Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Услед за дудкай Багушэвіча: як прайшоў “Кушлянскі фэст-2026”

22 жніўня 2026 года ў Музеі-сядзібе Францішка Багушэвіча «Кушляны» прайшоў традыцыйны «Кушлянскі фэст» – літаратурна-музычнае свята, якое сёлета было прысвечана 135-годдзю выдання першай кнігі паэта «Дудка беларуская».

Нягледзячы на не самае ласкавае надвор’е, свята адбылося і сабрала гасцей, якія не спалохаліся стыхіі. На працягу дня Кушляны поўніліся музыкай, вершамі, размовамі, танцамі і творчымі заняткамі.

Адкрыццё свята працягнулася літаратурнай дзеяй «Код Багушэвіча», якая прапанавала па-новаму паглядзець на асобу і спадчыну паэта. Зміцер Мурашка і Кася Радзівілава пазнаёмілі гасцей з гучаннем беларускіх традыцыйных інструментаў, а гурт «Горынь» стварыў асаблівую атмасферу жніўнага свята. Завяршыла музычную праграму выступленне музыкі і спевака Ільі Шынкарэнкі.

Жывая музыка натуральна перайшла ў танец: госці свята асвойвалі беларускія традыцыйныя рухі падчас танцавальнага майстар-класа.

На розных пляцоўках фэсту можна было паслухаць расповеды і лекцыі пра гісторыю і культуру Беларусі, даведацца больш пра радавод Багушэвічаў, народную музыку і беларускія песні, сустрэцца з даследчыкамі і сучаснымі паэтамі. На паэтычнай пляцоўцы «Жыццё – вандроўка на чоўне па моры» свае творы прадстаўлялі беларускія літаратары.

Для маленькіх і дарослых наведвальнікаў працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, майстар-класы і гульні. Госці маглі стварыць сувенірную паштоўку ў тэхніцы скрапбукінгу, паспрабаваць сябе ў каліграфіі, размаляваць гіпсавую фігурку, згуляць у «Дудку беларускую» і гульню-хадзілку «Нізка беларускіх казак». А яшчэ – паўдзельнічаць у квізах ды наведаць рамесніцкі падворак.

А маленькіх гледачоў чакала прадстаўленне «Зайкава хатка» ад «Батлейкі-Чарадзейкі».

Так, з ветрам, дажджом і сапраўдным жнівеньскім надвор’ем, «Кушлянскі фэст-2026» атрымаўся цёплым і насычаным святам. Дзякуем усім, хто прыехаў у Кушляны, каб разам слухаць беларускую музыку, чытаць вершы, танцаваць, майстраваць і адкрываць для сябе спадчыну Францішка Багушэвіча.

Да новых сустрэч у Кушлянах!

Поўная фотасправаздача ад Міхаіла Туміловіча па спасылцы https://disk.yandex.by/d/ec37-JtS4DilYg

Close Menu