2015-06-23 - 01:30 PM
Бібліятэка ліцэя № 3, вул. Халмагорская,63
(017) 334-56-21
…Без гледача, без узаемаабмену з ім няма тэатра.
Глядач — абавязковы складальнік гэтага працэсу.
А.Дудараў
23 чэрвеня 2015 г. у 13:30 ў бібліятэцы ДУА “Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 3 машынабудавання” Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры праводзіць сустрэчу з вядомым беларускім пісьменнікам, драматургам Аляксеем Дударавым. Сустрэча адбудзецца ў рамках святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аляксей Дудараў у сваіх творах выказаў непадобны да традыцыйнага погляд на вайну. Ён зрабіў спробу пазбегнуць напрацаваных крытэрыяў у ацэнцы ваеннага мінулага. Паказаў, што вайна не спрыяе і не можа спрыяць духоўнаму ўздыму чалавека, яна нявечыць, дэфармуе здаровыя людскія якасці, вымушае чалавека высільвацца, збядняе яго асобу. Гэтая балючая праблема знайшла развіццё ў п’есе “Радавыя” (1984).
Аляксей Ануфрыевіч Дудараў нарадзіўся ў 1950 годзе ў вёсцы Кляны Дубровенскага раёна на Віцебшчыне. Пасля школы вучыўся ў Наваполацкім ПТВ нафтавікоў, служыў у войску, два гады працаваў на заводзе. У 1972 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, які скончыў у 1976 годзе па спецыяльнасці “акцёр драмы і кіно”. Працаваў у Тэатры юнага гледача. У гэты час пачаў актыўна займацца літаратурнай дзейнасцю: пісаў апавяданні, казкі, п’есы. У 1979 годзе выйшаў зборнік прозы “Святая птушка”. У Беларусі і за яе межамі ў шэрагу тэатраў пачалі ставіцца п’есы “Парог”, “Вечар”, “Радавыя”, яны збіралі вялікую аўдыторыю, выклікалі ўвагу крытыкі, спрэчкі ў друку.
Арыентацыя на этычны пошук, на сцвярджэнне занядбаных духоўных каштоўнасцей і на сёння застаецца звышмэтай творцы. Драматург знайшоў героя, дзейсную асобу, якая канцэнтруе ў сабе стваральныя, пазітыўныя якасці. Гэта персанаж, чыя духоўная энергія скіравана не на “раскіданне”, а на “збіранне” камянёў. Аляксей Дудараў звяртаецца да значных, векапомных і адначасова драматычных эпізодаў нацыянальнай гісторыі, да жыццяпісу яе выбітных дзеячаў. Шырока вядомыя сёння трагедыя “Князь Вітаўт” (1994), драмы “Палачанка” (1998), “Чорная панна Нясвіжа” (1999), “Крыж” (2000), прысвечаныя дзяячкам беларускай гісторыі і культуры — Рагнедзе, Барбары Радзівіл, Еўфрасінні Полацкай. У творах пра мінулае драматург у межах гістарычнага кантэксту выпрабоўвае свае творчыя магчымасці, шукае яркія характары, паказвае моцныя пачуцці, стварае эфектнае тэатральнае відовішча. На спектаклі, створаныя па п’есах Аляксея Дударава, складана трапіць. Аўтар запатрабаваны і за межамі нашай краіны.
У адным з інтэрв’ю Аляксей Ануфрыевіч, здаецца, раскрыў сакрэт свайго творчага поспеху і запатрабаванасці: “Сапраўдны майстар і творца можа расказаць так, каб яго зразумеў просты чалавек, абсалютна пра ўсё. І няма забароненых тэм. І паказаць на сцэне можна ўсё. Але пры гэтым трэба паважаць чалавека. А калі ты чалавека ў вялікім сэнсе гэтага слова не паважаеш, табе наогул мастацтвам займацца нельга. Тады табе трэба нешта іншае. Хаця, відаць, паважаць чалавека трэба, займаючыся і любой іншай справай”.
Месца правядзення: Бібліятэка ліцэя № 3 (вул. Халмагорская,63).