Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Аўтарская лекцыя Змітра Юркевіча

Габрыэля Пузыня нарадзілася 24 верасня 1815 года – так ў абсалютнай большасці біяграфій пачынаецца гісторыя паэткі і мемуарысткі, пра якую пойдзе размова на наступнай лекцыі праекта “Па мячы і па кудзелі.  Гісторыя сям’і – гісторыя асобы”. Даследчык Зміцер Юркевіч аспрэчыць, гэты факт, бо якраз яго знаходкі падцвярджаюць, што нарадзілася гераіня лекцыі 6 кастрычніка.

У яе дзень народзінаў 6 кастрычніка а 19-й гадзіне Літаратурны музей запрашае пазнёміцца з найцікавейшай постаццю беларускай польскамоўнай літаратуры.

Габрыэля Альбіна Гюнтэр нарадзілася ў Вільні ў каталіцкай сям’і графа Адама Гюнтэра. Род графаў Гюнтэраў паходзіў з Германіі, а ў XVIII стагоддзі ўжо адносіўся да карэннай сярэднезаможнай шляхты Вялікага княства.

Габрыэля была малодшай з трох дачок сваіх бацькоў. У 1851 г. выйшла замуж за князя Тадэвуша Пузыню.

Да шлюбу жыла ў набытым яе бацькам маёнтку Дабраўляны. Там бывалі Ігнат Ходзька і Антоні Эдвард Адынец, Ян Дамель і Юліян Корсак, Ян Рустэм і Андрэй Снядэцкі, Марыя Шыманоўская і Тамаш Зан. Пазней Габрыэля трымала літаратурны салон у маёнтку мужа Гарадзілава на Маладзечыншчыне, збірала мастацкую калекцыю, бібліятэку. У 1850-я гасцямі яе літаратурнага салону былі Уладзіслаў Сыракомля, Станіслаў Манюшка, Эдвард Жалігоўскі, Уладзіслаў Міцкевіч (сын Адама Міцкевіча).

Як паэтка Габрыэля Пузыня вядомая з 12-гадовага ўзросту. Выдала некалькі зборнікаў вершаў, пісала апавяданні, фельетоны, камедыі.

У канцы жыцця на падставе дзённіка, які вяла з юначых гадоў, уласнай перапіскі і дакументаў напісала ўспаміны “Мая памяць”, даведзеныя да 1867 года. Рукапіс, багата ілюстраваны малюнкамі, літаграфіямі і фотаздымкамі, уяўляў панараму жыцця ўсіх слаёў грамадства паўночна-заходняй Беларусі і Вільні, змяшчаў каштоўную інфармацыю пра мастацкае жыццё края. У ім шмат звестак пра сем’і Сапегаў, Радзівілаў, Пшаздзецкіх, Тызенгаўзаў, Вайніловічаў, маёнтак Дабраўляны і Дабраўлянскую збраёўню, Паставы, Дзярэчын, Віленскі ўніверсітэт, вайну 1812 года, Лістападаўскае паўстанне 1830-1831 гг.

На лекцыі пазнаёмімся з радаводам і гісторыяй сям’і Габрыэлі Пузыні, а таксама пагаворым пра яе шлюб і творчы асяродак, што віраваў побач з ёю.

Шчыра запрашаем у Літаратурны!

Час: 06.10.2026, 19:00.

Кошт білетаў: 8 рублёў.

Тэлефон для даведак: +375 17 363 56 21.

Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

Close Menu