25 студзеня 2024 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца адкрыццё часовай літаратурна-дакументальна-мастацкай экспазіцыі, прысвечанай народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Уладзіміравічу Быкаву і прымеркаванай да 100-годдзя з дня яго нараджэння.
Пачатак – а 17-й гадзіне.
Творчасць Васіля Быкава заўсёды прыцягвала ўвагу аматараў літаратуры. Але не шмат хто ведае, што сусветна вядомы літаратар спрабаваў сябе і ў выяўленчым мастацтве. Пра гэту старонку яго творчай біяграфіі пры яго жыцці ведалі толькі родныя ды блізкія сябры. Выяўленчая спадчына Васіля Быкава налічвае сотні адзінак, але і па сёння застаецца ў поўнай меры не вядомай і не папулярызаванай сярод прыхільнікаў яго таленту.
Цікава, што ў юнацтве Васіль Быкаў хацеў стаць прафесійным мастаком і нават навучаўся на жывапісным аддзяленні Віцебскага мастацкага вучылішча. Аднак, з-за адсутнасці сродкаў, вучобу давялося спыніць.
У хуткім часе Васіль Быкаў зноў прыехаў у Віцебск, але цяпер вучыўся ў фабрычна-завадской вучэльні. «Сумаваў па мастацтве, у вольны час бегаў у музеі, – прызнаваўся ён праз шмат гадоў. – Часам увечары падыходзіў да мастацкага вучылішча, заглядваў у нізкія вокны скульптурнага класа, узіраўся ў знаёмыя твары шчасліўчыкаў. Але не зайшоў ні разу». «Было сорамна і балюча…» – напіша ён ва ўспамінах.
Аднак улюбёны занятак Быкаў не кінуў: маляваў нават на фронце. А пасля дэмабілізацыі патрапіў у Гродна, дзе працаваў у мастацкіх майстэрнях.
На выставе будзе прадстаўлена больш за 70 графічных і жывапісных работ Васіля Быкава. Кожная з іх па-мастацку, дакладна і яскрава распавядзе пра пэўную падзею ці здарэнне з жыцця нашага выбітнага земляка. Краявіды, хаткі, падворкі з часоў дзяцінства, успаміны аб вайне, выпадкі з жыцця, самаіранічныя замалёўкі, засваенне аўтамабільнай справы, будаўніцтва дачы ў Ждановічах – шмат каштоўных “абрысаў і ліній” зафіксавалі аловак і пэндзаль Васіля Уладзіміравіча.
Акрамя таго, увазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены фотаздымкі, кнігі, рукапісы, лісты, дакументы, асабістыя рэчы, прадметы адзення і аксесуары Васіля Быкава з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Экспазіцыйныя матэрыялы раскрыюць наступныя тэмы: “Дзяцінства”, “Ваенныя ўспаміны”, “Творы Быкава ў іншых відах мастацтва”, “Жыццё і творчасць пад мірным небам”.
Тэл.: +375 (17) 395 44 47.
Куратар выставы – старшы навуковы супрацоўнік, куратар філіяла “Музей-дача Васіля Быкава” Ірына Расціславаўна Князева.