Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Этнасусвет: строй як спосаб убачыць сябе

30 верасня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася фотавыстава Кацярыны Аракчэевай «Этнасусвет», якая стала чарговай падзеяй праекта «Кола года».

У аснове экспазіцыі – фотапартрэты сучасных беларусак у традыцыйных строях з прыватных калекцый і дакладных рэканструкцыях аўтэнтычных касцюмаў. На час фотасесіі жанчыны атрымлівалі магчымасць апрануць строі, некаторым з якіх больш за сто гадоў. Тое, што звычайна захоўваецца за шклом музейнай вітрыны, на нейкі момант станавілася часткай жывога вобраза.

У аб’ектыве Кацярыны Аракчэевай мяняецца не толькі знешнасць гераінь. Разам са строем змяняюцца постаць, пластыка, выраз вачэй – і ўзнікае адчуванне сустрэчы сучаснай жанчыны з культурнай памяццю, якую яна носіць у сабе. Фотаздымкі дазваляюць убачыць прыгажосць традыцыйнага адзення ў дэталях – ткацтве, вышыўцы, арнаменце, колеры.

На адкрыццё сабралася шмат гледачоў. Сярод іх – мадэлі, чые вобразы сталі часткай фотапраекта, даследчыкі традыцыйнага адзення, мастацтвазнаўцы, прадстаўнікі культурнай супольнасці і ўсе, каму цікавая беларуская спадчына. Цікавасць да выставы была відавочнай яшчэ да яе адкрыцця, а вечар стаў нагодай не толькі ўбачыць фотаздымкі, але і пагаварыць пра беларускі строй, яго гісторыю і сучаснае прачытанне.

Свой «Этнасусвет» Кацярына Аракчэева прадставіла адразу ў некалькіх вымярэннях. Яна вядомая не толькі як фатограф і дызайнер, але і як даследчыца традыцыйнага беларускага адзення, спявачка. Таму адкрыццё не абмежавалася размовай пра фатаграфію: у выкананні Кацярыны прагучалі народныя песні, якія сталі яшчэ адным спосабам расказаць пра свет, увасоблены ў яе праекце.

Таксама на выставе былі прадстаўлены строі з некалькіх гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі.

Асобнай падзеяй вечара стала дэманстрацыя традыцыйнага строю. Аляксандра Мятлеўская, майстар-рэканструктар традыцыйнага адзення, на вачах у публікі апранала мадэль, распавядаючы пра прызначэнне і асаблівасці кожнай дэталі – ад сарочкі і спадніцы да галаўнога ўбору і ўпрыгожанняў. Тое, што госці бачылі на выставе як экспанат і фотавобраз, атрымала працяг у жывым дзеянні.

Дзякуем Кацярыне Аракчэевай за магчымасць дакрануцца да яе «Этнасусвету» і паглядзець на традыцыйны строй не толькі як на частку спадчыны, але і як на спосаб па-новаму адчуць і ўбачыць сябе.

Жадаем праекту далейшага жыцця, новых гледачоў і сустрэч.

«Этнасусвет» можна наведаць у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры да 22 лістапада 2026 года.

Close Menu