23 верасня спаўняецца 100 год са дня нараджэння паэта Артура Вольскага. Артур Вольскі – любімы аўтар шматлікіх пакаленняў беларускай дзетвары. Адзін са стваральнікаў першага часопіса для малят «Вясёлка». Дэбютаваў у паэзіі зборнікам вандроўных, шмат у чым аўтабіяграфічных вершаў «Водбліскі далёкіх маякоў». Перакладчык, аўтар падручніка беларускай мовы «Беларусачка».
У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе выстава «Жменя сонечных промняў», прысвечаная сёлетнім юбілярам. Экспазіцыя знаёміць з творчасцю сямі выбітных пісьменнікаў: Івана Чыгрынава, Артура Вольскага, Алеся Савіцкага, Аркадзя Куляшова, Максіма Лужаніна, Алеся Якімовіча, Міхася Лынькова.
Тут вы зможаце пабачыць асабістыя рэчы, прадметы адзення, аксесуары пісьменнікаў, фотаздымкі, экслібрысы, кнігі з аўтографамі, пазнаёміцца з іх аўтабіяграфіямі, лістамі, рукапісамі, дакументамі.
З нагоды стогадовага юбілею Артура Вольскага 25 верасня запрашаем на куратарскую экскурсію Валянціны Кароткінай.
Пачатак: 18:30.
Кошт: 10 руб.
Усіх сардэчна запрашаем!
Тэлефон для даведак: +375 17 363 56 21.
Адрас: вул. М. Багдановіча, 13.