Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Запрашаем на адкрыццё фотавыставы!

30 верасня а 19-й запрашаем у Літаратурны на адкрыццё фотавыставы Кацярыны Аракчэевай “ЭТНАСУСВЕТ”.

У персанальным праекце ЭТНАСУСВЕТ Кацярына Аракчэева прадстаўляе фотаздымкі, створаныя на працягу 2023 – 2026 гадоў. Гэта галерэя партрэтаў сучасных беларусак у традыцыйных аўтэнтычных касцюмах. Унікальнасць праекта ў тым, што звычайныя людзі на дзве гадзіны фотасесіі апраналі рэчы музейнай каштоўнасці, якім больш за 100 год, і якія звычайна недасяжныя для карыстання і застаюцца ў вітрынах. Падчас фотасесій выкарыстоўваліся беларускія народныя строі з прыватных калекцый або вельмі дакладныя рэканструкцыі. Гледзячы на фотаздымкі, можна ўявіць, як маглі б выглядаць нашыя продкі. Гэта атрымалася вельмі цікава – назіраць за тым, як мяняецца аблічча, постаць, позірк жанчыны ў строі, як яна адчувае сябе ў гэтым старадаўнім уборы.

Праект ЭТНАСУСВЕТ стаўся позіркам у залюстроўе, дзе мінулае і сучаснасць сустракаюцца ў адным фотаздымку. Мадэлі, апранаючы народны касцюм, паглыбляліся ў сусвет хараства народных традыцый. Аўтарцы вельмі хацелася падкрэсліць сваё захапленне прыгажосцю нашых жанчын. Гэтыя партрэты паказваюць: сапраўдная прыгажосць не ведае часу. Яна жыве ў нашых генах, прарастае праз арнаменты і ззяе ў вачах кожнай беларускі. Гэта падарожжа ў глыбіню стагоддзяў праз позірк сучаснай беларускай жанчыны.

Адна з мэтаў выставы: каб як мага больш людзей змаглі ўбачыць гэтую дасканаласць беларускіх народных касцюмаў, вышыўкі, ткацтва. Нашыя невядомыя народныя мадэльеры стварылі стыль, хараство і яскравасць, вартыя быць вядомымі шырокаму колу гледачоў. На выставе таксама можна ўбачыць самі касцюмы з некалькіх гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі.

Выстава будзе працаваць па 22 лістапада 2026 г.

Уваходны квіток: 2,50 руб. – школьнікі, студэнты, 5 руб. – астатнія катэгорыі наведвальнікаў. Экскурсійнае абслугоўванне па папярэдняй замове.

Уваход на адкрыццё – вольны.

Тэлефон для даведак: +375 17 363 56 21.

Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

Close Menu