8 кастрычніка ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі адбылося адкрыццё выставы “Фронт трымае Васіль Цёркін” з фондаў Смаленскага музея-запаведніка.
Выстава прысвечана знакамітаму твору паэта, класіка рускай літаратуры Аляксандра Твардоўскага і прадстаўляе наведвальніку ілюстрацыі да яго, створаныя мастаком Арэстам Вярэйскім. Таксама на выставе былі прэзентаваны рэчы з фондаў Літаратурнага музея Петруся Броўкі, якія ілюструюць шчырае сяброўства паміж класікамі суседскіх літаратур.
Госці мерапрыемства мелі магчымасць пачуць кранальныя гісторыі кантакту Петруся Броўкі і Аляксандра Твардоўскага, пры дапамозе фатаздымкаў азнаёміцца з жыццём паэта ў якасці ваеннага карэспандэнта, а таксама атрымаць асалоду ад ілюстрацый да “книги про бойца без начала и конца”, якія сталі класічнымі і выкарыстоўваліся ва ўсіх перавыданнях легендарнай паэмы ваеннага часу.