Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Date

28 Каст 2026 - 13 снеж 2026
Ongoing...

Выстава “Фіялкі зімою: жаночыя постаці пакалення асвечаных”

Шчэ не ваш, фіялкі, час!
З поўначы вятрыска вее
І на полі снег бялее,
Сонца свеціць, ды не грэе,
Шчэ зіма. Шкада мне вас!

Вы не ў лесе гэты раз,
Праз вакно на свет зірнулі,
Вы цяпло вясны адчулі.
Як жа вас тут падманулі:
Вы ў няволі – шкода вас!

Мне затое бачыць вас –
Нібы слухаць спеў птушыны,
Пах адчуўшы ваш адзіны,
Знаць вясеннія ўспаміны.
Я вітаю, кветкі, вас!

Для каго йдзе хутка час
І пара не веснавая,
А ўжо восень набягае,
Хто цану былому знае,
Той заўсёды любіць вас!

Габрыэля Пузына “Фіялкі зімою”

28 кастрычніка ў Літаратурным распачынае працу выстава “Фіялкі зімою: жаночыя постаці пакалення асвечаных”. Экспазіцыя прысвечана літаратуры апошняй трэці ХVIII-першай паловы ХІХ стст., прадстаўленай праз творчасць жанчын-літаратарак эпохі Асветніцтва.

Жанчыны-пісьменніцы або грамадскія дзяячкі ў гэты перыяд успрымаліся даволі неадназначна, асабліва, калі яны не вылучаліся арыстакратычным паходжаннем. Таму імёнаў літаратарак, мастачак, якія ў зацішных кутах сядзібаў наважваліся ствараць або марыць пра прафесійную творчую кар’еру, мы сёння ведаем вельмі мала. Іх вершы, паэмы і іншыя творы выходзілі ў перыядычным друку дзякуючы заступніцтву высокіх асобаў: як прыклад, паэма “Шчорсы” Тэафілі Глінскай.

Для творчасці была патрэбная сапраўдная мужнасць. Тут паказальны прыклад з Тэкляй Урублеўскай, якая марыла аб кар’еры прафесійнай літаратаркі, але зламала пяро пасля жорсткай крытытчнай рэцэнзіі, напісанай Лявонам Бароўскім. Былі выпадкі і адваротныя. Габрыэля Пузына шмат пісала і друкавала, а таксама трымала свой літаратурны салон. Але яна была арыстакраткай і мела шырокія сацыяльныя і сямейныя сувязі. Тое ж тычылалася і Ганны Мастоўскай, якая паходзіла з Радзівілаў.

Напэўна, найбольш вядомая сярод гераінь, прадстаўленых у экспазіцыі,  Ганна Цюндзявіцкая. Яе кніга не была творам паэтычным ці празаічным. Гэта быў падручнік па хатняй гаспадарцы, рэч патрэбная і карысная. Таму кніга вытрымала 14 перавыданняў. Асобны тэматычны блок прысвечаны Марыі Чарноўскай – піянерцы  беларускай фалькларыстыкі.

Выстава створана як падсумаванне праекта “Па мячы і па кудзелі. Гісторыя сям’і – гісторыя асобы” – цыкла аўтарскіх лекцый даследчыка, архівіста Змітра Юркевіча. Менавіта дзякуючы гэтаму праекту імёны многіх з гераінь ужо добра вядомыя сябрам музея. Як і на лекцыях, на экспазіцыі з літаратурным працэсам апошняй трэці ХVIII- першай паловы ХІХ стст. мы знаёмімся праз гісторыю сямей, творчых асяродкаў розных куткоў Беларусі, і жыццяпісы літаратарак. Не маючы магчымасці паказаць іх арыгінальныя выданні, якіх няма нават у беларускіх бібліятэках, на выставе мы прадстаўляем кнігі іх сяброў, сучаснікаў, натхняльнікаў, творы іх кола чытання, а таксама літаратуру, у якой ёсць згадкі іх імёнаў, даследванні творчасці ці біяграфіі.

Усе капійныя матэрыялы і кніжныя выданні для стварэння экспазіцыі прадастаўленыя музею Змітром Юркевічам.

Выстава будзе працаваць па 13 снежня 2026 г.

Уваходны квіток: 2,50 руб. – школьнікі, студэнты, 5 руб. – астатнія катэгорыі наведвальнікаў. Экскурсійнае абслугоўванне па папярэдняй замове.

Тэлефон для даведак: +375 17 363 56 21.

Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

  • 00

    days

  • 00

    hours

  • 00

    minutes

  • 00

    seconds

Close Menu