Пісьменнік з душою чулай і паэтычнай…
Плывуць маі песьні вершам па лугу
І стрымаць у сэрцы іх я немагу.
Верш гручыць па сэрцы, бье што раз мацней,
Яго бацька – воля, маці – цьвет палей.З.Бядуля “Мой сьпеў”. 1911 г.
23 красавіка спаўняецца 140 год з дня нараджэння Змітрака Бядулі – беларускага паэта, празаіка, публіцыста, мовазнаўцы і перакладчыка. Змітрок Бядуля належыць да кагорты беларускіх пісьменнікаў, якія закладвалі падмурак беларускай літаратуры XX ст. Ён, як і іншыя яго сучаснікі, не згубіўся ў цені сваіх славутых папярэднікаў Я.Купалы, Я.Коласа, хоць і быў абуджаны і закліканы ў літаратуру менавіта іх яркімі мастацкімі постацямі і творамі.
Змітрок Бядуля (сапр. Самуіл Яфімавіч Плаўнік) нарадзіўся ў небагатай яўрэйскай сям’і ў невялічкім мястэчку Пасадзец Вілейскага павета Віленскай губерні: “Праз Пасадзец праходзіў стары тракт на Мінск. Гэта надавала маленькаму мястэчку вялікае ажыўленне”. Сваёй хаты Плаўнікі не мелі і арандавалі зямлю.
Нецілатніца (Натла) — конаўка з дзвюма ручкамі для рытуальнага абмывання рук (нецілат ядаім), якое здзяйсняецца згодна яўрэйскай традыцыі зранку адразу пасля прабуджэння, перад ужываннем хлеба і ў некаторых іншых выпадках. З фондаў ДМГБЛ
Пра сваю сям’ю Бядуля піша так: “Сям’я наша была дружная і працавітая. Дзед быў рамеснікам-меднікам. Заўсёды звінеў аб кавадла дзедаў малаток. Бацька вазіў купецкі лес на рум… Рэдка калі бацька бываў дома.”
Маці была каптурніцай – шыла каптуры для старых сялянак вакольных вёсак. Бабуля тупалася вечна ля печы. Адзіным гультаем у хаце быў я – старэйшы сын у бацькоў і старэйшы ўнук у дзеда і бабулі. Усе яны адносіліся да мяне пяшчотна”.
У Ханы і Хаіма, бацькоў З.Бядулі, было сямёра дзяцей: тры сыны і чатыры дачкі.
Вялікі ўплыў на станаўленне асобы З.Бядулі аказаў яго дзед каваль-меднік. У яго была добрая бібліятэка, таму з самага маленства З.Бядуля цягнуўся да кніжнай навукі:
“У дзедавай бібліятэцы я натрапіў на зборы легенд і казак аб розных святых: “Шывхе баал шэм”, “Ялкут”, “Цэена Ўрэена” і шмат іншых. Кожны раз перад сном я імі зачытваўся. Дзівосная фантастыка аб анёлах, чэрцях, русалках, чараўніках і святых, распісаных у падобных кніжках яркімі фарбамі, палохалі мяне, дзівілі і захаплялі”.
Спачатку будучы пісьменнік навучаўся ў хедары (габрэйскай рэлігійнай пачатковай школе), а потым тры гады ў яўрэйскай духоўнай семінарыі – ешыбоце (школе рабінаў). “Тры гады я плаваў у моры талмудычнай навукі”, – успамінаў З.Бядуля, але вучобу ён не скончыў. Бядуля быў старэйшым сынам, таму бацькі ўскладалі на яго пэўныя спадзяванні і марылі, каб ён стаў рабінам. Хлопец ён быў разумны, спрытны, вельмі любіў чытаць кнігі і прыгожа маляваў. Менавіта ў хедары ў хлопчыка ў 10-гадовым узросце выяўляецца творчы талент і ён піша свае першыя вершы на старжытна-яўрэйскай мове. Спачатку ён навучаўся ў Даўгінаўскім ешыбоце, праз паўгады перавёўся ў Ільянскі ешыбот. “З самага пачатку я прывучаўся ў ешыбоце да самастойнага жыцця. Мыў сабе бялізну кожную пятніцу ў лазні і развешваў на гары сінагогі. Таксама навучыўся латаць падраныя штаны”, – з успамінаў З.Бядулі.
Падчас вучобы студэнт-ешыботнік З.Бядуля дапамагаў малапісьменным мясцовым жыхарам чытаць і пісаць лісты: “Я перабраўся да старой на кватэру…Часта пад яе дыктоўку я пісаў у Амерыку лісты. Пры пісанні я ўжываў усё красамоўства Бібліі. Старая раструбіла аба мне ў дзесяць труб па мястэчку. Ка мне пачалі прыходзіць “амерыканкі” з просьбай пісаць іх мужам у Амерыку. Прыходзілі і нявесты пісаць лісты жаніхам. У мяне пачалася вялікая перапіска”. Падрабязна пра гэта напісана ў главе “Летапісец” аповесці “У дрымучых лясах”.
Умовы для будучых рабінаў былі аскетычныя і вельмі строгія, амаль увесь час студэнты павінны былі вывучаць рэлігійныя талмудыскія тэксты, чытанне іншых твораў было забаронена, за самы нязначны ўчынак, які адхіляўся ад правілаў, навучэнцы атрымлівалі жорсткую вымову ад “машгіях” (інспектара) і ўвогуле маглі страціць сваё месца ў ешыбоце. З.Бядуля не стаў рабінам, бо ў яго абудзілася цяга да паэзіі, ён купіў запісную кніжачку і запоўніў яе вершамі-гімнамі да Мірыям неіснуючай дзяўчыны, якой прысвяціў лірычныя і ўзнёслыя радкі: “Лісты ад нявест да жаніхоў у Амерыку і чытка лістоў ад жаніхоў з Амерыкі накіравалі мяне пісаць вершы на тэму кахання. Кожны дзень – новы верш. Пры стале ў хатцы, калі старая Бейля ўжо спала, я ўпісваў гэтыя вершыкі начыста ў прыгожую запісную кніжачку, якую купіў у краме. Кніжачку я назваў “Мірыям” (на жаль першыя вершы З.Бядулі і яго самадзейны зборнічак да нас не дайшлі). А яшчэ будучы пісьменнік захапіўся рускай літаратурай: чытаў Пушкіна, Лермантава, Гогаля, Някрасава. Лёс З.Бядулі нагадвае лёс яшчэ аднаго знакамітага яўрэйскага паэта Х.Бяліка, які ў свой час пакінуў вучобу ў знакамітым Валожынскім ешыбоце і напісаў паэму “Подвижник”, дзе падрабязна распавёў пра ўсе цяжкасці быцця студэнта-ешыботніка, а Бядуля выклаў свае ўспаміны ў аўтабіяграфічнай аповесці “У дрымучых лясах”. Навучанне ў хедары і ешыбоце, нягледзячы на ўсе цяжкасці, мела вялікае значэнне для будачага пісьменніка. Ён ведаў іўрыт, ідыш, нямецкую, беларускую і рускую мовы.
Пасля таго, як са Змітрака Бядулі не атрымаўся рабін, бацька вельмі хацеў, каб ён стаў бухгалтарам і нават купіў сыну спецыяльны падручнік для навучання. Малады творца яго чытаў, але імкнуўся да самаадукацыі і творчасці, бо лічбы і падлікі не вельмі яго цікавілі. Ён, як старэйшы сын, ужо павінен быў дапамагаць бацькам і малодшым братам, і сёстрам, таму ўладкаваўся на працу хатнім настаўнікам, некалькі гадоў выкладаў агульныя прадметы, потым разам з бацькам працаваў на лесараспрацоўках. Грашовае становішча сям’і Плаўнікаў палепшылася і нарэшце яны пабудавалі сваю хату.
З.Бядуля працягваў актыўна займацца самаадукацыяй: хадзіў па 25 км. у бібліятэку, каб браць і чытаць кнігі. Аднойчы па дарозе Змітрок выпадкова сустрэў чалавека, які распаўсюджваў газету “Наша Ніва”. Бядуля набыў адзін нумар і пачаў дасылаць у рэдакцыю свае творы. Яго першы мастацкі твор на беларускай мове – лірычны абразок “Пяюць начлежнікі” быў апублікаваны ў гэтай газеце з подпісам С.Плаўнік.
Газета “Наша Ніва” № 39, 23.09.1910 г. З фондаў ЛММБ
У студзеньскім нумары газеты “Наша Ніва” за 1911 год быў апублікаваны верш “Мой спеў” ужо пад творчым псеўданімам З.Бядуля.
На думку пісьменніка і даследчыка І.Навуменкі, псеўданім паходзіць з беларускага фальклору, дзе ёсць такі казачны персанаж – дзядок Бядуля, – які ходзіць па свеце, спагадаючы бяздольным, суцяшаючы пакрыўджаных і сірот. Маючы чуллівае сэрца, пісьменнік не мог абысці гэтага героя сваёй увагай. Яшчэ адна версія паходжання псеўданіма
ад слова “бяда”. Пісьменнік заўсёды быў чулы да чужой бяды, дапамагаў людзям.
На старонках “Нашай Нівы” на працягу 1911 года выходзілі наступныя апавяданні Бядулі: “Сон Анупрэя”, “Пяць лыжак заціркі”, “Злодзей”.
У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваюцца нумары газеты “Наша Ніва” з гэтымі публікацыямі.
Разварот газеты “Наша Ніва”з апавяданнем З.Бядулі “Злодзей”. 1911 г. З фондаў ДМГБЛ
Акрамя публікацый на беларускай мове малады пісьменнік друкаваўся на рускай мове ў такіх выданнях, як “На берегах Невы” і “Молодые порывы”.
У канцы 1912 года пачынаецца новы перыяд жыцця З.Бядулі: ён прыязджае ў Вільню, уладковаецца на працу ў выдавецкім таварыстве, потым – сакратаром газеты “Наша Ніва”. Кіраваў рэдакцыяй у той час Я.Купала, які спачатку як рэдактар, а потым і як сябар параіў З.Бядулю аб’яднаць яго раннія тэксты ў зборнік пад унікальнай назвай “Абразкі”, які выйшаў у 1913 г. у Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Зместам яго былі лірычныя імпрэсіі-мініяцюры, якія ў жанравых адносінах набліжаюцца да вершаў у прозе. Характэрная асаблівасць “абразкоў” – рамантычнае ўспрыманне лірычным героем навакольнай рэчаіснасці (роднага краю, беларускай вёскі, яе побыту), некаторыя з іх вызначаюцца асуджэннем сацыяльнай несправядлівасці. Гэтыя “абразкі” нагадваюць мастацкія апавяданні, якія хутка сталі асноўным жанрам дакастрычніцкай творчасці пісьменніка. Сумесная праца ў рэдакцыі, асабліва ў суровыя ваенныя гады, вельмі зблізіла Купалу і Бядулю.
З.Бядуля прыязджаў у родны Пасадзец, будучы сакратаром газеты “Наша Ніва”. І ў гэты час збіралася ўся вясковая моладзь: слухалі яго вершы, апавяданні, спявалі, гулялі. Змітрок Бядуля ўмеў граць на скрыпцы, як яго бацька і сёстры, у іх была вельмі музычная сям’я. “Самуіл любіў прыязджаць дахаты ў маі месяцы, калі ўся прырода была ў поўным росквіце…Для таго каб далучыць да сябе моладзь з суседніх вёсак, пасадзецкая моладзь збіралася на высокай, парослай хвоямі гары, якая была ў канцы вёскі. Распальвалі вогнішчы, і пасадзецкія музыкі распачыналі сваю ігру. Там Бядуля чытаў свае творы. Спявалі песні, і было вельмі весела”, – успамінаў малодшы брат З.Бядулі, Мацвей Плаўнік.
Дарэчы, тэма музыкі заўсёды прысутнічала ў творчасці З.Бядулі: першая публікацыя “Пяюць начлежнікі”, аповесці “Салавей”, “У дрымучых лясах” і інш. Аўтар паказвае месца музыкі і творчасці ў сэрцы простага чалавека. І.Навуменка пісаў, што З.Бядуля першы ў беларускай літаратуры заснаваў, абгрунтаваў імпрэсіянісцкі стыль. Стыль гэты вызначаецца павышанай увагай пісьменніка да гукавой, музычнай і адначасна да жывапіснай, канкрэтнай пластыкі слова. Проза Бядулі ўвабрала ў сябе меладыйны, музычны бок яго паэзіі.
У 1915 г. ва ўмовах ваеннага часу спыняецца дзейнасць газеты “Наша Ніва” і З.Бядуля ненадоўга вяртаецца ў Пасадзец, потым разам з сёстрамі пераязджае ў Мінск і здымае частку дома на вул. Мала-Георгіеўскай (сучасная вул. Талстога). У гэтым доме зараз знаходзіцца экспазіцыя філіяла “Беларуская хатка”, якая распавядае пра мінскі перыяд жыцця і творчасці М.Багдановіча, жыццё і дзейнасць З.Бядулі, беларускі нацыянальны літаратурна-грамадскі рух пачатку ХХ ст.
У 80-х гадах ХХ ст. уратаваны ад зносу дом быў зняты са свайго гістарычнага падмурка і перанесены на вуліцу Рабкораўскую (прыкладна
на сто метраў ад свайго месца). У той жа час распачалася праца па стварэнні экспазіцыі філіяла.
У адным з пакояў гэтай кватэры (з кастрычніка 1916 па люты 1917 гг.) давялося жыць Максіму Багдановічу. Бядуля аддаў яму самы лепшы асобны пакой, а сам займаў зусім нязручны прахадны, дзе пад вакном стаяў просты стол, шырокая сялянская лава, два крэслы. На лаву клаў ён сваю пасцель, якую днём выносіў у каморку пры кухні.
У правай частцы дома кватараваў Змітрок Бядуля з сёстрамі Рэняй і Геняй, яны пражылі тут да канца 1918 г. Пазней Геня выйшла замуж
за беларускага крытыка, літаратуразнаўца і перакладчыка У.Чаржынскага.
З.Бядуля пакінуў свае ўспаміны пра іх сустрэчу з Максімам, сумеснае жыццё, быт і сяброўства: “Пазнаёміўся я з М. Багдановічам увосень 1916 г., калі ён прыехаў з цэнтра Расіі ў беларускі Мінск на працу. Я тады жыў на Мала-Георгіеўскай вуліцы і прапанаваў Максіму перабрацца да мяне на кватэру. Каля шасці месяцаў да самага выезду ў Ялту М. Багдановіч жыў у мяне… Ён страшна захопліваўся тады беларускай народнай творчасцю. Чытаў ён мне тады цэлы цыкл сваіх вершаў на народныя матывы, паміж іншымі і верш “Страцім лебедзь”… З асаблівым смуткам успамінаю я апошнія месяцы сумеснага жыцця з М.Багдановічам, калі ён гарэў на сваім уласным агні, з асаблівай радасцю ўспамінаю знаёмства з ім. Яго светлы вобраз не выходзіць з памяці тых, хто яго блізка знаў”.
Смерць паэта і сябра моцна ўзрушыла З.Бядулю, ён прысвяціў М.Багдановічу верш, пісаў пра яго артыкулы, ліставаўся з яго бацькам А.Я.Багдановічам, тры арыгінальныя лісты захоўваюцца ў фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
Са струнамі ліры і струны душы
Парвалісь…
…Далёка ад роднай мяжы
Пайшоў наш паэт той адвечнай дарогай,
што йдзець аж да Самага Бога.
Бо полымя сэрца паліла – не грэла.
Ў тым полымі сэрца згарэла…“М.Багдановічу” 1918 г. (урывак)
З.Бядуля працаваў ў Мінскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і там сустрэў сваю будучую жонку – Марыю Шыркэс. У 1916 годзе абое – Марыя і Змітрок – прывезлі на вайсковую базу здаваць бялізну для параненых франтавікоў, у Бядулі не атрымлівалася яго хутка скласці, а Марыя дапамагла – так і пазнаёміліся. Наступныя дзесяць гадоў яны не бачыліся, але Марыя, якая працавала медсястрой у паліклініцы, працягвала сачыць за творчасцю выпадковага знаёмага і нават ведала на памяць некаторыя яго вершы. У 1926 годзе выпадкова сустрэліся зноў: да Марыіі прыехала знаёмая, якая павінна была перадаць Бядулю нейкі ліст. Яны разам адшукалі яго месца працы ў Інстытуце беларускай культуры і вось тут Змітрок прапанаваў сустрэцца праз некалькі дзён і пачаўся іх раман. Неўзабаве Марыя і Змітрок ажаніліся, у іх атрымалася вельмі гарманічная пара. Як сведчыў пісьменнік Борыс Мікуліч, жонка выдатна дапаўняла мужа, яе энергічнасць падтрымвала і ўсяляла веру ў трохі няўпэўненага ў сабе Бядулю. У сям’і нарадзіліся двое дзяцей – дачка Зоя і сын Яфім, названы ў гонар бацькі пісьменніка Яфіма (Хаіма) Плаўніка. У.Ф.Луцэвіч у сваіх успамінах пра Бядулю і яго сям’ю пісала так: “Змітрок Бядуля вельмі любіў сваю сям’ю, якая добра ўплывала на яго творчасць. Пісьменнік быў добрым сем’янінам і шчырым другам сваіх дзяцей”.
Выступаў З.Бядуля і як публіцыст, яго артыкулы з’яўляліся на старонках газеты “Наша Ніва”. Ён быў прыхільнікам супрацоўніцтва і добрых адносін паміж яўрэямі і беларусамі, таму раскрываў гэтую тэму праз свае публікацыі. У 1918 годзе Бядуля склаў брашуру “Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі” (папярэдне гэта быў артыкул для газеты “Беларускі шлях”): этнаграфічна-публіцыстычны нарыс, дзе ён апісваў штодзённае жыццё, традыцыі, прафесіі і менталітэт яўрэйскага насельніцтва Беларусі, падкрэсліваючы іх цесную сувязь і суіснаванне з беларусамі. Факсімільнае выданне захоўваецца ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Пісьменнік працягваў раскрываць гэтую тэму ў працах: “Да жыдоўства” (1919) і “На дарозе да сваёй бацькаўшчыны” (1920).
Сярод публіцыстыкі выбітнае месца займае і тэатральная тэма. Бядуля з маладосці захапляўся тэатрам: сачыў за творчасцю І. Буйніцкага, прымаў удзел у вечарынах і імпрэзах.
У 1915 годзе пісьменнік іграе ролю яўрэя Мордкі ў спектаклі “Залёты”.
Па парадзе Я.Купалы Бядуля піша для камароўскай дзятвы (там размяшчалася “Беларуская хатка”) пранікнёную п’есу “Смерць пастушка”, якая была пастаўлена і надта расчуліла гледачоў.
Змітрок Бядуля цікавіўся батлейкай, менавіта ён распавёў пра такі тэатр Максіму Багдановічу і той быў апантаны ідэяй пабудаваць з дрэва сапраўдную батлейку, каб разам са Змітраком і яго сёстрамі вандраваць па Беларусі з батлеечнымі спектаклямі. Сёння батлейка існуе ў двух нашых філіялах: Літаратурным музеі М.Багдановіча і ў музеі “Беларуская хатка”.
Экспазіцыя філіяла “Беларуская хатка”. Фотаархіў ДМГБЛ
У першай палавіне 20-х гадоў Бядуля быў адным з асноўных тэатральных крытыкаў, наведваў спектаклі, пісаў рэцэнзіі. Ён закладвае тэарэтычныя асновы тэатральнай дзейнасці ў самых розных жанрах (“Наш тэатр” 1921; “Беларускі тэатр”, 1922; “Батлейка”, 1922; “Тэатр у правінцыі”, 1923). У адным з сваіх артыкулаў З.Бядуля адзначаў вялікую выхаваўчую мэту тэатра і агромную ролю ў справе адраджэння беларускай культуры: “Толькі адно павінна быць – праўдзівае, шчырае мастацтва. Толькі тады тэатр будзе правадыром мас – і выхаваньне праз тэатр будзе роўнаварта выхаванью праз школу”. (Полымя № 3 (11), 1924). Пісьменнік уважліва вывучаў літаратуру аб прыгонных тэатрах, пазней гэтыя веды яму дапамогуць падчас напісання свайго знакамітага твора “Салавей”.
У 1920-я гады лёс зноў звёў разам Я.Купалу і З.Бядулю. Яны абодва квартаравалі ў доме Румянцава, у тым самым, дзе адбыўся першы з’езд РСДРП. З.Бядуля займаў правую палавіну дома, а Купала – левую. “Бываючы часта ў брата і Янкі Купалы, я пераканаўся, што яны вельмі сябравалі паміж сабой”, – успамінаў малодшы брат З. Бядулі, Мацвей Плаўнік. Увогуле 1920 год аказаўся пераломным у творчай біяграфіі і лёсе З.Бядулі: праца ў газеце “Савецкая Беларусь” да 1926 года, рэдагаванне дзіцячага часопіса “Зоркі”, публікацыі ў штотыднёвым ілюстраваным літаратурна-мастацкім часопісе “Рунь”.
У 1922 г. пабачыў свет паэтычны зборнік “Пад родным небам”, у якім Бядуля выступіў натхнёным песняром роднай зямлі. Гэты зборнік падпісаны яшчэ аднім псеўданімам З.Бядулі – Ясакар.
Дарэчы ў газетах пад гэтым псеўданімам аўтар друкаваў менавіта вершаваныя творы. Ясакар – назва чорнай таполі, калі на яе паглядзець, то дрэва выглядае як страла, што рвецца ў неба. На думку І.Навуменкі, паэзія Бядулі таксама быццам імкнецца ў паднябесныя высі, да незвычайнага, таму і быў абраны такі псеўданім.
Публікацыя верша З.Бядулі “Купальская” ў часопісе “Рунь” № 7-8. 1920 г. З фондаў ДМГБЛ
З.Бядуля ўваходзіў у першую рэдакцыйную калегію часопіса “Полымя” разам з Цішкам Гартным, Міхасём Зарэцкім, Усеваладам Ігнатоўскім, Янкам Купалам, Якубам Коласам, Аляксандрам Сянкевічам і Міхасём Чаротам. На старонках першага нумара часопіса “Полымя”, які выйшаў у снежні 1922 г., быў надрукаваны артыкул Бядулі “Тэатр і выхаванне мас”.
Таксама на старонках часопісаў можно сустрэць і падвойны псеўданім аўтара – З.Бядуля-Ясакар. Такім чынам была падпісана паэма “З сказаў буры і віхораў” у трэцім нумары часопіса “Полымя” за 1924 г.
Гурток беларускай культуры рабфаку БДУ. Трэці рад злева направа: пяты – Максім Гарэцкі, шосты – Цішка Гартны, сёмы – Змітрок Бядуля, дзявяты – Якуб Колас.
1925 г. (копія). З фондаў ДМГБЛ
З’яўляюцца зборнікі “На зачарованых гонях” (1923), “Буралом” (1925), “Паэмы” (1927), “Танзілія” (1927). З 1926 г. пачалася праца ў Інстытуце беларускай культуры, рэдагаванне краязнаўчага часопіса “Наш край”, які выходзіў з 1925 г. па 1930 г. Часопіс асвятляў дзейнасць Цэнтральнага бюро краязнаўства, дзейнасць краязнаўчых таварыстваў і развіццё краязнаўчага руху. Змяшчаліся матэрыялы па біялогіі, заалогіі, батаніцы, геаграфіі, агляды краязнаўчай літаратуры. Важнае значэнне для творчай біяграфіі пісьменніка мела яго паездка на Каўказ (1926), дзе ён прабыў тры месяцы.
Сімвалічна, што праз сто гадоў, у 2025 годзе наша калекцыя “Графіка” папоўнілася ілюстрацыямі да твораў “Дэлегатка”, “Пяць лыжак заціркі”, “Рунь”, “Трактар” аўтарства знакамітага беларускага мастака, графіка Пятра Драчова.
У ліку нямногіх старэйшых пісьменнікаў З.Бядуля быў прыняты ў літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”, на старонках часопіса выйшлі апавяданне “У глушы”, верш “Крылатыя машыны”. У 1926 годзе З.Бядуля перайшоў у літаратурнае аб’яднанне – “Узвышша”.
Часопіс “Маладняк” № 1.1923 г. З фондаў ДМГБЛ
Літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Узвышша”: у 1-м шэрагу злева направа:
Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва,
у 2-м шэрагу: Максім Лужанін, Сяргей Дарожны, Антон Адамовіч,
Тодар Кляшторны, Змітрок Бядуля, Уладзімір Жылка, Васіль Шашалевіч, Пятро Глебка. 1928 г. З фондаў ДМГБЛ
Выбітнае месца ў бібліяграфіі Змітрака Бядулі займае напісаная ў 1927 годзе аповесць “Салавей”. Вобраз галоўнага героя, таленавітага маладога артыста Сымона, які ідзе супраць панства, падае прыклад адважнай барацьбы. У цэнтры аповесці чалавек, які надзелены ад прыроды незвычайнымі здольнасцямі: умее падрабляць галасы звяроў, птушак, чалавечыя галасы, а ў дадзеным выпадку спевы салаўя. На першым плане аповесці – мастацтва. У вобраз “Салаўя” Бядуля ўклаў сваю душу мастака і грамадзяніна, вельмі любіў яго і захапляўся ім. Аповесць перажыла тры перавыданні, друкавалася ў часопісе “Узвышша”, вытрымала выпрабаванне часам і знаходзіцца ў ліку найлепшых здабыткаў беларускай літаратуры.
У фондах музея захоўваюцца выданні розных гадоў.
У 1937 г. выйшаў мастацкі фільм “Салавей” – экранізацыя аднайменнага твора Змітрака Бядулі. Сцэнар фільма пісалі ўдвух: сам Бядуля і пачатковец кінематаграфіст Мікалай Таўбе.
Кадры фільма “Салавей” 1937 г.
З інтэрнэт-крыніц
Праз два гады на сцэне Мінскага тэатра оперы і балета па матывах “Салаўя” быў пастаўлены першы беларускі балет. Гэтая пастаноўка выклікала самы жывы водгук у савецкай прэсе. Апроч шматлікіх нататак з’явіліся і досыць разгорнутыя рэцэнзіі, у тым ліку артыкул у самым аўтарытэтным сур’ёзным перыядычным выданні – часопісе “Савецкая музыка”.
А. Лившиц, “Первый белорусский балет “Соловей” – М.Крошнера”. // Журнал «Советская музыка», 1939, № 11(73), стр. [75-80].
Материал предоставлен электронным архивом журнала «Музыкальная академия» (mus.academy).
Часопіс “Узвышша” друкуе і яшчэ адзін значны твор у біяграфіі аўтара – сацыяльна-псіхалагічны раман у дзвюх кнігах “Язэп Крушынскі”. Гэты твор з’явіўся першай спробай пісьменніка стварыць шырокую эпічную карціну рэчаіснасці, асэнсаваць складаныя сацыяльныя працэсы, якія адбываліся ў беларускай вёсцы ў канцы 20-х гадоў.
Часопіс “Узвышша” № 1. 1931 г. З фондаў ДМГБЛ
У 1935 годзе выйшла аўтабіяграфічная аповесць “Набліжэнне”, дзе аўтар распавядае пра беды і пакуты людзей падчас Першай сусветнай вайны. Адзін асобнік гэтай кнігі ў 1939 годзе З.Бядуля падпісаў і падарыў будучаму народнаму паэту М.Танку: “Дарагому Максіму/ Танку ад шчырага/ сэрца 15/XI-39 подпіс/ Мінск”. Гэта адна з кніг, якая мае дароўны надпіс З. Бядулі і захоўваецца ў калекцыі “Кнігі з аўтографамі” у фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Адным з найбольш значных дасягненняў творчасці З.Бядулі савецкага перыяду можно лічыць аўтабіяграфічную аповесць “У дрымучых лясах”. Яна была надрукавана ў 1939 годзе ў часопісе “Полымя”. Гэтая аповесць малюе жыццё беларускай вёскі і мястэчка ў канцы XIX — пачатку
XX стагоддзя. Гісторыя пра сталенне хлопчыка, яго знаёмства са светам, прыродай і людзьмі. Вачамі З.Бядулі мы бачым роднае мястэчка Пасадзец і яго жыхароў, знаёмімся з яго маці, бабуляй і дзедам, з яго сябрамі. У яркіх карцінах, не пазбаўленых пачуцця гумару, раскрываецца перад намі дзяцінства і юнацкасць яўрэйскага хлопчыка Самуіла, будучага знакамітага пісьменніка.
У 1939 годзе З.Бядуля быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Адным з апошніх завершаных твораў Бядулі з’яўляецца казка “Сярэбраная табакерка”, якая была напісана ў 1940 г. і выйшла ўжо пасля смерці аўтара ў 1953 годзе ў часопісе “Полымя”, асобным выданнем у 1958 г. У аснове сюжэта аповесці матывы народнай казкі пра тое, як дудар-паляшук паланіў смерць, запазычаныя з фальклорных запісаў Аляксандра Сержпутоўскага. З народнай казкі Змітрок Бядуля зрабіў філасофска-павучальную прытчу аб барацьбе дабра і зла, жыцця і смерці.
Змітрок Бядуля займаўся і перакладніцкай працай. Ён перакладаў тэксты знакамітага яўрэйскага пісьменніка Шолам-Алейхама. У 1930 г. выйшла беларускамоўная версія аповесці “Хлопчык Мотка”, у 1939 г. пабачылі свет гумарыстычны зборнік “Запіскі коміваяжора” (апавяданні ў вагоне чыгункі) і “Дзіцячыя апавяданні”.
Варты ўвагі знакаміты “Яўрэйска-беларускі слоўнічак”, які быў выдадзены пад сапраўдным прозвішчам пісьменніка – С. Плаўнік – у суаўтарстве з Нохімам Рубінштэйнам.
З.Бядуля ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры і як дзіцячы пісьменнік. Па ўспамінах сына ён вельмі любіў дзяцей, заўсёды ім з сястрой чытаў казкі, прывозіў падарункі. Уладзіслава Францаўна, удава Я.Купалы, і сябра З.Бядулі ў артыкуле “Маё знаёмства” піша так: “Ён заўсёды з вялікай любоўю адносіўся да дзяцей, назіраў за імі…Я працавала ў той час інспектарам дашкольных устаной і Бядуля хадзіў разам са мной у дзіцячыя дамы. У адным з гэтых дамоў ім быў арганізаваны літаратурны гурток, з якім ён патрымліваў сувязь. Мала хто так глыбока, як Бядуля, ведаў дзіцячую душу і ўмеў пісаць не толькі аб дзецях, але і для дзяцей ”. Цэлы шэраг дзіцячых кніжак напісаў Бядуля: “Качачка-цацачка” (1927, казка), “Вясной” (1928, вершы), “Гаспадарка” (1930, вершы), “Мурашка Палашка” (1939, казка ў вершах), “Люцік” (1940, верш), “Хлопчык з-пад Гродна” (1940, паэма). З.Бядуля быў рэдактарам першага дзіцячага часопіса “Зоркі”, актыўна супрацоўнічаў з дзіцячымі часопісамі “Іскра Ільіча”, “Беларускі піянер”. З.Бядуля разумеў дзіцячую душу, псіхалогію, кола інтарэсаў. Інакшым не мог быць пісьменнік, якога вабяць казкі, таямнічае, неразгаданае, фантастычнае.
Творы З.Бядулі перакладаліся на мовы народаў тагачаснага СССР. У фондах нашага музея захоўваюцца выданні на рускай мове, якія былі падрыхтаваны яўрэйскай пісьменніцай і перакладчыцай Рыўкай Рубінай.
У фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча захоўваюцца кнігі З.Бядулі ў перакладах на кіргізскую і латышскую мовы.
У той час, калі пачалася вайна, Бядуля знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Хойніках, а жонка з дзецьмі была ў Пухавічах. Бядуля вярнуўся ў Мінск і разам з маці пайшоў да Барысава, а там яны селі на цягнік да горада Піжма Горкаўскай вобласці. Пэўны час пісьменнік не ведаў, што з яго сям’ёй, ці жывыя яны, вельмі пакутваў. Ад пісьменніка Ліфшыца Бядуля даведаўся, што жонка з дзецьмі ў Саратаўскай вобласці. Бядуля з маці паехалі да іх, а калі пачалі бамбіць і гэтае месца, то ўсе разам выдвінуліся ва Уральск (Казахстан).
У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваюцца лісты З.Бядулі да родных падчас эвакуацыі. Адзін з апошніх лістоў З.Бядулі да сястры Яўгеніі (Гене) Чаржынскай у Казань пачынаўся так: “Дорогая Геня! Привет Владеку, Ронечке и всем нашим – извини, что до сих пор не писал. Мы все живы и здоровы. На днях выезжаем в Среднюю Азию. Возможно, в Алма-Ату. Как только приедем, напишу тебе письмо… 28.X.1941 г.”.
Амаль праз тыдзень сэрца знакамітага беларускага пісьменніка спынілася назаўжды, да Алма-Аты ён так і не даехаў. Яму было 54 гады. Змітрок Бядуля памёр 3 лістапада 1941 года ў эвакуацыі каля горада Уральска, дзе быў пахаваны на гарадскіх могілках.
У 2020 годзе прах Змітрака Бядулі вярнулі на радзіму і перапахавалі на Усходніх могілках у Мінску. У тым жа годзе Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры пачаў збор сродкаў на помнік і абвясціў конкурс сярод беларускіх скульптараў, па выніках якога перамог праект помніка скульптара Сяргея Гумілеўскага. 3 лістапада 2025 года на Усходніх могілках адбылося адкрыццё надмагільнага помніка класіку беларускай літаратуры Змітраку Бядулю.
І сёння працягваецца праца па збору прадметаў звязаных з жыццём і творчасцю З.Бядулі. Напрыканцы 2025 г. кніжны фонд Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры папоўніўся новымі музейнымі прадметамі. Сярод паступленняў – кніга даследчыка Л.Зубарава “З.Бядуля – белорусский еврей”, якую падарыла музею Мінскае грамадскае аб’яднанне яўрэйскай культуры.
Змітрок Бядуля даўно стаў хрэстаматыйным пісьменнікам. Яго зоркае вока, чулае сэрца, прыродны талент адкрылі такія творчыя далі і глыбіні, якія толькі можа адкрыць вялікі і непаўторны мастак. Яго талент шырокі і разнастайны. Змітрок Бядуля верыў, што слова здольна вылечваць, і сёння яго проза гучыць, як несуцішная песня салаўя, у якой захавана ўся прыгажосць і несмяротная душа роднага краю.
Ю.Крупянкоў. “Да святла” 2020 г. З асабістай калекцыі мастака
Матэрыял падрыхтавала Таццяна Васільева,
вядучы навуковы супрацоўнік аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання фондаў