Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Мастацка-дакументальная выстава Алеся Родзіна “Экалагічная дысперсія”

З 17 мая па 31 жніўня 2026 года ў Літаратурным музеі дзейнічаў выставачны праект “Экалагічная дысперсія”. У кантэксце спадчыны Алеся Родзіна “Экалагічная дысперсія” – гэта магутная метафара інтэлектуальнага і творчага выпраменьвання. Мастак на працягу дзесяцігоддзяў ствараў уласную экасістэму сэнсаў, якая не знікла з яго сыходам, а пачала працэс дысперсіі — пранікнення ў свядомасць новых пакаленняў, рассейвання ідэй у прасторы і часе.

Выстава ўяўляла сабой не статычны помнік, а жывы арганізм, які адлюстроўваў дынамічную прыроду самога Родзіна.
Выстава была прымеркавана да дня народзінаў мастака. Аснову складалі манументальныя палотны, якія сталі візітоўкай беларускага авангарда. Гэта творы-космасы, дзе кожны сантыметр напоўнены філасофскім роздумам. “Апакаліпсіс”, “Эксперыментальны кантакт”, “Меліяратыўны экстаз”, “Скрыня Пандоры”, “Карані”, “Прыгоды Язэпа Драздовіча”, “Вольнае падзенне” – кожная з гэтых работ адкрывае грані мастацкага свету Алеся Родзіна: яго трывогі, надзеі, іронію і веру ў мастацтва як прастору свабоды.

На выставе ўпершыню былі прадстаўлены асабістыя рэчы, дакументы, накіды, каталогі, якія распавядалі пра творчы шлях мастака ад юнацтва да самага апошняга часу. Расповяд вёўся праз выставачныя праекты ў Іспаніі, Францыі, Галандыі і Германіі. І, безумоўна, праз 12-гадовую супрацу мастака з легендарным берлінскім Кунстхаўсам “Тахелес”, які стаў калыскай беларускага фестывалю эксперыментальнага мастацтва “ДАХ”.

Экспазіцыя паступова дапаўнялася пластамі, якія раней заставаліся ў ценю манументальных прац. Дынамічны фармат і часовае абнаўленне зместу рабілі кожны візіт асаблівым.

Стваральнік і куратар выставы – даследчык Зміцер Юркевіч.

Хто такі Алесь Родзін?

Алесь Родзін (Аляксандр Іванавіч Родзін, 1947–2022) — беларускі мастак, жывапісец і перформер, адзін з найбольш адметных прадстаўнікоў беларускага авангарду.

Скончыў аддзяленне дызайну і жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, дзе вучыўся ў Івана Ахрэмчыка, Натана Воранава і Хаіма Ліўшыца.

Творчасць Родзіна вылучаецца шматзначнасцю, мікраскапічнай дакладнасцю, складанай сімволікай і спалучэннем рэалістычных і фантастычных вобразаў. Яго мастацкі пошук пачынаўся з захаплення тэлескопамі і спробаў праз аптычныя прыборы даследаваць колер і форму. Пазней мастак звярнуўся да фармальнай кампазіцыі, сюррэалістычных вобразаў і смелых эксперыментаў з фактурай.

Асаблівае месца ў яго творчасці займае лінія –  яна акрэслівае форму, рассякае прастору і нібы даследуе рэчаіснасць знутры. Над асобнымі палотнамі мастак мог працаваць гадамі, ствараючы творы, у якіх рэальнае спалучаецца з ірацыянальным, алегорыяй і парадоксам.

З 1990-х гадоў Родзін шмат падарожнічаў і ўдзельнічаў у міжнародных мастацкіх праектах. Важным этапам стала праца ў берлінскай арт-камуне Tacheles, дзе ён быў адным з заўважных творцаў і ўдзельнічаў у развіцці беларускага сучаснага мастацтва за мяжой.

Акрамя жывапісу, Алесь Родзін актыўна займаўся перформансам. З 2003 года і да апошніх дзён жыцця ён быў пастаянным удзельнікам перформансаў групы «Механёры Культуры» пад кіраўніцтвам Змітра Юркевіча.

Сёння творчасць Алеся Родзіна цікавая сваёй незвычайнай візуальнай мовай, смеласцю мастацкіх эксперыментаў і здольнасцю размаўляць з гледачом пра складаныя працэсы і змены ў сучасным свеце.

Close Menu