Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

СЦЕЖКАМІ МАЦЕЯ БУРАЧКА

“Каму дудка паслушна
Ды іграе спеўне,
Той душа дабрадушна
І шчырая пэўне. ”

Ф.Багушэвіч, 1897 г.

Сёлета спаўняецца 185 год з дня нараджэння Францішка Багушэвіча (21 сакавіка 1840 – 28 красавіка 1900) – беларускага грамадскага дзеяча, паэта, празаіка, публіцыста і перакладчыка, аднаго  з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Радавод Багушэвічаў

Будучы  славуты паэт і адвакат  нарадзіўся ў фальварку Свіраны Віленскага ўезда Віленскай губерні ў вялікай сям’і выхадцаў з дробнай шляхты Казіміра і Канстанцыі Багушэвічаў. У пары было 8 дзяцей, але да сталага ўзросту дажылі 4 сыны (Уладзіслаў, Францішак, Валерыян, Апалінар) і дачка Ганна. З 1846 г. сям’я перабралася ў спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павета, які ў 1749 г. набыў Францішкаў прапрадзед Антон Багушэвіч за 450 польскіх злотых. Да 40-ых гадоў XX стагоддзя род Багушэвічаў жыў у Кушлянах.

Казімір Восіпавіч вельмі ганарыўся сваімі сынамі, што растуць яны сумленнымі і працавітымі. Бывала, як выберуцца ў Жупраны ці Солы на кірмаш ці да касцёла, дык усе імі любаваліся: стройныя, ладныя, адзін у адзін, не хлопцы, а дубы, а з імі побач бацька. Бацька Багушэвіча быў пісьменны чалавек, таму і ўсім сваім дзецям стараўся даць адукацыю.

Сям'я Ф.Багушэвіча: маці Канстанцыя, сам паэт, сястра Ганна, браты Валерыян і Апалінар, ?, бацька Казімір
Францішак Багушэвіч, 1863 г.

Дзіцячыя гады будучага пісьменніка прайшлі ў асяроддзі, блізкім да сялянскага. Вучыўся Францішак спачатку дома ў хатніх настаўнікаў, затым працягнуў вучобу на чатырохкласным аддзяленні Віленскай гімназіі, якую паспяхова скончыў у 1861 г. Падчас навучання цікавіўся мовазнаўствам, матэматыкай і законазнаўствам. Калі Багушэвіч захацеў паступаць у Санкт-Пецярбург, трэба было падцвердзіць сваё шляхецкае паходжанне праз выпіску з “матрыкула”: “Франц Богушевич, из дворян Виленской губернии получил первоначальное образование в Виленской губернской гимназии, от которой имеет аттестат, выданные ему 27 июля 1861 года за № 1097 с подтверждением о способностях для поступления в университет и с правом на чин XIV класса при вступлении в гражданскую службу”.

Малады Францішак поступіў ва ўніверсітэт у Санкт-Пецярбургу на фізіка-матэматычны факультэт па спецыяльнасці “Астраномія”, але праз два месяцы быў адлічаны і забраў дакументы. Неспрыяльная абстаноўка студэнцкіх хваляванняў і мясцовы клімат, які пагоршыў яго стан здароўя, не далі магчымасці навучацца, але Францішак атрымаў добрую характарыстыку.

Ён добра ведаў, что будзе рабіць далей, калі вернецца дамоў: “Ісці ў народ, да народа, станавіцца вясковым настаўнікам”. Вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам сялянскіх дзяцей у вёсцы Доцішкі Лідскага павета. Францішак Багушэвіч прымаў удзел у падзеях 1863 г., быў паранены.

Аркуш графічны “Ф.Багушэвіч са школьнікамі ў Доцішках”; Сянькоўскі Генадзь Паўлавіч; 1986 г.
Габрыэля Багушэвіч, Расійская Імперыя, г. Вільня.

7 мая 1865 г. Багушэвіч падаў заяву з просьбай аб навучанні ў Нежынскім юрыдычным ліцэі. Горад Нежын быў абраны ім невыпадкова: падчас яго вучобы тут працаваў старшым лектарам сваяк па маці Аляксандр Галаўня. Вучоба скончылася 26 ліпеня 1868 г., і Багушэвіч працуе то судовым, то старшым следчым на Украіне да 1884 г. У гэты ж перыяд Францішку Багушэвічу пашчасціла сустрэць сваё каханне на ўсё жыццё – мінчанку Габрыэлю Шклёнік, якую ён ласкава называў Габай.

15 верасня 1874 г. у вёсцы Баркоўка пад Нежынам Францішак і Габрыэля ўзялі шлюб. На вяселлі прысутнічаў старэйшы брат Францішка – Уладзіслаў. Брат быў вайскоўцам, потым жыў і працаваў на Украіне. Францішак дапамог свайму брату ўладкавацца ў Нежынскім судзе. Калі Уладзіславу не хапала юрыдычных ведаў, яго кансультаваў малодшы брат.

Уладзіслаў Багушэвіч
Конотопъ XIX ст., фотапаштоўка

Маладая сям’я Багушэвічаў на 10 гадоў пасялілася ў Канатопе (зараз горад у Сумскай вобласці Украіны).

Неспакойнае і самотнае жыццё Францішка Багушэвіча вельмі змянілася, калі ў ім з’явілася Габрыэля. Яна была ўважлівая, мяккая, умела слухаць і заўсёды магла падтрымаць свайго мужа. У Канатопе ў пары нарадзілася двое дзяцей: дачка Канстанцыя (Туня) і сын Тамаш-Вільгельм. Багушэвіч стараўся не затрымлівацца на службе і не пакідаць надоўга сваю маладую сям’ю. Францішак і Габрыэля  часта гулялі разам па вулачках города, і мясцовыя жыхары добра ведалі іх сям’ю.

Хросным бацькам дачкі Канстанцыі Марылі быў дзядзька Уладзіслаў. Вельмі рана ў Туні выявіўся музычны талент: голас мецца-сапрана опернага тыпу. Бацька прыкладаў усе намаганні, каб дзяўчынка змагла навучацца музыцы і спевам. Праз свайго сябра Яна Карловіча ён дастаў віяланчэль і знайшоў музыку-настаўніка. Дзяўчына нават навучалася ў Дрэздане, дзе ёй прадракалі будучыню опернай спявачкі. Багушэвіч быў вельмі шчаслівы і ўскладаў на дачку вялікія надзеі, пра што пісаў у лісце да Элаізы Ажэшка: “Жадаю ёй шчасця не таго бліскатлівага, бразгучага, па-купецку важкага, што золатам і дастаткам завецца, а шчасця ўмець служыць найлепшаму і найшырэйшаму колу грамадства, узбагаціцца духоўна, зразумець прызванне, прызначэнне чалавека і быць гэтага вартым”.

Канстанцыя (Туня) Багушэвіч; 1908 г.

Туня вельмі пасябравала з Элаізай Ажэшка, не раз бывала на яе кватэры і спявала ёй. Аднак неўзабаве Туня моцна захварэла і страціла свой голас. Гэта была трагедыя для ўсёй сям’і Багушэвічаў. Гора яшчэ больш аб’яднала бацьку і дачку, у апошнія гады жыцця Багушэвіча Туня амаль не адыходзіла ад яго. Яна была вельмі падобная на бацьку і знешнасцю, і характарам. Яна, таксама была настаўніцай, навучала дзяцей французскай мове і вучні яе вельмі любілі і паважалі.

Мніховіч Канстанцыя з мужам Янам і сынам Франэкам

Туня была замужам за Янам Мніховічам, дырэктарам банка ў Ашмянах, сваім дваюрадным братам (сынам старэйшай сястры Ф. Багушэвіча Ганны). У Туні і Яна быў сын – Франэк. Памерла Туня ў 1937 г. праз некалькі дзён пасля смерці свайго мужа. Яна была пахавана ў Жупранах, побач з бацькам. Хворы Франэк, адзіны ўнук Францішка Багушэвіча, застаўся сіратой. Па звестках мясцовых жыхароў Франэк жыў у кушлянскай сялянскай сям’і. Мальвiна Трусевiч i яе дачка Марыя Дудэк даглядалi хворага хлопчыка да самай яго смерцi ў 1945 годзе.

У 1993 г. нашаму музею ў дар была перададзена сталовая лыжка, якая належала сям’i Багушэвiчаў. Яе перадала жыхарка Кушлянаў, тая самая Мальвіна Трусевіч, якая пэўны час служыла ў дачкi Багушэвiча і даглядала яе хворага сына. Набор сталовых лыжак быў падараваны ёй Туняй за добрую службу. З набору захавалася толькi адна лыжка.

Сталовая лыжка Багушэвічаў; 1874 г.

Сын Францішка і Габрыэлі Тамаш быў таленавіты, як і ўся сям’я Багушэвічаў. Найбольшая прага была ў яго да малявання. Тамаш вучыўся ў Віленскім рэальным вучылішчы, потым на архітэктурным факультэце ў Пецярбургу.

Як мастака і настаўніка з цеплынёй успамінаў Тамаша Пятро Бітэль – беларускі паэт, перакладчык, краязнавец, настаўнік, які пэўны час навучаўся ў яго. Пятро Іванавіч прыгадвае смешны эпізод, як ён аднойчы на занятку малявання зрабіў шарж на свайго настаўніка, але той меў добрае пачуццё гумару і не сварыўся на свайго вучня, а наадварот пахваліў малюнак. Ужо сталы Пятро Бітэль зноў намаляваў свайго настаўніка, па памяці.

Малюнак з кнігі У.Содаля "Сцежкамі Мацея Бурачка"
Унучкі Францішка Багушэвіча: Габрыэля, Станіслава і Канстанцыя з мачыхай; 1919 г.

Тамаш двойчы быў жанаты. Яго першая жонка  Юзэфа Маркоўская з Кушлян была санітаркай і даглядала раненых падчас Першай сусветнай вайны. На вайне яна захварэла і памерла. У Тамаша і Юзэфы было тры дачкі: Габрыэля, Станіслава і Канстанцыя. Гэта адзіныя ўнучкі Францішка Багушэвіча.

У 1970-я гг. даследчык Уладзімір Содаль пісаў лісты да Станіславы, якая паведаміла шэраг цікавых звестак пра сваю сям’ю. Яна ўспамінала, што яе бацька прыгожа маляваў акварэллю, алеем і рабіў цікавыя эцюды. Яго малюнкі аздаблялі сцены пакояў, але ў яе не засталося аніводнага на памяць. Памёр Тамаш у 1929 г. і быў пахаваны ў Жупранах, побач з бацькам.

Шмат гадоў Францішак Багушэвіч працаваў у судовай палаце. Асноўнымі кліентамі яго былі сяляне і гарадская бедната. Рыгор Семашкевіч, беларускі пісьменнік, літаратуразнавец, крытык, пісаў так пра Багушэвіча:

На ўсю Беларусь мільён пракурораў
І толькі адзін, толькі ён адвакат.

2 лютага 1884 г. Багушэвіч падаў прашэнне ў Нежынскі акруговы суд з просьбай звольніць са службы – фактычна, пайсці ў адстаўку. Паэт падарваў да гэтага часу здароўе, не нажыў капіталу і пад старасць спрабаваў зарабляць прыватнай адвакацкай практыкай. 25 сакавіка Францішак Багушэвіч з сям’ёй вяртаецца ў горад сваёй маладосці –
Вільню і займае пасаду пры акруговым судзе. Менавіта ў гэты перыяд разгарнулася яго творчая дзейнасць.

Дарункам лёсу была для Францішка Багушэвіча спадчына, атрыманая ім пасля смерці варшаўскага сваяка Тадэвуша ў 1896 г. Паэт здолеў разлічыцца з пазыкамі, адбудаваць нанова занядбаную бацькоўскую сядзібу ў Кушлянах.

20 мая 1898 г. Ф. Багушэвіч напісаў заяву на фактычнае вызваленне ад абавязкаў прысяжнага паверанага пры Віленскім акруговым судзе, каб цалкам аддацца творчай працы.  Пасля звальнення паэт-адвакат жыў у в. Кушляны, дзе і памёр  28 красавіка 1900 г. Пахаваны ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна на сямейных могілках.

Францішак Багушэвіч з сям'ёй і Нагродскім З. у Кушлянах на ганку дома
Жывапіс “Францішак Багушэвіч”; Кірэеў Мікалай Уладзіміравіч; 1990 г.

За год да сваёй смерці Ф.Багушэвіч напісаў такія радкі (у перакладзе М.Танка):

Гасне ўжо святло у змроку,
Прысак датлявае.
Ноч сцюдзёная навокал,
Попел астывае.
Не заззяе агонь болей
Весела і бурна,
Як і твой юнацкі голас
Ліры аднаструннай.

Жывапіс “Габрыэля Багушэвіч”; Кірэеў Мікалай Уладзіміравіч; 1990 г.

Жонка пісьменніка Габрыэля пражыла пасля яго яшчэ 29 гадоў і была пахавана побач з ім у Жупранах. Разам з ёй тут былі пахаваныя яе сын Тамаш (1876-1929), бацька Багушэвіча Казімір Восіпавіч (1800-1884), старэйшы брат паэта Уладзіслаў (1835-1903), які сваёй сям’і не меў і напрыканцы жыцця жыў у доме сваіх братоў.

Творчая спадчына Ф.Багушэвіча была досыць багатая, але многае было страчана. Пісаў Ф.Багушэвіч на беларускай мове лацінкай.  У сваёй паэзіі бліскуча скарыстаў традыцыі фальклору, паэтыку народнай песні і казкі, народныя прыказкі і прымаўкі. Aдвaкaт пa пpaфecii, Ф. Бaгyшэвiч i ў лiтapaтypы cтaў aдвaкaтaм – aбapoнцaм пpaвoў пpыгнeчaнaгa бeлapycкaгa cялянcтвa.

Францішак Багушэвіч
Ліст Ф.Багушэвіча да Э.Ажэшка (копія)

Пры жыцці паэт паспеў выдаць за мяжой два паэтычныя зборнікі “Дудка беларуская” (Кракаў, 1891 г., пад псеўданімам Мацей Бурачок) і “Смык беларускі” (Познань, 1894 г., пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава), а таксама апавяданне “Тралялёначка” (Кракаў, 1892 г.), падрыхтаваў да выдання паэтычны зборнік “Скрыпачка беларуская” (некаторыя даследчыкі мяркуюць, што зборнік паспеў выйсці ў свет) і кнігу прозы “Беларускія апавяданні Бурачка”. Лёс гэтых твораў нявысветлены і па сённяшні дзень. Вядома таксама, што пісьменнік друкаваў шматлікія карэспандэнцыі ў часопісе “Край”, працаваў над слоўнікам беларускай мовы, вёў актыўную перапіску з многімі выдатнымі сучаснікамі, такімі як Э.Ажэшка і Я. Карловіч.

У прадмове да зборніка “Дудка беларуская” паэт вызначыў асноўныя прыкметы існавання самастойнай беларускай нацыі, сцвердзіў немагчымасць існавання народа без роднай мовы: Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы”.

Кніга "Дудка беларуская"; Багушэвiч Францiшак Бенедыкт Казіміравіч; 1922 г.

“Дудка беларуская” была адной з самых папулярных кніг у Беларусі на пачатку ХХ стагоддзя. Зыгмунт Нагродскі, сябар Ф. Багушэвіча, у сваёй краме сельскагаспадарчых прылад у Вільні “з-пад прылаўка” рэкламаваў “Дудку беларускую” сярод сваіх пакупнікоў-сялян. “Дудка беларуская” і “Смык беларускі” рознымі шляхамі нелегальна траплялі да беларусаў. Яны перадаваліся з рук у рукі, многія змешчаныя ў іх творы перапісваліся, завучваліся на памяць, фалькларызаваліся. Такім чынам Багушэвіч аказаў уплыў на грамадскую думку, на далейшае развіццё роднай літаратуры. У прыватнасці, яго малодшы літаратурны пабрацім Адам Гурыновіч (1869–1894) з удзячнасцю пісаў:

Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею,
За тое, што ў сэрцы збудзіў ты надзею.
Што між братоў нашых знаходзяцца людзі
З кахаючым сэрцам і баляшчай грудзяй.
Дзякуй табе, браце, і за тыя словы,
Што ўспомнілі звукі нашай роднай мовы…

Кніга "Smyk bielaruski"; 1930 г.
Кніга "Смык Беларускі"; 1922 г.

Ф.Багушэвіч займаўся і лексікаграфічнай працай, ствараў картатэку беларускіх слоў. Але дзве вайны, якія выпалі на долю Кушлянаў, знішчылі частку архіва. Дачка і сын Багушэвіча, у якіх засталіся рэшткі гэтага архіва, не адкрылі яго навукоўцам ды даследчыкам, бо мелі да іх пэўны недавер.

 Да сённяшняга часу захавалася хата паэта, якую ён паставіў у 1896 годзе. Ацалела каменная абора, шуміць на сядзібе старасвецкі парк, большасць дрэў у якім пасаджана рукамі паэта.

2 чэрвеня 1990 г. у сядзібе адкрыўся філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча “Кушляны”.

Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча “Кушляны”
Камень на Лысай гары

Захаваўся таксама цікавы камень на тэрыторыі ўрочышча Лысая гара, непадалёк ад сядзібы. На ім выбіты надпіс “Памяці Мацея Бурачка 1900 г.”, зроблены сябрамі Ф.Багушэвіча пасля яго смерці. З успамінаў вядома, што тут ён сустракаўся з сябрамі, а пад самім каменем хаваў рукапісы.

Жыццё і творчасць Ф.Багушэвіча даследавалі многія літаратуразнаўцы і крытыкі: Генадзь Кісялёў, Адам Мальдзіс, Сцяпан Майхровіч, Уладзімір Содаль. Апошні прысвяціў кушлянскаму паэту-песняру шэраг кніг: “Жупранская старонка”, “Сцежкамі Мацея Бурачка”, “Свіранскія крэскі”, “Кушлянскі кут” і іншыя.

Уладзімір Содаль; 2001 г.
Уладзімір Содаль; 2000 г.

На думку У.Содаля, менавіта Кушляны сфармавалі ў юным Багушэвічу паэта: “Ад вясковых дзяцей Францішак вывучыцца таксама жывому беларускаму слову. Таямнічы свет кушлянскага наваколля Францішак спазнаваў праз легенды і паданні… Але каб гэты прыродны талент абудзіўся, прарэзаўся давялося шмат чаго яшчэ пабачыць, шмат чаго перажаць…”.

Уладзімір Ільіч ліставаўся з нашчадкамі Багушэвіча, сабраў шмат каштоўных матэрыялаў і фотаздымкаў з архіва пісьменніка, якія пазней былі перададзены яго ўдавой у фонды нашага музея.

Францішак Багушэвіч  – яpкaя пocтaць y гicтopыi бeлapycкaй лiтapaтypы XIX cт. Ён выпрацаваў асноватворчыя ідэі беларускага адраджэння, паставіў новыя прынцыпы і задачы літаратуры. Багушэвіч натхняў многіх творцаў, якія жылі на беларускай зямлі пасля яго. Спадчыну песняра з Кушлянаў наследавалі ў сваёй творчасці А. Гурыновіч, Цётка,
Я. Купала, Я. Колас, Я. Ціхінскі і інш.

Мемарыяльная дошка на сядзібе “Кушляны”

Матэрыял падрыхтавала Васільева Т.А., вядучы навуковы супрацоўнік аддзела фондаў

Спіс выкарыстанай літаратуры:

  1. Ад Чачота да Багушэвіча: праблемы крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры XIX ст. / Г. В. Кісялёў. – Мінск : Навука і тэхніка, 1993. – 395, [2] c.
  2. Багушэвіч, Ф. Творы: Вершы, паэма, апавяданні, артыкулы, лісты / Ф. Багушэвіч ; Уклад., прадм. Я. Янушкевіча; камент. У. Содаля, Я. Янушкевіча; маст. Г. Хінка-Янушкевіч. — Мінск : Маст.літ., 1991. — 309 с.
  3. Буйніцы і драбніцы : моўныя абразкі, артыкулы, лісты. Успаміны / Уладзімір Содаль ; [укладанне, рэдагаванне і прадмова М. Скоблы]. – Мінск : Лімарыус, 2019. – 561 с.
  4. Гісторыя беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя : вучэбны дапаможнік / І. Ф. Штэйнер, А. В. Брадзіхіна ; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. – Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2021. – 220 с.
  5. Жизнь и творчество Ф. Богушевича / С. К. Майхрович. – Минск : Издательство Академии наук БССР, 1961. – 297, [1] с.
  6. Жупранская старонка: [пра мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Ф. Багушэвіча] / Уладзімір Содаль. – Мінск : Полымя, 1992. – 60, [3] с.
  7. Рагойша, В. Францішак Багушэвіч у інтэр’еры стагоддзя// Беларуская думка. – 2010. – № 3. – С. 114–120.
  8. Сцежкамі Мацея Бурачка: пошукі, замалёўкі, нарысы / Уладзімір Содаль. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. – 196, [1] с., [24] л. іл., партр., факсім.
  9. Юрша В., Древо славного рода Богушевичей пополнилось новыми ветвями/ В. Юрша // Ашмянскі веснік – 2013. – 30 окт. – С. 4-5.
Close Menu