Літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Беларусь – краіна талентаў. Беларускія пісьменнікі ў творчасці беларускіх мастакоў”
15 сакавіка 2024 года, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры распачне працу часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Беларусь – краіна талентаў. Беларускія пісьменнікі ў творчасці беларускіх мастакоў”. Адкрыццё – а 17-й гадзіне.
Выявы нашых літаратурных дзеячоў у творчасці нашых жа мастакоў – надзвычай удалая фарма для захавання і папулярызацыі гістарычнай памяці беларусаў. Бо кожны такі твор фіксуе ў гісторыі імёны адразу і пісьменніка, і мастака.
Літаратура здаўна была крыніцай творчага натхнення для мастакоў. Рысы твараў і характары герояў, удала падкрэсленыя, перададзеныя праз прызму аўтарскага бачання і таленту захапляюць гледача. Сіла мастацтва здольна не толькі выклікаць эстэтычныя пачуцці, але і абудзіць цікавасць да гісторыі.
Праз партрэты, скульптуры, бюсты, барэльефы на экспазіцыі прадстаўлены выбітныя постаці беларускіх літаратараў розных часоў, такія як Мікола Гусоўскі, Францішак Багушэвіч, Адам Міцкевіч, Карусь Каганец, Цішка Гартны, Максім Гарэцкі, Валерый Маракоў, Сяргей Грахоўскі, Рыгор Барадулін, Уладзімір Караткевіч, Іван Шамякін, Васіль Быкаў і іншыя.
Імёны аўтараў-мастакоў не менш гучныя: Георгій Паплаўскі, Леанід Шчамялёў, Мікалай Гуціеў, Эдуард Агуновіч, Мікалай Купава, Яўген Ціхановіч, Ала Замай і многія іншыя.
Выстава будзе працаваць па 29 снежня 2024 г. Будзе цікава вучнёўскай моладзі філалагічнага і мастацказнаўчага профіляў, педагогам, навукоўцам і ўсім аматарам беларускай літаратуры, гісторыі і мастацтва.
Куратар – старшы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Ірына Расціславаўна Князева.
Тэлефон для даведак і запісу на экскурсіі: +375 17 395 44 47.