Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

“Восень у Завоссі” зноў сабрала аматараў літаратуры і музыкі

Штогод у Баранавіцкім раёне, на радзіме нашага славутага паэта-песняра Адама Міцкевіча, ладзіцца літаратурна-музычны фестываль “Восень у Завоссі”. Гэты год не стаў выключэннем, і 21 верасня ў Музей-сядзібу Міцкевічаў “Завоссе” зноў з’ехаліся госці з Баранавіцкай зямлі і суседніх раёнаў, а таксама жыхары Мінска, Брэста, Гродна і іншых гарадоў.

Надзвычай цікавай, насычанай і разнастайнай атрымалася сёлетняя праграма фестывалю. Арганізатары – Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Баранавіцкі райвыканкам – запрасілі да удзелу мноства вядомых і таленавітых людзей і калектываў, стварылі для наведвальнікаў дзясяткі кропак самых розных актыўнасцей.

Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося з удзелам намесніка старшыні Баранавіцкага райвыканкама Міхаіла Барысевіча, дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргея Усіка, а таксама замежнага госця – дырэктара Дзяржаўнага музея-запаведніка «Астаф’ева»–«Рускі Парнас» (г. Масква) Юрыя Яўцюхіна.

Пасля падвядзення вынікаў творчага конкурсу “Там пакінуў я душы часціцу…” на сцэне разгарнулася літаратурна-музычная праграма. Гучала шмат прыгожых і мілагучных песень пра Беларусь у выкананні творчых калектываў Баранавіцкага раёна, чыталі свае вершы выдомыя і пачынаючыя паэты. Маладая публіка горача вітала на сцэне беларускага музыку і блогера Ілью Шынкарэнку. Яркім гучаннем народных і аўтарскіх песень уразіў гледачоў народны фальклорны ансамбль “Сарматы”.

Тым часам наведвальнікі масава гуртаваліся і на іншых лакацыях сядзібы. Напрыклад, атрымлівалі асалоду ад непаўторнай музычна-спеўнай спадчыны міцкевічавай пары. Шмат гледачоў сабрала музычная праграма “Легенда Пана Тадэвуша” ў выкананні Святлены Немагай, Галіны Сакольнік і Таісіі Халамавай. Многіх прывабілі спевы Аляксея Жбанава і медытатыўнае гучанне музычных інструментаў капэлі Алеся Лася. У выкананні спявачак Студэнцкага этнаграфічнага таварыства прагучала спеўная праграма “Хадзіў раёк”.

У сядзібным доме можна было паўдзельнічаць ў цікавых гутарках, прысвечаных Адаму Міцкевічу. Тут шчыльным колам збіралі вакол сябе слухачоў знаныя, таленавітыя лектары – філосаф Ігар Бабкоў і даследчык Зміцер Юркевіч.

Сярод аматараў відовішчаў была папулярнай пляцоўка гістарычнай анімацыі. Дарослыя і малыя з захапленнем назіралі за шабельнымі баямі “феадалаў”, самі вучыліся валодаць мячом, знаёміліся са шляхецкімі гульнямі і слухалі расповяды пра штодзённае жыццё-быццё нашых продкаў.

На “Бібліятэчным падворку”, арганізаваным Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Яна Чачота, частавалі духмянай гарбатай і забаўлялі гасцей шматлікімі гульнімі, квэстамі, інтэрактывамі. На імправізаванай сцэне выступалі паэтычныя клубы і літаб’яднанні Баранавіцкага, Ляхавіцкага, Пінскага, Лунінецкага, Ганцавіцкага раёнаў, спявалі народныя вакальныя ансамблі.

Падчас свята праводзіліся экскурсіі, квэсты і квізы па асноўнай экспазіцыі музея. Сваю пляцоўку з фотазонай і майстар-класамі прэзентаваў Дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку. Адной з цікавостак свята стала літаратурна-дакументальная выстава “Пушкін, Вяземскі і Міцкевіч на “Рускім Парнасе”, прадстаўленая Дзяржаўным музеем-запаведнікам «Астаф’ева» – «Рускі Парнас».

На творчых майстар-класах можна было павучыцца старадаўнім танцам, зрабіць памятную манету, казачную птушку, сувенірны магніт або веер.

Цяжка і пералічыць усё, што дзеелася ў Завоссі гэтым сонечным днём, адметным сваёй асаблівай цеплынёй і ўзнёслай атмасферай. Кожны быў натхнёны агульным святочным настроем, агорнуты думкамі пра радзіму і творчаць, пра адвечныя каштоўнасці і культурныя здабыткі нашай роднай зямлі.

Close Menu