Літаратурны музей Петруся Броўкі
Ці даводзілася вам бываць у цэнтры горада Мінска на вуліцы Карла Маркса? Менавіта на гэтай вуліцы ў доме пад нумарам 30, у чацвёртай кватэры, з 1951 па 1980 год жыў народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка (25.06.1905 – 24.03.1980). Сёння гэты дом, пабудаваны ў стылі мадэрн архітэктарам Генрыхам Гаем, з’яўляецца помнікам архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. А ў былой кватэры паэта 10 ліпеня 1980 года быў адкрыты Літаратурны музей Петруся Броўкі, які і сёння гасцінна прымае наведвальнікаў.
Літаратурны музей Петруся Броўкі зберагае духоўную і матэрыяльную спадчыну паэта. Сярод экспанатаў – рукапісы і аўтографы П.Броўкі, яго родных, сяброў і сучаснікаў, машынапісныя варыянты кніг, лісты і паштоўкі, нотныя рукапісы на словы паэта. Цікавасць таксама выклікаюць карціны, падараваныя П.Броўку, графічныя аркушы з ілюстрацыямі да яго твораў.
Экспазіцыя музея складаецца з дакументальнай і мемарыяльнай частак. Дакументальная экспазіцыя падрабязна знаёміць з жыццёвым і творчым шляхам П.Броўкі, з маляўнічымі краявідамі тых найпрыгажэйшых мясцін, дзе ён нарадзіўся і пабываў. Мемарыяльная частка – гэта бібліятэка і рабочы кабінет П.Броўкі – той інтэр’ер, дзе ўсе рэчы і мэбля стаяць на сваіх месцах, як і пры жыцці паэта.Асабістая бібліятэка П.Броўкі захоўвае творы мастацкай літаратуры ад старажытнарымскіх часоў да 1980 года. Гэта кнігі замежных аўтараў у перакладзе на беларускую або рускую мову, беларуская і руская савецкая літаратура, класічная і пасляваенная літаратура. Гэтыя кнігі выступаюць маўклівымі сведкамі таго, дзе пабываў паэт. А наведаў ён многія куточкі планеты.
І ўсё ж, для П.Броўкі самымі прыгожымі былі родныя мясціны, дзе прайшлі яго маленства і юнацкія гады, з успамінамі пра старую бярозу на бацькоўскім полі, пра ручай, з якога пастушком наталяў ён смагу, пра родную хату з духмяным смалістым водарам і, нарэшце, пра самы светлы, захаваны ў самым сэрцы вобраз – маці. Менавіта гэтыя матывы з’яўляюцца асноўнымі ў творчасці П.Броўкі. Творы паэта перакладзены на многія мовы свету.
Акрамя плённай працы на ніве беларускага слова П.Броўка прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны, сустракаўся з пісьменнікамі і дзеячамі іншых нацыянальных культур, пабываў у розных кутках Еўропы і Азіі. Ён удзельнічаў у XIV сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у г. Нью-Ёрку (1959), на якой заявіў аб тым, што людзям на планеце трэба жыць у згодзе і сяброўстве, праяўляць гуманнасць, берагчы ўсё жывое на зямлі, не дапускаць узнікнення войнаў. У час Асамблеі было прынята рашэнне аб усеагульным і поўным раззбраенні пад міжнародным кантролем.
Пералік паслуг у Літаратурным музеі Петруся Броўкі
Экскурсіі па экспазіцыі музея:
- “Жыццёвы і творчы шлях Петруся Броўкі”
- “Жыцця даўгога каляіны…” (экскурсія-крыжаванка)
- “Жыццё складанае бясконца…” (экскурсія-віктарына для 5-11 кл., алімпіяднікаў, навучэнцаў профільных класаў, удзельнікаў літ. гурткоў)
Адрас:
220030, г. Мінск, вул. К.Маркса, 30
(на дамафоне націснуць “Музей”).
Тэлефон: +375 (17) 342-09-81
Электронны адрас:
museum.brovka@gmail.com
Музей працуе:
аўторак – нядзеля: 10:00 – 19:00;
панядзелак: 10:00 – 17:30.
Паведаміць аб наведванні музея інвалідамі і неабходнасці аказання ім сітуацыйнай дапамогі можна па тэл. +375 (17) 342-09-81.
Абавязкі загадчыка філіяла часова выконвае:
Дарыя Валер’еўна Карчашкіна
Кантакты ў сацыяльных сетках:
YouTube-канал: https://www.youtube.com/channel/UCCPZqEFRqUwU6vLrTJ1ENmw
Вконтакте: https://vk.com/museum_brovka
Facebook: https://www.facebook.com/museum.brouka
Instagram: https://www.instagram.com/museum.brouka/