Фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ўяўляюць сабой унікальны збор музейных прадметаў, звязаных з гісторыяй беларускай літаратуры і налічваюць больш за 60 тысяч адзінак захоўвання.
Сярод найбольш значных па колькасці і адметнасці персанальных матэрыялаў вылучаюцца архівы пісьменнікаў Васіля Быкава, Васіля Віткі, Анатоля Вярцінскага, Цішкі Гартнага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Алеся Звонака, Васіля Зуёнка, Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Карызны, Кандрата Крапівы, Міхася Лынькова, Сяргея Новіка-Пяюна, Язэпа Семяжона, Цёткі, Івана Чыгрынава, Івана Шамякіна, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Лідзіі Арабей і інш.
Рарытэтамі музея з’яўляюцца рукапісныя кнігі і старадрукі ХVІІ–ХVІІІ стст., прыжыццёвыя выданні, рукапісы, асабістыя рэчы класікаў беларускай літаратуры, пісьменнікаў ХІХ–ХХ стст., каштоўныя выданні і перавыданні пачатку мінулага стагоддзя, кнігі з аўтографамі, экслібрысы, рэдкія адзінкі іканаграфіі, партрэты беларускіх пісьменнікаў, ілюстрацыі вядомых мастакоў Беларусі да твораў беларускай літаратуры.
Музейны збор уяўляе сабой комплекс разнастайных крыніц (рукапісы, рукапісныя кнігі, друкаваныя выданні, старадрукі, кнігі з аўтографамі). Пісьмовыя крыніцы складаюць каля 77% ад агульнай колькасці музейных прадметаў асноўнага фонду. На 01.01.2019 года ў музеі захоўваецца 60 128 прадметаў, у тым ліку ў асноўным фондзе – 53 331 адз., у навукова-дапаможным – 6 813 адз.
Фонд музейных прадметаў падзелены на калекцыі. Вызначаны 25 калекцый, зацверджана іх класіфікацыя. Аснову музейных фондаў складаюць кніжныя калекцыі: “Старадрукаваныя і рэдкія выданні”, “Кнігі”, “Кнігі з аўтографамі”. Калекцыі друкаваных выданняў налічваюць звыш 25 тыс.адз.
У калекцыю “Старадрукаваныя і рэдкія выданні” ўваходзяць 42 адз. Большую частку калекцыі складаюць кнігі ХVІІ–ХVІІІ стагоддзяў – гэта выданні вядомых друкарняў, якія дзейнічалі на тэрыторыі беларускіх зямель: віленскай Мамонічаў, Троіцкай, Супраслеўскай, Гродзенскай (Каралеўскай). Старадрукі беларускага паходжання прадстаўлены як кірылічнымі, так і друкаванымі лацінкай асобнікамі.
“Трыёдзь посная” (1609, Вільня) з’яўляецца самым раннім выданнем у калекцыі. Выданне было зроблена Лявонам Мамонічам з разлікам далейшага продажу ў Маскве. На паперы маюцца вадзяныя знакі: “Рыба”, герб “Ліс” з надпісам.
Кнігі Гродзенскай друкарні з музейнага збору з’яўляюцца перавыданнямі маскоўскіх: “Аб веры” (1785, Гродна – 1648, Масква), “Катэхізіс” (1788, Гродна – 1627, Масква), “Псалтыр” (1789, Гродна – 1652, Масква).
Кнігі на лацінцы – выданні ХVІІІ ст. Яны выйшлі ў друкарнях езуіцкіх калегій Нясвіжа і Полацка, езуіцкай акадэміі ў Вільні, Нясвіжскай друкарні князёў Радзівілаў. У пераважнай большасці гэта кнігі на лацінскай і польскай мовах, якія выкарыстоўваліся для навучання. Сярод іх выданні па філасофіі (рыторыка, творы Цыцэрона), падручнік па граматыцы лацінскай мовы і інш.
Рукапісныя кнігі з музейнага збору датуюцца пераважна другой паловай ХІХ ст. Па сваім прызначэнні гэта богаслужэбныя кнігі: “Трэбнік”, “Актоіх”, “Псалтыр” і інш. Сярод іх вылучаецца “Катэхізіс”, напісаны ў 1767 годзе, які складаецца з прадмовы на 58 старонках і перапісанага тэксту “Катэхізіса” Лаўрэнція Зізанія маскоўскага выдання 1627 года.
Значную цікавасць уяўляюць кнігі з бібліятэкі Уладзіміра Караткевіча: “Псалтыр…”, “Мінея”, “Пеўчыя святы”, якія былі набыты ў сястры пісьменніка Наталлі Кучкоўскай у 1996 годзе. На ўсіх экзэмплярах ёсць экслібрыс Уладзіміра Караткевіча.
Адметнай калекцыяй музейнага збору з’яўляецца калекцыя “Кнігі з аўтографамі”. Яна ўключае ў сябе кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў (паэтаў, празаікаў, літаратуразнаўцаў і перакладчыкаў). Пераважна гэта творцы сучаснага і найноўшага перыяду развіцця беларускай літаратуры (сярэдзіны ХХ – пачатку ХХІ ст.), з нешматлікай колькасцю выданняў з аўтографамі аўтараў першай паловы ХХ стагоддзя.
Сярод іх аўтографы пісьменнікаў Эдзі Агняцвет, Алеся Дудара, Сяргея Дзяргая, Гаўрылы Гарэцкага, Максіма Танка, Івана Шамякіна, Навума Перкіна, Фёдара Янкоўскага, Пятра Глебкі, Янкі Брыля, Івана Навуменкі, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Анатоля Кудраўца, Ніла Гілевіча, Міхася Стральцова, Сяргея Грахоўскага, Алега Лойкі і інш.
Самай значнай па колькасці з’яўляецца калекцыя “Кнігі”. Яна ахоплівае храналагічны перыяд з пачатку ХІХ па першае дзесяцігоддзе ХХІ стагоддзя. Асабліва каштоўнай часткай калекцыі з’яўляюцца першыя выданні твораў беларускіх пісьменнікаў, а таксама рэдкія перавыданні пачатку ХХ стагоддзя. Сярод іх: “Шчароўскія дажынкі”, “Купала” (1910) Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, “Першае выданне для дзетак беларусаў” (1906), “Беларускі лемэнтар або Першая навука чытання” (1906) Цёткі, “Дудка беларуская” (1907) і “Смык беларускі” (1908) Францішка Багушэвіча, “Жалейка” (1908) і “Гусляр” (1910) Янкі Купалы, “Другое чытанне для дзетак беларусаў” (1910) Якуба Коласа і інш.
Адметную частку калекцыі складаюць кнігі беларускіх пісьменнікаў 30- 40-х гг. ХХ стагоддзя, выданні ваеннага часу і першых пасляваенных гадоў: “У зялёнай дуброве” (1940), “Сцяг брыгады” (1943), “Прыгоды цымбал” (1945) Аркадзя Куляшова, “Слава жыццю” (1940), “Лесные огни” (1945) Анатоля Астрэйкі, “Новая ростань” (1930), “Аднагалосна” (1931), “Шырокае поле вайны” (1945) Максіма Лужаніна, “Насустрач сонцу” (1943), “У роднай хаце” (1946) Петруся Броўкі, “Дарога вайны” (1943), “Табе, Беларусь” (1942), “Дорога молодости” (1946) Пімена Панчанкі, “Глыбокая плынь” (1949), “Вазьму твой боль” (1949) Івана Шамякіна, “У завіруху” (1946), “Гарачы жнівень” (1948) Івана Мележа і інш.
Вылучаецца ў кніжнай калекцыі група мініяцюрных выданняў. Сярод іх пераважна выданні 70-90-х гг. ХХ стагоддзя, творы вядомых беларускіх пісьменнікаў ад старажытнасці да сучаснасці, у тым ліку класікаў беларускай літаратуры: Міколы Гусоўскага, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Петруся Броўкі, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і інш. Сярод даўніх кніг вылучаецца мініяцюрнае выданне “Паэзія А.Міцкевіча” (Варшава, 1898), якое выйшла да 100-годдзя з дня нараджэння паэта.
У калекцыі “Газеты” сабраны перыядычныя выданні, у тым ліку першай паловы ХХ стагоддзя – “Северо-Западный край” (1905), “Вестникъ Минскаго губернаторского коммисариата” (1917), “Минская газета” (1918), “Славянскія Известія” (1914), “Наша нива” (1906, 1909, 1912), “Звязда” (1921, 1928, 1935, 1936), “Савецкая Беларусь” (1920–1933). У ліку перыядычных выданняў, якія выйшлі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны – падшыўкі газеты “Раздавім фашысцкую гадзіну” (1941–1943).
Калекцыя “Рукапісы” налічвае звыш 3 тыс. музейных адзінак і ўключае рукапісы і машынапісы мастацкіх твораў і публіцыстыкі беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя.
Асаблівую каштоўнасць уяўляюць рукапісы твораў Васіля Быкава (чарнавыя варыянты аповесцяў “Сцюжа”, “Бліндаж”, апавяданняў “На Чорных лядах”, “Перад канцом” і інш.), Алеся Адамовіча (аповесць “Каратели”, аўтарскія сцэнарыі кінафільмаў “Имя сей звезде – Чернобыль”, “Возвращение в Хатынь”), Івана Чыгрынава (раманы “Свае і чужыя” і “Апраўданне крыві”), Віктара Казько (раман “Неруш” і інш.), Ніла Гілевіча (паэма “Родныя дзеці”), Кандрата Крапівы (вершы, байкі, артыкулы) і інш.
Значнае месца ў калекцыі рукапісаў займаюць перакладныя творы мастацкай літаратуры беларускіх пісьменнікаў Анатоля Вярцінскага, Уладзіміра Карызны, Генрыха Далідовіча і інш.
Калекцыя “Дакументы” налічвае больш за 3,5 тыс. адз. Да гэтай калекцыі адносяцца асабістыя дакументы беларускіх пісьменнікаў, якія характарызуюць іх творчую і грамадска-культурную дзейнасць: атэстаты, пасведчанні, афіцыйныя лісты, членскія білеты, запрашальныя білеты і інш. Асаблівае месца ў калекцыі займаюць асабістыя дакументы Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Кандрата Крапівы, Пімена Панчанкі, Івана Шамякіна, Сяргея Новіка-Пяюна, Янкі Маўра, Алеся Савіцкага, Вольгі Іпатавай і інш. Значным здабыткам з’яўляецца калекцыя членскіх білетаў Саюза пісьменнікаў Беларусі (1950-х – 1970-х гг.), якой папоўніўся музейны збор пасля сістэматызацыі архіва Марыі Хайноўскай.
Калекцыя “Эпісталярыі” складаецца з 6 тыс. адзінак і ўключае асабістую перапіску беларускіх пісьменнікаў (пісьмы і паштоўкі да родных, сяброў, іншых пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў і іншых асоб).
Вялікую каштоўнасць уяўляюць лісты Змітрака Бядулі да Чаржынскіх (1930-1940-я гг.), Максіма Танка да Міхася Лынькова (1942), лісты Кузьмы Чорнага да Кандрата Крапівы і Міхася Лынькова (1942), лісты з фронту Пімена Панчанкі, Аляксея Кулакоўскага, Алеся Мілюця, перапіска Пятра Глебкі і Пятра Прыходзькі і інш. Яны адлюстроўваюць факты ваеннай біяграфіі пісьменнікаў, гісторыю напісання вядомых мастацкіх твораў і інш.
Унікальнай часткай калекцыі з’яўляюцца эпісталярыі з архіва Васіля Быкава, якія раскрываюць акружэнне пісьменніка ў кантэксце сусветнай літаратуры: лісты ад Аляксандра Твардоўскага, Аляксандра Салжаніцына, Чынгіза Айтматава, Барыса Палявога, выдаўцоў і перакладчыкаў твораў Васіля Быкава на замежныя мовы і інш.
Значную частку ў калекцыях рэчавых помнікаў складаюць мемарыяльныя рэчы пісьменнікаў канца ХІХ – пачатку ХХІ стагоддзя – каля 3 тыс.адз. У музеі захоўваюцца асабістыя рэчы Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Міхася Лынькова, Янкі Маўра, Васіля Віткі, Пімена Панчанкі, Алеся Звонака, Уладзіміра Дубоўкі, Івана Шамякіна, Кандрата Крапівы, Янкі Брыля, Канстанцыі Буйло, Эдзі Агняцвет, Кузьмы Чорнага, Івана Чыгрынава, Еўдакіі Лось, Сяргея Новіка-Пяюна, Міхася Чарота, Францішка Багушэвіча, Цішкі Гартнага, Барыса Сачанкі, Адама Мальдзіса і іншых, якія дапамагаюць уявіць творчую атмасферу іх дзейнасці.
У тым ліку, гэта прадметы абстаноўкі: мэбля, у якой размяшчалася бібліятэка Кандрата Крапівы, Васіля Віткі, элементы кабінетаў Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Язэпа Лёсіка. Сюды адносяцца таксама рэчы, якія запаўнялі рабочы стол пісьменнікаў: пісьмовыя прылады, пішучыя машынкі, гадзіннікі, тэлефоны, сувеніры, прадметы, вырабленыя ўласнаручна і інш.
У складзе калекцый “Адзенне і аксесуары”, “Ткацтва”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” захоўваюцца асабістыя рэчы Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча, Цішкі Гартнага, Еўдакіі Лось, Сяргея Новіка-Пяюна, Канстанцыі Буйло, Максіма Гарэцкага, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна: гальштукі, пярсцёнкі, кулоны, кашулі, камізэлькі, сурвэткі і інш.
У складзе музейнага збору калекцый “Графіка”, “Жывапіс”, “Скульптура”, якія налічваюць звыш 2 тыс.адз. – мастацкія творы беларускіх мастакоў і скульптараў. Сярод іх:
партрэты “Францыск Скарына” Аскара Марыкса і Генадзя Ціхановіча, “Уладзімір Караткевіч” Леаніда Шчэмелева, “Васіль Быкаў” Міхася Будавея, “Цётка” Нінель Шчаснай і інш.
ілюстрацыі да твораў беларускай літаратуры вядомых мастакоў: графічныя работы Эдуарда Агуновіча, Уладзіміра Басалыгі, Анатоля Волкава, Юрыя Герасіменка-Жызнеўскага, Міколы Купавы, Арлена Кашкурэвіча і інш.;
скульптурныя творы Заіра Азгура, Андрэя Заспіцкага, Паўла Лука і інш.
Калекцыя “Фотадакументы” і “Кінафонадакументы” складаюць больш 6 тыс.адз. “Фотадакументы” змяшчаюць партрэты беларускіх пісьменнікаў, відавыя і падзейныя фатаграфіі ХХ–ХХІ стст. Сярод іх: партрэты вядомых пісьменнікаў, літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”, групавы партрэт пісьменнікаў 1930-1940-х гг., удзельнікаў значных падзей – з’ездаў, пленумаў, урачыстых сходаў, удзельнікаў Дзён беларускай культуры ў саюзных рэспубліках былога СССР. У музеі захоўваюцца фотаархівы Канстанцыі Буйло, Уладзіміра Дубоўкі, Алеся Звонака, Івана Чыгрынава, Ніла Гілевіча, Васіля Быкава, Пімена Панчанкі, Алеся Савіцкага, Міхася Лынькова, Лідзіі Арабей і інш.
У матэрыялах калекцыі “Археалогія” прадстаўлена культура ХІ–ХVІІ стст. Да ліку найбольш ранніх прадметаў эпіграфікі адносіцца фрагмент драўлянага вырабу (місы) з раскопак Мінскага замчышча (1981 год, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, даследаванні археолага, доктара гістарычных навук Георгія Штыхава, частка матэрыялаў перададзена даследчыкам музею ў 2002 г.). На прадмеце выразаны надпіс, у якім добра чытаецца слова “ПОМОЗИ”. Магчыма, “Господи помози рабу…”. Значную цікавасць уяўляе комплекс знаходак XII–XIII стст. з гарадзішча Маскавічы (Браслаўскі раён), перададзены ў музей у 1994 г. археолагам Людзмілай Дучыц. Гэта вапнавы камень з геаметрычным роспісам, костка з контурным малюнкам аголенай жанчыны, а таксама некалькі прасліц са знакамі. Матэрыялы калекцыі найперш уяўляюць цікавасць як сведчанні гісторыі і вытокаў развіцця беларускага прыгожага пісьменства.