20 сакавіка 2025 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры распачынае працу фотаэкспазіцыя “Чароўныя мясціны” са збору Дзяржаўнага мемарыяльнага гісторыка-літаратурнага і прыродна-ландшафтнага музея-запаведніка А.С.Пушкіна “Міхайлаўскае”.
Адкрыццё – аб 11-й гадзіне.
У гісторыі рускай культуры музей-сядзіба “Міхайлаўскае” паўстае як адно з выбітнейшых памятных мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю паэта А.С.Пушкіна. Каля алтарнай сцяны Свята-Успенскага сабора Святагорскага манастыра, за чатыры вярсты ад Міхайлаўскага, знаходзіцца яго прах.
Выстава “Чароўныя мясціны” прадстаўлена серыямі фотаработ Георгія Мікалаевіча Васілевіча, які больш за дваццаць гадоў узначальвае Пушкінскі Запаведнік. Асноўны матыў фотагалерэі – пакланенне паэтычнаму генію паэта, улюбёнасць у бласлаўлёныя пушкінскія мясціны і прага перадаць крохкае імгненне вечнасці.
Фотаздымкі аўтара – гэта творчы роздум пра памяць, якая захоўваецца ў Запаведніку і пра тое, як жыве гэтае чароўнае месца сёння. Яскравасць, глыбіня, насычанасць колераў, ціхая гармонія… Кожны новы дзень тут непаўторны, кожная пара года на свой лад расквечвае знаёмы пейзаж незвычайнымі фарбамі. Асаблівую ўвагу Георгій Васільевіч надае перыяду міжсезоння. Бо лёгка любіць гэтыя краявіды ва ўсёй іх пышнасці і прыгажосці – стракатым летам ці залатой восенню. Аўтар жа заклікае ўбачыць у іх хараство нават скрозь шэра-карычневую палітру, калі скрозь карункі галін аголеных дрэў перад вачыма велічна паўстаюць храмы, адкрываюцца дзівосныя перспектывы…
Сярод штодзённай мітусні мы часта не маем магчымасці спыніцца і ўбачыць гульню ценяў у запаведных парках, першы снег альбо тое імгненне, калі пачынаюць лопацца пупышкі ў яблыневым садзе. А майстар ужо недзе побач, з фотаапаратам наперавес, спяшаецца ўхапіць “цудоўнае імгненне”.
Пушкінскі Запаведнік сёння – гэта пераменлівы свет пушкінскай літаратурнай краіны. Усё ў гэтым свеце гучыць сваім напевам, ствараючы асаблівы настрой душы, абуджаючы паэтычнае натхненне, якое прапануецца адчуць кожнаму наведвальніку выставы “Чароўныя мясціны”.
Запрашаем!
Выстава будзе дзейнічаць па 27 красавіка 2025 г. па адрасе г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.
Куратар – Ірына Расціславаўна Князева (+375 17 395 44 47).