10 снежня 2024 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстава, прысвечаная 100-годдзю часопіса “Бярозка” і адбылася святочная імпрэза, арганізаваная рэдакцыяй выдання-юбіляра.
На выставе наведвальнікі пазнаёміліся з папярэднікамі сучаснай “Бярозкі”: нумарамі часопісаў “Іскры Ільіча” і “Беларускі піянер”, газеты “Піянер Беларусі”. Была магчымасць не толькі пабачыць старыя выданні ў вітрынах, але і літаральна дакрануцца да “летапісу маладога жыцця”, пагартаўшы нумары мінулага стагоддзя.
Падчас мерапрыемства творчая каманда “Бярозкі” на чале з галоўным рэдактарам Янінай Каралёвай пазнаёміла гасцей з гістарычным шляхам часопіса, імёнамі выбітных літаратараў, якія супрацоўнічалі з выданнем, зменай вектараў яго развіцця, трансфармацыяй знешняга выгляду і іншымі цікавосткамі.
Выступілі юная аўтарка часопіса Паўліна Дваранская і член рэдакцыйнай калегіі Алена Палуян, падзяліўся ўспамінамі колішні галоўны рэдактар Рагнед Малахоўскі. Таксама мноства пранікнёных слоў і віншаванняў гучала ад шматлікіх сяброў, партнёраў, чытачоў “Бярозкі”.
Цёплае, утульнае мерапрыемства застанецца светлай старонкай у гісторыі вечна маладой і летуценнай “Бярозкі”.
Выстава “Расці высока, “Бярозка”!” будзе працаваць да 2 лютага 2025 года.