Аўтарская лекцыя Змітра Юркевіча ““Чужое багацце”: таямніцы старой партытуры”
Опера “Чужое багацце нікому не служыць” убачыла свет амаль чвэрць тысячагоддзя таму. Але да сёння адказы на самыя важныя пытанні аб яе стварэнні так і не знойдзены. Аўтарам музыкі лічыцца Ян Давід Голанд. Але яго імя дадалося да “Чужога багацця…” толькі сто гадоў таму. Невядома імя лібрэтыста, дзе і калі адбылася прэм’ера, дзе опера ставілася пазней. Ад яе застаўся толькі рукапіс рэпеціторыя, на якім імя Голанда напісана алоўкам невядома калі і кім…
Сюжэт арыгінальнай оперы нескладаны. Галоўных герояў тры: Янак, Кася і яе бацька Чужапанак. Сацыяльны статус хлопца не зусім уцямны. Вядома, што ён чалавек спрытны і дасведчаны ў “чарадзействах без чараў”. Кася і Янак кахаюць адно аднаго, але бацька супраць іх шчасця. І каб пераканаць Чужапанка, што Янак як зяць — “тое, што трэба”, юнак разыгрывае спектакль, дзе бярэ на сябе дзве ролі. У першай ён — Чараўнік, які насылае на будучага цесця хтанічныя сілы. І той, падбухтораны Янкам, адпраўляецца ў лес шукаць “чараўніцкі скарб”. У другой ролі Янак — пераможца над сіламі цемры. Напрыканцы оперы ён атрымлівае руку Касі. Усе шчаслівыя, і ўсе спяваюць пра тое, што “чужое багацце нікому не на карысць”.
Музыказнаўцы знаходзяць шэраг паралеляў з іншымі творамі, тэатразнаўцы ў розныя часы займаліся атрыбуцыяй оперы, удавалася ім гэта з розным жа поспехам. Пры іх дапамозе і мы выправімся ў завочную вандроўку праз стагоддзі, каб паспрабаваць разабрацца ў справе аўтарства твора і яго загадкавым лёсе.
У рэальнасці ж знаёміць нас з таямніцамі тэатральнага, музычнага, літаратурнага свету будзе даследчык Зміцер Юркевіч на чарговай лекцыі праекта “Па мячы і па кудзелі. Гісторыя сям’і – гісторыя асобы” – “Чужое багацце”: таямніцы старой партытуры”.
Час: 22 лістапада 2024 года, 19:00.
Кошт білетаў: 8 рублёў.
Тэлефон для даведак: +375 17 363 56 21.
Адрас: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13.