Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

“Ноч музеяў: Міленіум”

Пятрусь Броўка ў адным са сваіх вершаў прызнаваўся: “Ах, як бы хацелася, верце, сустрэць мне двухтысячны год!”

Мы выконваем жаданне гаспадара кватэры, у якой месціцца музей, і запрашаем вас у атмасферу 1990-2000-х гадоў. Часу, які так і не давялося пабачыць паэту.

Міленіум, мяжа тысячагоддзяў – хвалюючы момант у жыцці чалавецтва, які падаецца знаёмым і не асэнсоўваецца многімі як частка гісторыі. Складаныя, але ў ва многім свежыя, як ранішняе паветра, дзевяностыя, інавацыйныя і смелыя нулявыя ‒ прапануем вам сумеснае паглыбленне ў цікавую і разнастайную эпоху, якая спарадзіла пакаленне “міленіялаў”…

Прыходзьце 18 мая 2024 з 18:00 да 23:00 у Літаратурны музей Петруся Броўкі на “Ноч музеяў: Міленіум”! Магчыма, вам давядзецца ўспомніць юнацтва, сталасць, а можа пабачыць той перыяд, што быў ледзь-ледзь заспеты вамі ў дзяцінстве? У любым выпадку, гэты вечар вам запомніцца бессумнеўна!

P.S. Асабліва, калі паспрабуеце апрануцца ў стылі эпохі. У распараджэнні мода 90‑х, субкультуры нулявых і многае іншае.

P.S.S. Таксама раім запасціся цікавымі рэчамі эпохі! Маеце рэдкі постэр, але заўжды марылі пра тамагочы? На Ночы музеяў вас чакае ўнікальная магчымасць абмяняцца рэдкасцямі!

 

ПРАГРАМА:

18:00 – Лекцыя “Літаратурны працэс постсавецкай эпохі” (Дарыя Карчашкіна, даследчык у галіне філалагічных навук, пісьменніца, навуковы супрацоўнік музея).

Кожнае новае пакаленне прыходзіць з жаданнем стварыць новую літаратуру. Перыяд 90-х і 2000-х гадоў у беларускай літаратуры ўсё яшчэ прынята называць “сучасным”, хаця ён ужо паспеў стаць глыбока і навукова-асэнсаваным. Новаствораныя творчыя рухі, літаратурныя таварыствы, канфлікты пакаленняў і шэраг маладых і амбіцыйных паэтаў і паэтак, пісьменнікаў і пісьменніц, якія ставілі перад сабой задачу-максімум. Пра трансфармацыю традыцыйных тэндэнцый, наватарства і пакаленне творцаў, што не паспела стаць “забранзавелым”, распавядзе навуковы супрацоўнік музея Дарыя Карчашкіна.

19:00 – Лекцыя “Друк новага тысячагоддзя” (Ягор Піліпенка, спецыяліст у галіне паліграфіі і друку).

Ці даводзілася вам цікавіцца гісторыяй друку? Размова не пра старажытную гісторыю беларускага кнігадрукавання і Францыска Скарыну, а пра эпоху газетных шапікаў, выкрадання кніг ці іх старонак з бібліятэк, бессэнсоўнага гартання глянцавых часопісаў, утарапёнага чытання новых выпускаў любімых перыядычных выданняў. Гісторыя друку на пераломе тысячагоддзя перажыла мноства значных і захапляльных трансфармацый, якія цяжка заўважыць не будучы “у тэме”, але якія дакладна не пакінуць вас без эмоцый, як і захоплены сваёй справай лектар.

20:00 – Майстар-клас па гульні ў рызіначку.

Не паверыце, але гульня мае свае карані ажно з Кітаю VII стагоддзя! Пазней жа, у 90-х і нулявых гадах, гэта была адна з самых папулярных гульняў! У зручных і не вельмі месцах, сам-насам ці ў кампаніі… Яшчэ і саму рызіначку здабыць было часам не самай лёгкай задачай. Захоўваем спакой, рызіначкі хопіць на ўсіх, а ці ўмееце? Вядома, умееце – такое забыць немагчыма. Калі не – таксама без панікі. Вас навучаць прафесіяналы.

21:40 – “Ноч рэкламы” 1990-х і 2000-х гадоў.

Мы ўжо не можам ўявіць сваё жыццё без рэкламы. Хоць часам яна можа падавацца надакучлівай, гэта сапраўднае мастацтва, якое рухае наперад сусвет! У рэкламе, якую паказвалі па тэлевізары ў 90-х і нулявых, трапляліся сапраўдныя шэдэўры гэтага жанру, якія многім ўрэзаліся ў памяць на ўсё жыццё. Запрашаем вас разам сабрацца каля “відзіка”, уставіць касету, падзівіцца гэтаму мастацтву сучаснасці, якое паспела для многіх стаць гісторыяй (а можа нават пусціць слязу, хто яго ведае?).

А ТАКСАМА:

Выстава “Гады́ як шторм”, прысвечаная маладосці Петруся Броўкі.

Пятрусь Броўка – сын складанай эпохі, што ўвабрала ў сябе стварэнне і разбурэнне, надзеі і расчараванне. Яго жыццё можна разглядаць як праекцыю бытнасці цэлага пакалення не толькі беларусаў, але і іншых народаў-суседзяў, якія воляю лёсу падзялілі складаны паварот еўрапейскай гісторыі. Ад вясковага пастуха – да старшыні сельскага савета, ад сябра “Маладняка” – да кіраўніка Саюза беларускіх пісьменнікаў. Высокія званні і прызнанне грамадзянскіх заслуг – у любым стане паэт заставаўся чалавекам, бачыў сваё шчасце ў шчырай працы, у беспатольнай празе стварэння, у адчуванні крокаў эпохі.

Выстава “Гады́ як шторм” прадстаўляе час маладосці, 35 год жыццёвага шляху паэта праз церні эпахальных змен да абсалютнага поспеху.

Майстар-клас “Анкета для сяброў”.

Старонкі ў сацыяльных сетках сёння ёсць не толькі ў дарослых, але і ў падлеткаў. Усяго тры-два дзесяцігоддзі назад сацыяльныя сеткі школьнікам замянялі анкеты. Гэта, з аднаго боку, дапамагала прэзентаваць вобраз сябе сябрам і аднакласнікам, а з другога – сістэматызаваць жыццёвы вопыт, вызначыць уласныя прыярытэты і каштоўнасці. У анкетах змяшчалася вялікая частка значных рэчаў: з кім сябе асацыявалі, чым захапляліся, што любілі і што ненавідзелі. Прапануем вам згадаць ці навучыцца гэтаму нескладанаму мастацтву самапрэзентацыі.

Інтэлектуальная гульня “Наперад у мінулае” (віктарына па эпосе 1990-2000-х).

Інтэлектуальныя гульні напаўняюць усё наша жыццё. Азарт – гэта стан гарачай захопленасці, калі ты на паўкрокі да перамогі, а твае супраціўнікі спрабуюць цябе абагнаць. Прапануем сыграць у гульню “Наперад у мінулае”, дзе адпраўной кропкай стануць вашы веды пра эпоху 1990-х і 2000-х.

Інтэрактыўная праграма “Картачны ўсплёск” (варажба на картах Таро).

Усплёск – менавіта тое слова, якім можна ахарактарызаваць, што адбывалася ў кулуарным свеце магіі і эзатэрыкі ў 90-я гады. Зняцце рамак выклікала рэзкі інтарэс грамадства да эзатэрычнай культуры. Паўсюль працавалі салоны чорнай і белай магіі (іх рэклама круцілася нават па тэлебачанні), стала дасяжнай магічная літаратура, а многія з прадстаўнікоў акультных традыцый і новых цячэнняў сталі лідэрамі меркаванняў. Не будзем казаць пра шчырасць усяго, што адбывалася ў той час, а звернемся да таго, упэўненасць у чым праверана стагоддзямі і не губляе актуальнасці – карт Таро. Прапануем вам дазнацца пра свой лёс і будучыню пры дапамозе магічнага інструмента, які не губляе актуальнасці.

А таксама дошка аб’яў, спаборніцтвы ў фішкі і тэтрыс, разыгранка “Супер-квіток” і многае іншае!

Уваходны квіток: 5 руб.

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).

Кантактны тэлефон: +375 (17) 342-09-81.

Close Menu