Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Date

26 Ліст 2026 - 13 снеж 2026
Ongoing...

Выстава “Вясельная скрыня”

26 лістапада ў Літаратурным музеі распачынае працу выстава “Вясельная скрыня”, прысвечаная традыцыям беларускага вяселля і народнага тэкстыльнага мастацтва. Экспазіцыя знаёміць з аўтэнтычнымі тэкстыльнымі вырабамі беларускіх майстроў, дэманструе багацце фактур, колеравых рашэнняў, дэкору і арнаментацыі, характэрных для розных рэгіёнаў Беларусі. Аснову выставы складаюць прадметы з фондаў музея, многія з якіх упершыню прадстаўлены шырокай публіцы.

Тэкстыль быў неад’емнай часткай вясельнага пасагу нявесты. Палатно, сукно, адзенне, аксесуары, посцілкі, набожнікі, настольнікі і іншыя вырабы рыхтаваліся загадзя, нярэдка з юнацкіх гадоў. Яны сведчылі пра майстэрства жанчын у сям’і нявесты, яе працавітасць і дастатак.

Скрыня, або куфар, у якой захоўваўся пасаг, мела асаблівае значэнне. У ёй рэчы перавозіліся ў дом жаніха, дзе маладая развешвала ўласнаручна створаныя вырабы, дэманструючы сваё майстэрства і ўпрыгожваючы новую хату. Пасля вяселля куфар заставаўся ў жанчыны, а ключ ад яго яна захоўвала пры сабе, бо пасаг быў яе асабістым багаццем, якое перадавалася ў спадчыну.

Традыцыйны вясельны каляндар быў цесна звязаны з восеньскім і зімовым святочнымі цыкламі – завяршэннем земляробчага года, Пакровамі, Піліпаўскім постам і Калядамі. У гэты час жаночая праца пераносілася ў хатнюю прастору: на попрадках і вячорках стваралася тая рукадзельная прыгажосць, якая з цягам часу станавілася часткай сямейнай гісторыі.

У дзвюх залах музея прадстаўлены традыцыйныя посцілкі, абрусы і рушнікі, народныя строі і іх элементы, упрыгожванні, а таксама вясельныя фотаздымкі. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць аўтэнтычныя посцілкі, строі жаніха і нявесты і куфар з пасагам. У спалучэнні з гістарычнымі фотаздымкамі яны ствараюць цэласны мастацкі вобраз беларускага вяселля.

Традыцыйны беларускі тэкстыль – гэта не толькі гісторыя матэрыяльнай культуры і майстэрства нашых продкаў, але і адлюстраванне ўнікальнай эстэтыкі, светапогляду і філасофіі нашай зямлі, увасобленай у кожнай рэчы.

Запрашаем наведаць выставу “Вясельная скрыня” і адкрыць для сябе прыгажосць і сэнсы, захаваныя ў традыцыйным беларускім тэкстылі!

Выстава будзе працаваць па 13 студзеня 2027 г.

Уваходны квіток: 2,50 руб. – школьнікі, студэнты, 5 руб. – астатнія катэгорыі наведвальнікаў. Экскурсійнае абслугоўванне па папярэдняй замове.

Даведкі: +375 17 363 56 21.
Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13
.

  • 00

    days

  • 00

    hours

  • 00

    minutes

  • 00

    seconds

Close Menu