12 сакавіка 2024 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры пачала працу часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Жменя сонечных промняў”, прысвечаная паэтам-юбілярам 2024 года.
Выстава прадставіць творчасць сямі выбітных пісьменнікаў, чые юбілеі адзначаюцца ў бягучым годзе: Івана Чыгрынава – 90 год, Артура Вольскага – 100 год, Алеся Савіцкага – 100 год, Аркадзя Куляшова – 110 год, Максіма Лужаніна – 115 год, Алеся Якімовіча – 120 год, Міхася Лынькова – 125 год.
Цэнтральным вобразам экспазіцыі “Жменя сонечных промняў” выступае сонца, прамяні якога сімвалізуюць жыццёвыя шляхі мастакоў слова, асветленыя радасцю іх пісьменніцкай творчасці. Нібы сонечныя прамяні, разыходзячыся ў розныя бакі, іх творчасць мае агульны пачатак і грунт – любоў да жыцця, талент, натхненне.
На экспазіцыі можна будзе пабачыць асабістыя рэчы, прадметы адзення, аксесуары згаданых пісьменнікаў, фотаздымкі, экслібрысы, кнігі з аўтографамі, пазнаёміцца з іх аўтабіяграфіямі, лістамі, рукапісамі, дакументамі і інш.
У адкрыцці выставы возьме ўдзел Народны літаратурны тэатр “Жывое слова”.
Выстава працягне сваё экспанаванне да 31 снежня 2024 года. Будзе цікава вучнёўскай моладзі, педагогам, навукоўцам і ўсім аматарам беларускай літаратуры і гісторыі.
Тэл. для даведак і запісу на экскурсіі: +375 17 363 56 21.