Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Запрашаем хлопчыкаў і дзяўчынак!

Канікулы – традыцыйны час, каб пазнавальна, цікава, весела і займальна правесці свой час у Літаратурным музеі. Падчас восеньскіх канікул, з 28 кастрычніка па 2 лістапада, запрашаем хлопчыкаў і дзяўчынак наведаць музей і далучыцца да музейна-педагагічных заняткаў, якія пазнаёмяць з этнаграфічнымі прадметамі, казкамі, музеямі, беларускімі традыцыямі і пісьменнікамі.

Занятак “Знаёмся, я – музей!” дасць магчымасць паглыбіцца ў асяродак музейнай культуры, пазнаёміць з правіламі паводзін у музеі, некаторымі тэрмінамі і прафесіямі. Занятак падрыхтуе школьнікаў да наведвання музеяў, а таксама навучыць беражліваму стаўленню да музейных экспанатаў.

Занятак Як хлеб да нас на стол прыйшоў пройдзе ў форме казкі-гульні, заснаванай на народнай казцы “Лёгкі хлеб”. Юныя ўдзельнікі ўзгадаюць сюжэт і герояў казкі, пазнаёмяцца з земляробчым побытам і сельскагаспадарчымі прыладамі працы беларусаў, складаным і крапатлівым працэсам вырабу хлеба. Падчас занятка ладзяцца вясёлыя спаборніцтвы-эстафеты. Набытыя веды ўдзельнікаў правяраюцца з дапамогай этнаграфічных загадак.

Занятак “Нізка беларускіх казак” у займальнай форме пазнаёміць наведвальнікаў з дзівосным светам беларускіх народных казак. Удзельнікаў чакаюць незабыўныя сустрэчы з цікавымі героямі ды міфічнымі істотамі, а таксама мудрагелістыя заданні, праз якія будзе пралягаць шлях да фініша.

Занятак “Фэсцік. Гулянне ў народным стылі” перанясе наведвальніка ў прастору старажытнага беларускага фэста – свята ў традыцыйным стылі з вясёлымі гульнямі і цікавымі конкурсамі. Удзельнікі пачуюць, як гучаць розныя музычныя інструменты: бубен, дудка, цымбалы, клякотка, трашчотка; даведаюцца з якой нагоды і кім яны выкарыстоўваліся. Паспрабуюць свае здольнасці ў ролі збіральнікаў ільна (гульня “Садзі лянок”), а таксама папрактыкуюцца ў выкананні народных танцаў (флэшмоб “Маразуля”).

Занятак “Азбука гарадоў” дасць магчымасць даведацца аб творчасці беларускіх дзіцячых пісьменнікаў і пазнаёміць наведвальнікаў з іх апавяданнямі і казкамі. Разам накіруюцца ў “падарожжа” па гарадах Беларусі і даведаюцца пра новыя і незвычайныя факты пра іх. Занятак створаны па кнізе Уладзіміра Ліпскага “Я тут жыву”. 

Занятак “Загадкі дзеда Кандрата” – мовазнаўчая гульня па кнізе Кандрата Крапівы “Загадкі дзеда Кандрата”. Напачатку наведвальнікі даведаюцца пра цікавыя таямніцы з жыцця пісьменніка, а пасля іх чакае пазнавальная гульня. Удзельнікі знаёмяцца са словамі амонімамі, вывучаюць новыя азначэнні ўжо знаёмых слоў, самі ствараюць свае гісторыі.

Інтэрактыўная музейная праграма “Капітан далёкіх вандровак”. Захапляльная літаратуразнаўчая і краязнаўчая інтэрактыўная праграма па прыгодніцкіх кнігах Янкі Маўра. Падчас каманднай гульні ўдзельнікам трэба разгадваць таямніцы жыцця на далёкіх астравах і пераадольваць яго цяжкасці. Раз гульня супольная, то для таго, каб не прайграць усёй камандай, вам трэба будзе сумесна працаваць над агульным прагрэсам, раіцца і змагацца за лідэрства. Асабістай перамогі тут быць не можа!

Квэст “Таямніцы экспазіцый” у займальнай форме ўдзельнікі ўспрымаюць інфармацыю праз экспанаты (якія захоўваюцца ў вітрынах), становячыся актыўнымі “даследчыкамі” музейнай прасторы. Таксама наведвальнікі даведаюцца шмат новага пра беларускую літаратуру ХХ – пачатку ХХI ст.

Папярэдні запіс абавязковы.

Чакаем вас у Літаратурным музеі!

Кошт уваходнага квітка: 3,50-8,00 руб.

Тэлефон для запісу: +375 17 363 56 21.

Адрас: вул. М. Багдановіча, 13.

Close Menu