110 гадоў таму нарадзіўся Язэп Семяжон (16.11.1914 – 16.08.1990) – перакладчык, паэт, публіцыст, выкладчык, заслужаны дзеяч культуры БССР, лаўрэат Літаратурнай прэміі Я.Купалы.
Дэбютаваў будучы паэт у 1931 г. у часопісе “Беларуская работніца і сялянка”. У гэты час ён вучыўся на драматургічных курсах у Мінску, быў акцёрам Беларускага дзяржаўнага драмтэатра. У 1938 г. скончыў факультэт замежных моў Мінскага дзяржаўнага вышэйшага педгагічнага інстытута. З 1938 г. па 1940 г. служыў у Чырвонай Арміі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Язэп Семяжон пераклаў творы з 33 моў свету. Дзякуючы яго працы на беларускай мове былі апублікаваны паэмы “Пан Тадэўш” Адама Міцкевіча і “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага, шмат твораў У.Шэкспіра, Дж.Байрана, М.Твэна і іншых замежных аўтараў. Гэтыя пераклады сталі вялікай падзеяй у літаратурным жыцці Беларусі.
Фонды нашага музея захоўваюць багаты асабісты архіў Язэпа Семяжона: фатаграфіі, рукапісы твораў, асабістыя рэчы, графічныя творы.