ЗАГАДКІ ДЗЕДА КАНДРАТА (7 – 11 класы)
Захапляльная мовазнаўчая гульня па кнізе Кандрата Крапівы “Загадкі дзеда Кандрата”.
Так склалася, што вядомы байкапісец быў яшчэ і выдатным знаўцам мовы. Калісьці для беларускіх дзетак ён нават напісаў кнігу філалагічных загадак-амонімаў “Загадкі дзеда Кандрата”, каб тыя не гублялі цікавасці да роднай мовы.
На пачатку занятка хлопчыкі і дзяўчынкі даведаюцца пра некаторыя загадкі і таямніцы жыццёвага шляху самога пісьменніка, а пасля іх чакае пазнавальная настольная гульня, распрацаваная сумесна з праектам “Скарбонка гульняў”. Юныя ўдзельнікі пазнаёмяцца са словамі-амонімамі, узбагацяць свае веды новымі значэннямі знаёмых слоў, папрактыкуюцца ў стварэнні ўласных цікавых гісторый.
Кошт: 3,50 руб. з удзельніка.
ЯК ХЛЕБ ДА НАС НА СТОЛ ПРЫЙШОЎ (1 – 4 класы)
У аснову занятка пакладзена вядомая беларуская народная казка “Лёгкі хлеб”. Юныя ўдзельнікі ўзгадаюць сюжэт і герояў казкі, пазнаёмяцца з земляробчым побытам і сельскагаспадарчымі прыладамі працы беларусаў, складаным і крапатлівым працэсам вырабу хлеба.
Падчас занятка ладзяцца вясёлыя спаборніцтвы-эстафеты. Набытыя веды ўдзельнікаў правяраюцца з дапамогай этнаграфічных загадак.
Занятак спрыяе засваенню малодшымі школьнікамі агульначалавечых каштоўнасцей, культурных і духоўных традыцый нашага народа, усведамленню еднасці і сувязі пакаленняў.
Кошт: 3,50 руб. з удзельніка.
ФЭСЦІК. ГУЛЯННЕ Ў НАРОДНЫМ СТЫЛІ (1 – 7 класы)
Занятак знаёміць хлопчыкаў і дзяўчынак са старажытным беларускім фэстам – святам ў народным стылі з вясёлымі гульнямі і цікавымі конкурсамі.
Удзельнікі пачуюць, як гучаць розныя музычныя інструменты, такія як бубен, дудка, цымбалы, лыжкі, клякотка, трашчотка, бразготкі, званочкі, брусочкі і інш., даведаюцца з якой нагоды і кім яны выкарыстоўваліся. Паспрабуюць свае здольнасці ў ролі збіральнікаў льну (гульня “Садзі лянок”), а таксама папрактыкуюцца ў выкананні народных танцаў (флэшмоб “Маразуля”).
Занятак абуджае цікавасць школьнікаў да культурнай спадчыны Беларусі, накіраваны на захаванне нацыянальных традыцый і каштоўнасцей.
Кошт: 3,50 руб. з удзельніка.
АЗБУКА ГАРАДОЎ (6 – 9 класы)
А ці ведаеце вы, што у Беларусі ёсць гарады амаль на ўсе літары алфавіту?
Музейны занятак “Азбука гарадоў” – пазнавальная “вандроўка” па Беларусі, якая уяўляе сабой гульню-хадзілку, створаную паводле кнігі пісьменніка Уладзіміра Ліпскага “Я тут жыву”.
Цягам занятка школьнікі “наведаюць” шмат беларускіх гарадоў, узгадаюць вядомыя факты пра іх і абавязкова даведаюцца шмат новых цікавых гісторый. А таксама пазнаёмяцца са славутымі імёнамі і памятнымі мясцінамі беларускіх населеных пунктаў, дакрануцца да беларускай літаратурнай спадчыны.
Кошт: 3,50 руб. з удзельніка.
ЗНАЁМСЯ, Я – МУЗЕЙ! (2 – 4 класы)
Малодшыя школьнікі маюць магчымасць паглыбіцца ў асяродак музейнай культуры, пазнаёміцца з правіламі паводзін у музеі, некаторымі тэрмінамі і прафесіямі. Занятак дае ўяўленне аб відах і прызначэнні музейных устаноў і рыхтуе да іх наведвання, а таксама вучыць беражлівым адносінам да музейных прадметаў.
Кошт: 3,50 руб. з удзельніка.
НІЗКА БЕЛАРУСКІХ КАЗАК (2 – 5 класы)
Музейны занятак у займальнай форме пазнаёміць маленькіх наведвальнікаў з дзівосным светам беларускіх народных казак. Удзельнікаў чакаюць незабыўныя сустрэчы з цікавымі героямі ды міфічнымі істотамі, а таксама мудрагелістыя заданні, праз якія будзе пралягаць шлях да фінішу.
Кошт: 3,50 руб. з удзельніка.
КАПІТАН ДАЛЁКІХ ВАНДРОВАК
(7 – 11 класы, сямейныя наведвальнікі)
Захапляльная літаратуразнаўчая і краязнаўчая інтэрактыўная музейная праграма па прыгодніцкіх творах Янкі Маўра. Падчас каманднай гульні ўдзельнікі разгадваюць таямніцы жыцця на далёкіх астравах і пераадольваюць яго цяжкасці. Паколькі гульня камандная, яна вымагае сумеснай засяроджанай працы над агульнай задачай, зладжанай барацьбы за перамогу.
Кошт: 5,00 руб. з удзельніка.
КВЭСТ “ТАЯМНІЦЫ ЭКСПАЗІЦЫЙ”
(8 – 11 класы, сямейныя наведвальнікі)
Квэст “Таямніцы экспазіцый” з’яўляецца пазнавальнай гульнёй, падчас якой удзельнікі ўспрымаюць інфармацыю праз экспанаты (якія захоўваюцца ў вітрынах), становячыся актыўнымі “даследчыкамі” музейнай прасторы. Таксама наведвальнікі даведаюцца шмат новага пра беларускую літаратуру ХХ – пачатку ХХI ст.
Працягласць: 45-60 хвілін.
Кошт: 8,00 руб. з удзельніка.
Заняткі праводзяцца ў навучальных установах і ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13) па папярэднім запісе.
Тэлефон для даведак: +375 (17) 363-56-21.