Кветкі асеннія, родныя, бледныя!
Выраслі вы, каб ураз жа і згінуць.
Можа, таму-то душа надарваная
Гэтак любоўна вянок з вас сплятае.
Максім Багдановіч
Лёгкімі крокамі да нас набліжаецца восень, калі наваколле пакрысе змяняецца, дрэвы афарбоўваюцца ў цёплыя колеры, а паветра пранізваецца таненькімі павуцінкамі. Прыходзіць пара шчымлівага натхнення – калі хочацца хаця б на імгненне працягнуць гэтую знікомую прыгажосць, зафіксаваць яе фотаздымкам, словам альбо мастацкай работай.
Запрашаем наведаць аўтарскую выстаўку Сяргея Пісарэнкі “Па паверхні вады, па краі восені” і глянуць на восень вачамі гэтага выдатнага творцы. Мастак працуе ў розных жанрах, натхненне шукае і знаходзіць у самых розных сферах, але яго творчай ментальнасці найбольш блізкія пейзаж і нацюрморт, любімая тэхніка – акварэль.
Сяргей Пісарэнка захоўвае акварэльныя бачанне і падыход, нават працуючы алейнымі фарбамі па палатне. Ён паказвае свет нібы праз празрыстую смугу, праз каляровую дымку, якая надае выявам казачнасць і таямнічасць. Чэрпаючы натхненне з навакольнага асяроддзя, знаходзіць баланс паміж марай і рэальнасцю. Мастацкія працы здаюцца лёгкімі, тонкімі, амаль бязважкімі, але далікатнымі і надзвычай глыбокімі.
Урачыстае адкрыццё – 12 верасня 2024 года, а 17-й гадзіне.
Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а (Літаратурны музей Максіма Багдановіча).
Тэл.: +375 (17) 363 07 61, +375 (17) 355 22 95.