Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

І лілася хваляй песня…

25 ліпеня ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Фальварак Ракуцёўшчына» адбылося традыцыйнае свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета», прысвечанае творчай спадчыне Максіма Багдановіча.

На адзін дзень Ракуцёўшчына стала месцам сустрэчы літаратараў, музыкантаў, мастакоў, народных майстроў і шматлікіх аматараў беларускай культуры.

Са сцэны гучалі вершы і песні ў выкананні народных калектываў. Гасцей чакалі сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, знаёмства з новымі выданнямі і, вядома, магчымасць пагутарыць з аўтарамі і атрымаць іх аўтографы. Вялікую цікавасць выклікалі модны паказ ад Нацыянальнай школы прыгажосці і беларускіх дызайнераў.

Але «Ракуцёўскае лета» – гэта не толькі сцэна. На сцежках і пляцоўках фальварка разгортвалася сваё маленькае культурнае жыццё: тут ажывала батлейка, ладзіліся творчыя майстар-класы і гульнявыя праграмы для дзяцей і дарослых, а інтэрактыўная камедыя «Як Максім Багдановіч у Ракуцёўшчыне музу знайшоў» падарыла гледачам добры настрой і ўсмешкі.

У гэты дзень можна было заблукаць у квэстах і экскурсіях, стварыць уласную паштоўку, паўдзельнічаць у кветкавых гаданнях і квізах. А яшчэ – выбраць кнігу, прыгледзець выраб народнага майстра і проста запаволіць крок, каб адчуць лета Ракуцёўшчыны.

Бо сама Ракуцёўшчына ў гэты дзень стала адным з галоўных герояў свята. Тут, сярод палёў, дрэў і невымоўнай красы краявідаў, больш за стагоддзе таму Максім Багдановіч пісаў свае творы. І сёння яго слова працягвае гучаць – у вершах і песнях, у новых кнігах і творчых сустрэчах, у памяці і ў сэрцах тых, хто прыязджае сюды зноў і зноў.

Дзякуем усім, хто быў з намі ў гэты дзень: удзельнікам і партнёрам, творчым калектывам і пісьменнікам, майстрам і валанцёрам і шматлікім гасцям свята, якія разам стварылі цёплую і натхняльную атмасферу «Ракуцёўскага лета». Да новых сустрэч пад Ракуцёўскім небам!

Фота Міхаіла Туміловіча.
Поўная фотасправаздача – па спасылцы
https://disk.yandex.by/d/yGMGYgmJ62z15w

Close Menu