24 красавіка 2024 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрываецца часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Казкі Кніжнай Феі”, прымеркаваная да 45-годдзя беларускай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Час адкрыцця – 16:30.
Кацярына Хадасевіч-Лісавая – вядомая сучасная пісьменніца, якая надзвычай актыўна і плённа працуе ў галіне дзіцячай казачнай прозы. Адна за адной прыходзяць да юнага чытача яе кнігі, такія як “Падарожжы ў чароўны лес” (2008), “Касмічная адысея хлопчыка Стасіка” (2012), “Казкі сіняй падушкі” (2013), “Зорка нябесная. Зорка зямная” (2020), “Палёт на Вухуцію” (2020), “Таямніца зачараванага балота” (2021), “Прыгоды лісачкі Красуні” (2021), “Падарунак караля” (2024), “Вухуцік і яго таямніца” (2024) і інш. Кніга-квэст “Ключ ад Вялікай Каштоўнасці” ў 2020 годзе была адзначана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй як “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”.
Асноўную творчую мэту пісьменніцы можна апісаць як жаданне зазірнуць у сусвет дзіцячай душы з усімі яе фантастычнымі марамі і нястрыманымі фантазіямі, ператварыўшы космас асобнага дзіцяці ў маштабны і планетарны. Пры гэтым аўтар імкнецца не проста пацешыць чытачоў сваімі казкамі, але і закласці ў іх свядомасць такія агульначалавечыя каштоўнасці, як дабрыня, міласэрнасць, шчырасць, узаемадапамога, здольнасць шанаваць сваё, берагчы сяброўства, дараваць крыўды, разумець гумар, шукаць выйсце са складаных сітуацый, верыць у лепшае…
У сваіх творах Кацярына шмат звяртаецца да беларускага фальклору, уплятаючы ў аповедную канву вобразы міфічных істотаў. Па-майстэрску выбудоўвае аўтар містычную прастору беларускіх балот, вабіць маленькіх чытачоў таямнічымі краявідамі фантастычных планет і чароўных персанажаў.
Сёння пісьменніцу-фею і яе славутых герояў Вухуціка, Падабайку, лісачку Красуню ведаюць і любяць беларускія школьнікі. Кацярына шмат робіць для папулярызацыі сваіх твораў – часта ездзіць па гарадах і мястэчках краіны, выступае ў бібліятэках і школах. Так яна можа аператыўна адчуць зваротную рэакцыю на свае творы, натхніцца на новыя творчыя крокі і, вядома, пашырыць кола сваіх юных прыхільнікаў. У сваю чаргу, для хлопчыкаў і дзяўчынак сустрэчы з жывой пісьменніцай ператвараюцца ў сапраўдную казку: творца прадстае перад дзецьмі ў вобразе Кніжнай Феі, якая адкрывае ім браму ў чароўны Кніжны свет.
Выстава “Казкі Кніжнай Феі” – спроба своеасаблівай справаздачы, мастацкага падсумавання набыткаў літаратурнай дзейнасці Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з яе літаратурным сусветам, прадстаўленым у выглядзе планет. Вандруючы ад планеты да планеты, можна даведацца пра дзяцінства і юнацкія гады пісьменніцы, пра сакрэты творчага працэсу і сямейную падтрымку, пра фотасесіі і сустрэчы з чатачамі. Асобная планета прысвечана Вухуціку – самаму пазнавальнаму, “брэндаваму” герой казак Кацярыны Хадасевіч-Лісавой.
Запрашаем юных наведвальнікаў – разам з бацькамі і настаўнікамі!
Выстава працуе па 30 чэрвеня 2024 года.
Даведкі: +375 17 395 44 47.