваленне, услаўленне мужнасці палітзняволеных, сярод якіх сам паэт правёў 11 гадоў, вера ў лепшае будучае сталі асноўнымі тэмамі ў даваеннай творчасці П.Пестрака.
Ваенныя матывы, змаганне савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вобразы герояў-партызан адлюстраваны ў зборніку вершаў “За сваю айчыну”.Усталяванне савецкай ўлады ў Заходный Беларусі паказана ў кнігах апавяданняў “Першыя ўсходы”, “Неспадзяванак”, “Лясная песня”, “Сярод чаротаў”.

Тэме барацьбы за вызваленне ў Заходняй Беларусі П.Пестрак прысвяціў раман «Сустрэнемся на барыкадах», падзеі ахопліваюць бурлівы перыяд з 1921 па 1939 гг. Раман «Серадзібор» прысвечаны жыццю пасляваеннай калгаснай вёскі. У 1964 за гэты раман атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Я.Коласа. У 1968 г. П.Пестраку прысвоена званне Заслужанага дзеяча культуры БССР.

Перакладаў на беларускую мову творы польскіх (Э. Ажэшка, У. Бранеўскі, С. Дабравольскі, Е. Путрамант), украінскіх (І. Франко, Л. Украінка, М. Рыльскі, П. Тычына), латышскіх, літоўскіх пісьменнікаў. П’еса «Пад зоркамі» (сааўтар А. Струнін) ставілася ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры. На вершы П. Пестрака напісаны песні.

У фондах нашага музея захоўваюцца матэрыялы аб жыцці і творчасці П.Пестрака. Перш за ўсё, гэта тыя прадметы, якія перадала жонка пісьменніка Анастасія Сцяпанаўна з сямейнага архіва ў 1987 г., а таксама прадметы, якія паступілі з архіваў іншых творцаў – гэта фатаграфіі, рэчы і кнігі з аўтографамі. Сёння асабісты фонд пісьменніка налічвае амаль 200 адз. захоўвання.

Матэрыял падрыхтавала Ірына Скок,

загадчык аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання фондаў

Close Menu