Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Восеньскі настрой з адрасам: Завоссе

26 верасня ў Музеі-сядзібе Міцкевічаў «Завоссе» было асабліва шматлюдна, гучна і ўтульна – тут прайшло традыцыйнае літаратурна-музычнае свята «Восень у Завоссі».

На некалькі гадзін старадаўняя сядзіба ператварылася ў вялікую творчую пляцоўку. Тут гучалі вершы і музыка, адбываліся сустрэчы з літаратарамі і даследчыкамі, працавалі майстар-класы, квэсты і інтэрактыўныя пляцоўкі, а на алеі разгарнуўся «Горад майстроў».

Свята ўрачыста адкрылі арганізатары, пасля чаго на галоўнай сцэне выступілі паэты і творчыя калектывы Баранавіцкага раёна. Музычную частку праграмы прадоўжылі ансамбль польскай песні «Івянчанка» і фолк-гурт «Сарматы».

Асобная праграма чакала гасцей у гумне. Тут даследчык Зміцер Юркевіч расказаў пра Ігната Дамейку і яго сувязь з паэмай «Пан Тадэвуш». Паэт Аляксей Жбанаў пазнаёміў слухачоў са студэнцкім фальклорам эпохі Міцкевіча, а Ігар Бабкоў і Ірына Дубянецкая разважалі пра «Дзяды» Адама Міцкевіча, архетыпы і культурны код паэмы.

Літаратурнае жыццё віравала і на бібліятэчным падворку. Свае творы прадстаўлялі аўтары з Пінска, Ганцавічаў, Ляхавіч, Лунінца, Баранавічаў і Баранавіцкага раёна.

Гасцей таксама запрашалі на экскурсіі па музейнай экспазіцыі, у гасцёўню Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку.

Але «Восень у Завоссі» – гэта не толькі праграма. Гэта пра тое, каб павольна прайсціся па сядзібе, пагартаць кнігу пад восеньскім небам, зрабіць нешта сваімі рукамі, паслухаць музыку, завесці новыя знаёмствы і проста пабыць у месцы, дзе калісьці пачалася гісторыя вялікага паэта.

Дзякуем усім, хто быў з намі ў гэты дзень!

І пакідаем вам гэтыя кадры – няхай яны яшчэ крыху патрымаюць атмасферу таго незабыўнага дня.

Фота – Міхаіл Туміловіч. Поўная фотасправаздача – па спасылцы.

Close Menu