Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Запрашаем на адкрыццё!

1 снежня 2026 года а 12-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца адкрыццё выставы «“Паэтычная, цудоўная справа”. Школа Льва Талстога». Праект рэалізуецца ў межах міжнароднага музейнага супрацоўніцтва Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Дзяржаўнага музея Л.М. Талстога (Масква, Расійская Федэрацыя).

Выстава прапануе паглядзець на Льва Мікалаевіча Талстога не толькі як на сусветна вядомага пісьменніка, але і як на педагога, які прысвяціў значную частку свайго жыцця народнай асвеце, пошуку новых падыходаў да навучання і выхавання дзяцей.

У 1859 г. Талстой, перажываючы творчы крызіс і расчараванне ў літаратурнай дзейнасці, звярнуўся да справы, якую сам называў вельмі важнай. У Яснай Паляне ён адкрыў школу для сялянскіх дзяцей, дзе імкнуўся стварыць зусім іншую атмасферу навучання – без прымусу, строгай дысцыпліны і пакаранняў. Галоўным прынцыпам яго педагагічнай сістэмы стала свабода, а найважнейшай умовай адукацыі – зацікаўленасць і задавальненне ад пазнання.

Школа Талстога была не проста навучальнай установай, а своеасаблівай творчай прасторай. Тут дзеці маглі выбіраць, дзе сядзець, задаваць пытанні, абмяркоўваць незразумелае, дапамагаць адно аднаму. Акрамя чытання і пісьма, яны вывучалі матэматыку, гісторыю, прыродазнаўства, займаліся маляваннем, спевамі і гімнастыкай. Сам пісьменнік не абмяжоўваўся роляй настаўніка: ён гуляў з вучнямі, расказваў ім гісторыі, назіраў за іх жыццём і творчасцю.

Асобная частка экспазіцыі прысвечана літаратурнай спадчыне Талстога для дзяцей. Менавіта педагагічны вопыт падштурхнуў пісьменніка да стварэння «Азбукі» – кнігі, у якой ён імкнуўся сабраць даступны і цікавы навучальны матэрыял для дзяцей розных саслоўяў. Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з першым выданнем «Азбукі» (1872), арыгінальнымі выданнямі іншых педагагічных прац, а таксама ілюстрацыямі да вядомых апавяданняў і баек пісьменніка.

Экспазіцыя аб’яднае арыгінальныя жывапісныя і графічныя творы, кнігі, часопісы, фотаздымкі, экслібрысы і матэрыялы, звязаныя з гісторыяй Яснапалянскай школы. Сярод іх – мастацкія работы, прысвечаныя Яснай Паляне і яе насельнікам, ілюстрацыі да апавяданняў «Філіпок», «Булька», «Каўказскі палоннік», рукапісныя матэрыялы, якія раскрываюць асаблівасці навучальнага працэсу і педагагічныя разважанні самога Талстога.

Важнае месца зоймуць і матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Яны прадставяць успрыманне творчасці Талстога ў беларускім культурным асяроддзі: прыжыццёвыя і пазнейшыя публікацыі яго твораў у беларускіх перыядычных выданнях, кнігі ў перакладах на беларускую мову, даследаванні пра ўплыў пісьменніка на беларускую літаратуру.

Выстава «“Паэтычная, цудоўная справа”. Школа Льва Талстога» – гэта магчымасць адкрыць новыя старонкі біяграфіі знакамітага пісьменніка і ўбачыць, як імкненне да ведаў, павага да дзіцячай асобы і вера ў сілу свабоды сталі асновай яго педагагічных пошукаў.

Выстава працуе да 31 студзеня 2027 года па адрасе г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 13. Будзе цікавая школьнікам і моладзі, педагогам, студэнтам гуманітарных спецыяльнасцей, даследчыкам і ўсім, хто цікавіцца асобай Льва Талстога, гісторыяй адукацыі і дзіцячай літаратурай.

Куратар – загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела І.Р. Князева (+375 17 395 44 47).

Close Menu