Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Выстаўка мастацкіх работ Віктара Данілава

14 кастрычніка а 18-й гадзіне Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае вас на адкрыццё выставы мастацкіх работ Віктара Данілава.

Віктар Данілаў – вядомы беларускі мастак і педагог. Для яго Беларусь стала другой радзімай, каб спазнаць і зразумець яе, Віктар Мікалаевіч ажыццявіў шмат падарожжаў. Убачанае ў Заслаўі,  Ракуцёўшчыне ўвасобілася ў далікатныя акварэлі і жывапісныя працы. Не проста ўбачанае, а прапушчанае праз сябе, праз свае веды, эмоцыі і пачуцці.

Архітэктурны пейзаж – любімы жанр мастака В. Данілава, тут знітоўваюцца гісторыя, архітэктура і прырода. Побач са старажытнымі храмамі можам убачыць сучасны гарадскі дворык альбо ціхую сельскую вулачку, знайсці душэўны спакой ці натхненне для творчасці. Многія працы, прадстаўленыя ў выставе, паказваюць Беларусь з вышыні птушынага лёту. І гэта не проста пейзаж з высокім гарызонтам, а значна большае – жаданне падняць гледача над зямлёю, над будзённасцю, паказаць яму “красу, і светласць, і прастор”.

Данілаў Віктар Мікалаевіч – мастак-педагог, графік, акварэліст, жывапісец. Член Беларускага саюза мастакоў (2024), член Еўразійскага мастацкага саюза, член Міжнароднай гільдыі жывапісцаў. У мастацкіх выстаўках удзельнічае з 1968 г.

Нарадзіўся 15 жніўня 1946 года ў г. Сучан Прыморскага краю (Расія). У 1970 г. скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава. Вучыўся ў педагогаў І.Сталярова і Г.Клікушына.

У 1975–1978 гг. працаваў загадчыкам кабінета выяўленчага мастацтва Мінскага гарадскога інстытута ўдасканалення настаўнікаў, кіраваў студыяй мастакоў-педагогаў у Доме настаўніка ў Мінску. З 1978 года выкладае на факультэце пачатковай адукацыі БДПУ імя М. Танка.

Персанальныя выстаўкі праходзілі ў Беларусі (Мінск, Віцебск, Нясвіж, Заслаўе і інш.) і за яе межамі. Мастацкія работы Віктара Данілава знаходзяцца ў калекцыях музеяў Мінска, Віцебска, Оршы, Ліды, Маладзечна, Заслаўя, Нясвіжа, Самарканда, Пскова, а таксама ў прыватных калекцыях Расіі, Англіі, ЗША, Ізраіля, Польшчы, Германіі, Італіі і іншых краін.

Выстаўка “З любоўю да Радзімы” працуе з 14 кастрычніка па 30 лістапада 2026 года. Уваход на прэзентацыю вольны.

Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а.

Даведкі па тэлефонах: +375 17 363 07 61, +375 17 355 22 95.

Close Menu