Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Графічныя афарызмы Міхаіла Лісоўскага”

З 17 сакавіка 2026 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працавала часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Графічныя афарызмы Міхаіла Лісоўскага”, прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння мастака.

Творчасць Міхаіла Якаўлевіча Лісоўскага вызначаецца разнастайнасцю: ён працаваў ў бытавым, пейзажным і партрэтным жанрах, займаўся станкавай графікай. Аднак сапраўдным яго пакліканнем стаў сяброўскі шарж, героямі якога былі, у тым ліку, вядомыя беларускія літаратары, з якімі мастак быў асабіста знаёмы. Дзякуючы Міхаілу Лісоўскаму шарж шчыльна ўвайшоў у беларускую мастацкую практыку і заняў годнае месца сярод іншых жанраў.

Лісоўскага лічаць першым беларускім шаржыстам, хоць ён і не быў першапраходцам у гэтым жанры. Вядома, што гумарыстычныя выявы сяброў або сатыра на ворагаў існавалі і раней (з 1940-х гадоў у СССР быў распаўсюджаны тэрмін “сяброўскі шарж”). Аднак менавіта Лісоўскі прысвяціў гэтаму кірунку творчасці асаблівую ўвагу і зрабіў яго папулярным сярод беларускіх мастакоў.

Ствараючы партрэт, мастак старанна імкнуўся паглыбіцца ва ўнутраны свет чалавека. Не маючы намеру кагосьці абразіць, ён ствараў вельмі дакладныя і пазнавальныя выявы і ніколі не нажываў ворагаў, бо “тармазіў” сябе на мяжы адкрытай сатыры. У гэтым і адметнасць гумару Лісоўскага – вясёлага, добразычлівага, такога, што не імкнецца высмеяць ці зачапіць “за жывое”. Наадварот, ён дапамагае пазбавіцца ад забабонаў і памылковых уяўленняў пра ўласную знешнасць. Добра ведаючы літаратурную творчасць сваіх герояў, а таксама іх жыццёвыя заслугі і недахопы, Міхаіл Лісоўскі старанна пазбягаў грубай або павярхоўнай сатыры.

Часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Графічныя афарызмы Міхаіла Лісоўскага” створана сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, у фондах якой захоўваецца каштоўная калекцыя шаржаў мастака. Значная частка гэтай калекцыі была прадстаўлена на выставе ў выглядзе павялічаных лічбавых копій.
Наведвальнікі ўбачылі своеасаблівую “галерэю” беларускіх літаратараў ХХ стагоддзя – у дасціпных, трапных і вельмі пазнавальных вобразах, створаных мастаком. Гэтыя працы не толькі выклікаюць усмешку, але і раскрываюць атмасферу літаратурнага асяроддзя свайго часу.

Партнёр праекта – навуковы і метадычны часопіс “Роднае слова”.

Close Menu