“Я не самотны, я кнігу маю…”
Максім Багдановіч
Адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў “Вянок” Максіма Багдановіча сёлета адзначае прыгожую дату – 111 гадоў з дня выхаду ў свет. Кніга выдадзена ў 1913 годзе, у Вільні, у друкарні Марціна Кухты.
У сакавіку 1914 года, роўна сто год таму, малады беларускі паэт падпісаў свае кнігі ў падарунак родным, сябрам, калегам па пяру і “Вянкі” з дароўнымі надпісамі аўтара выправіліся ў шырокі свет.
Не ўсе з іх, на жаль, захаваліся да нашага часу. Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча беражліва захоўваюць у фондах тры асобнікі з аўтографамі паэта і цягам многіх гадоў вядуць пошукі арыгінальных кніг.
З вялікай радасцю паведамляем, што Рыгор Бараховіч, стрыечны ўнучаты пляменнік Максіма Багдановіча з Ніжняга Ноўгарада, перадаў на часовае захаванне ўнікальны “Вянок” з дароўным надпісам паэта стрыечнай сястры Веры Гапановіч. Тры кнігі з аўтографамі, якія захоўваліся ў архіве сям’і Бараховічаў, былі раней перададзены ў фонды мінскага музея паэта.
Запрашаем паглядзець на каштоўны зборнік вершаў, які з такой любоўю і павагай падпісаў некалі Максім Багдановіч. Кніга прэзентуецца зараз у экспазіцыі мастацка-дакументальнай выставы “Мая сям’я”.