З мэтай вывучэння і папулярызацыі творчай спадчыны беларускага пісьменніка Максіма Іванавіча Гарэцкага, 8 верасня 2023 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “XXX Гарэцкія чытанні”, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння пісьменніка.
Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Літаратуразнаўцы, гісторыкі, пісьменнікі, педагогі, супрацоўнікі музеяў і бібліятэк (усяго больш за 40 удзельнікаў з Беларусі, Расіі і Ізраіля) падчас дакладаў падзяліліся апошнімі знаходкамі ў сферы гарэцказнаўства, вынікамі ўласных даследаванняў, агучылі новыя думкі і падыходы да асэнсавання жыццёвага і творчага шляхоў пісьменніка.
Ганаровым удзельнікам юбілейных чытанняў стаў нашчадак Максіма Гарэцкага акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі.
Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік матэрыялаў.