Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Аўтарская лекцыя Змітра Юркевіча

Імя таленавітага італьянскага аўтара Алясандра Данэзі, які 10 гадоў пражыў на нашых землях у Слоніме і Нясвіжы, абмінута ўвагай. Звесткі аб адмыслоўцу вельмі і вельмі сціплыя, часам памылковыя.

Да таго, як у першай палове 1770-х перабрацца ў Рэч Паспалітую, ураджэнец Рыма Алясандра Данэзі дасягнуў немалых поспехаў на радзіме. Самая ранняя згадка яго як творцы тычыцца калабарацыі з легендарным італьянскім лібрэтыстам і драматургам, оперным рэфарматарам П’етра Метастазіа. Пазней Данэзі паехаў у Львоў. Да красавіка 1775-га аўтар нібыта займаў пасаду прыдворнага капельмайстра ў Лявона Шаптыцкага, будучага ўніяцкага мітрапаліта. Затым была Варшава. А пасля 3 гады, праведзеныя Данэзі ў Слоніме на службе ў вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага. І былі яны надзвычай плённымі. Перш-наперш для рэпутацыі мясцовага аркестра і тэатра. Важны ўнёсак капельмайстра Данэзі ў станаўленне слонімскага тэатра: “Знакаміты аркестр, складзены з вялікай колькасці асоб пад кіраўніцтвам італьянскага дырыжора Алясандра Данэзі, часта даваў выдатныя канцэрты, і папраўдзе добрая польская опера выклікала захапленне ўсёй Літвы”. Міхал Казімір Агінскі з дапамогай італьянскага майстра пісаў оперы.

Чарговая згадка Данэзі датуецца 1782 годам. Сярод асоб, што маюць дачыненне да нясвіжскага тэатра Караля Радзівіла, фігуруе і Аляксандр Данэзі. Гэта “музыкант і спявак”, які “атрымлівае штогод чырвоных злотых 240 і навучае хлопцаў”. Заробак Данэзі, дарэчы, адзін з самых высокіх.

Надвячоркам 17 верасня 1784 года ў прысутнасці караля Панятоўскага адбываецца першы паказ оперы “Агатка”. Апладысменты, кулісы. Каралеўскі сакратар, вялікі пісар літоўскі Адам Нарушэвіч, расказваючы ў дзённіку пра склад капэлы, расставіў акцэнты так: “Данэзі, кампазітар, Голанд, кампазітар, Альберціні, капельмайстар”…

Наступная лекцыя праекта “Па мячы і па кудзелі.  Гісторыя сям’і – гісторыя асобы” дазволіць нам супаставіць прыведзеныя вышэй і яшчэ тузін іншых фактаў і паспрабаваць разабрацца ў тым, хто ўсё ж стварыў знакамітую “Агатку”? Данэзі, Годанд?..

Апавядаць пра прыгоды італьянскага кампазітара на беларускіх землях і дзяліцца сваімі архіўнымі знаходкамі будзе даследчык Зміцер Юркевіч.

Шчыра запрашаем у Літаратурны!

Час: 15/09/2026, 19:00.

Кошт білетаў: 8 рублёў.

Тэлефон для даведак: +375 17 363 56 21.

Адрас: вул. М. Багдановіча, 13.

Close Menu