Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Літаратурны музей прыняў удзел у Дні беларускага пісьменства

5–6 верасня Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прыняў удзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства, які сёлета праходзіў ў Касцюковічах.

На музейнай пляцоўцы была прадстаўлена выстава «Жаночыя твары беларускай літаратуры», прымеркаваная да Года беларускай жанчыны. Яе аснову склалі фотапартрэты беларускіх пісьменніц – Веры Вярбы, Яўгеніі Янішчыц, Ніны Мацяш, Алены Васілевіч, Эдзі Агняцвет, Таісы Бондар і інш. – аўтарства Уладзіміра Крука (1927–2008), вядомага беларускага фатографа і фотакарэспандэнта.

Музейная пляцоўка прапаноўвала магчымасць дакрануцца да літаратурнай спадчыны праз творчасць і гульню. Наведвальнікі маглі стварыць уласную паштоўку з выявай пісьменніцы, паспрабаваць надрукаваць тэкст на сапраўднай пішучай машынцы, паўдзельнічаць у настольных гульнях і квізах, а таксама атрымаць незвычайнае літаратурнае прадказанне ад беларускіх пісьменнікаў.

Таксама наведвальнікі актыўна ўдзельнічалі у разыгранцы, набывалі кнігі беларускіх аўтараў і музейныя сувеніры, знаёміліся з апошнімі друкаванымі выданнямі музея. І, вядома, ніхто не сыходзіў без падарунка!

Асобнай часткай праграмы стаў павільён «Музей рэдкай кнігі», дзе сумесна з Магілёўскім абласным краязнаўчым музеем быў створаны «Кабінет пісьменніка». Наведвальнікі маглі зазірнуць у асаблівую прастору літаратурнай працы і ўбачыць прадметы, якія захоўваюць памяць пра сваіх гаспадароў.

Літаратурны музей аформіў чатыры вітрыны і прадставіў працоўны стол Івана Чыгрынава. У экспазіцыі можна было ўбачыць асабістыя рэчы беларускіх пісьменнікаў: самаробныя стол і крэсла Уладзіміра Дубоўкі, тэлефонны апарат Алеся Звонака, настольную лямпу Янкі Брыля.

Асобную цікавасць выклікалі матэрыялы з архіва Івана Чыгрынава: пішучая машынка Ideal, вырабленая ў 1930 годзе і набытая пісьменнікам у свайго сябра Максіма Танка, рукапіс «Свае і чужыя», пісьмовыя прылады і членскі білет Саюза пісьменнікаў.

У вітрынах таксама былі прадстаўлены асабістыя рэчы, кнігі і рукапісы з архіваў Кандрата Крапівы, Міхася Лынькова, Васіля Віткі, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Валянціны Коўтун. Асобнае месца занялі кнігі з калекцыі старадрукаў, некаторыя з якіх паходзяць з архіва Уладзіміра Караткевіча. Экспазіцыю дапоўнілі прадметы з архіваў Алеся Пісьмянкова і Аркадзя Куляшова – ураджэнцаў Касцюковіцкага краю.

Close Menu