Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Віртуальны праект да 125-годдзя з дня нараджэння Віталя Вольскага

Творы Віталя Вольскага вызначаюцца не толькі шырокімі навуковымі ведамі, але і глыбокай любоўю да прыроды. А разуменне прыроды і любоў да яе з’яўляюцца адной з важнейшых асноў выхавання чалавека. Кнігі В.Вольскага могуць быць пастаўлены ў адзін рад з кнігамі такіх вядомых пісьменнікаў, як М.Прышвін і В.Біянкі.”

Янка Маўр

5 верасня літаратурны свет адзначае 125годдзе з дня нараджэння беларускага пpaзaiка, дpaмaтypга, лiтapaтypaзнaўца, краязнаўца, грамадскага дзeяча Віталя Фрыдрыхавіча ВольскагаЗэйдэля.

Віталь Фрыдрыхавіч Вольскі-Зэйдэль нарадзіўся 5 верасня 1901 г. у г. Пецярбургу ў сям’і дзейснага тайнага саветніка, юрыста, немца па паходжанні Фрыдрыха Карлавіча Зэйдэля. Атрымаў добрую адукацыю ў гімназіі, ведаў 5 моў. Юнацтва будучага пісьменніка супала з гадамі рэвалюцыі. Ён захапіўся ідэямі сацыялізму, уключыўся у рэвалюцыйны рух. З 1918 г. пpaцaвaў нa Tpyбaчным зaвoдзe, пoтым y Kaмicapыяцe гapaдcкoй гacпaдapкi Пeтpaгpaдa. З 1919 г. у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне. Служыў у пагранічных войсках і органах ВЧК. Heкaтopы чac жыў нa Koйдaнaўшчынe, cлyжыў y 16-м пaгpaнaтpaдзe.

У 1923-1924 гг. узначальваў аб’яднаную з памежнікамі Койданаўскую валасную камсамольскую арганізацыю. З 1926 г. – старшы інспэктар Галоўнага рэпэртуарнага камітэту БССР, у 1927 г. скончыў Камуністычны ўнівэрсытэт Беларусі. З 1928 г. – старшы інструктар кінафікацыі Белдзяржкіно, з 1929 г. – дырэктар Віцебскага мастацкага тэхнікума, з 1930 г. – дырэктар Беларускага драматычнага тэатра ў Віцебску.

Працаваў на розных пасадах ва ўстановах культуры і адукацыі Беларусі. У 1932–1936 гг. – дырэктар Інстытута літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР, адначасова працаваў рэдактарам часопіса “Мастацтва і рэвалюцыя” і кіраваў Беларускім федэратыўным аб’яднаннем савецкіх пісьменнікаў (БелФАСП).

Кандыдат філалагічных навук (1934). Удзельнічаў у першым з’ездзе савецкіх пісьменнікаў (Масква, 1934), з таго часу член Саюза пісьменнікаў СССР. Звольнены з пасады дырэктара і выключаны з партыі за “недастатковую барацьбу з ворагамі народа”. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў у Маскве. З красавіка 1942 г. загадваў аддзелам у рэдакцыі сатырычнай газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, з лістапада 1943 г. – у рэдакцыі часопіса “Беларусь”. у 1948–1954 гг. быў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР, у 1953–1966 гг. узначальваў праўленне Літфонда БССР. У 1971 г. Віталю Фрыдрыхавічу Вольскаму было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.

Беларускае друкаванае слова Віталю Вольскаму трапіла ў рукі ў 1920 г., а першым вершам па-беларуску быў верш Якуба Коласа “Нёман”, першай
кнігай –  зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок” (1917 г.). Вельмі захапіўся беларускай мовай, пачаў збіраць фальклор. У чырвонаармейскім рэчавым мяшку будучы пісьменнік насіў з сабою сшыткі, куды запісваў народныя песні, паданні, казкі, прымаўкі, дыялекты, краязнаўчыя матэрыялы.

У 1927 г. скончыў Камуністычны ўніверсітэт імя У.І. Леніна. Шмат працаваў, часта выступаў у рабочых клубах, на розных дыспутах, на абмеркаваннях мастацкіх выставак і тэатральных спектакляў.

Літаратурную дзейнасць Віталь Вольскі пачаў у 1926 г. Даследаваў народную творчасць і старажытную рукапісную літаратуру беларускіх татараў – кітабы.

Аўтар кніг: “Праблемы беларускай савецкай драматургіі” (1934), “Эдуард Самуйлёнак: жыццё і творчасць” (1951), “Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры эпохі феадалізму” (1958). Адзін з аўтараў дапаможніка для студэнтаў ВНУ “Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры” (1956), падручніка для 9-10 класаў “Беларуская савецкая літаратура” (1948–1954).

Глыбокае веданне фальклору, праца ў тэатры дапамаглі В. Вольскаму стварыць новы для беларускай літаратуры жанр – драматычную казку. Першая п’еса-казка “Цудоўная дудка” – з’явілася ў 1938 годзе, а праз год адбылася пастаноўка. Дарэчы, ёй суджана было стаць першым арыгінальным нацыянальным спектаклем у Тэатры юнага гледача. У гэтай п’есе аўтарам творча выкарыстаныя элементы некалькіх народных казак. Галоўным жа героем стаў просты сялянскі хлопец Янка, абаронца бедных, абяздоленых, барацьбіт за праўду і справядлівасць.

Фальклорныя матывы В. Вольскі выкарыстаў і ў наступнай сваёй п’есе-казцы – “Дзед і жораў” –
у 1940 г. для тэатра лялек. У ёй, як і ў “Цудоўнай дудцы”, шмат прыказак і прымавак, якія арганічна ўваходзяць у сюжэтную канву твора. Разам з тым навідавоку свабодны палёт аўтарскай фантазіі, што дазваляе дапоўніць ужо вядомае, робіць яго больш фантастычным, неверагодным, а значыць, і прывабным. Асабліва для дзяцей, каму гэтыя творы і адрасаваныя. Брэсцкі тэатр лялек двойчы ставіў спектакль паводле п’есы “Дзед і жораў” (1968, рэжысёр А. Сярогін, мастак Л. Доўбуш; 1994, рэжысёр Д. Нуянзін, мастак М. Данько).

Набыты вопыт, адшліфаванасць пяра асабліва спатрэбіліся Віталю Фрыдрыхавічу падчас працы над п’есай “Несцерка”, якой наканавана было стаць ягоным галоўным драматургічным творам. У 1941 г.  гэта п’еса была адзначана першай прэміяй на Усесаюзным конкурсе на лепшы драматургічны твор. У тым жа годзе яна набыла сцэнічнае ўвасабленне, і па сённяшні дзень спектакль па ёй, які перажыў не адну рэдакцыю, з’яўляецца свайго роду візіткай Беларускага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа. “Несцерка” нязменна адкрывае кожны яго чарговы сезон. У 1946 г. спектакль быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР, у 1955 г. па творы зняты аднайменны фільм. У 1970–я гг. “Несцерка” ішоў на сцэнах шэрага беларускіх тэатраў.

У 1946 г. В. Вольскі напісаў п’есу “Машэка”, якая была пастаўлена толькі ў 1956 г. Праўда, лёс спектакля па ёй аказаўся куды менш шчаслівы.

Творчыя камандзіроўкі, сустрэчы з людзьмі прывялі Віталя Вольскага да напісання твораў для маладога пакалення. Асноўная тэма ў іх – прырода, беларускія краявіды. Па сцэнарыі пісьменніка ў 1946 г. быў створаны навукова- папулярны фільм “Белавежская пушча”, у 1965 г. – дакументальны фільм “Бярэзінскі запаведнік”.

Пісьменнік аб’ездзіў усе запаведныя куткі Беларусі. Вялікая роля Віталя Фрыдрыхавіча і ў развіцці мастацка-краязнаўчай літаратуры для дзяцей. Сёння, як вядома, у гэтым кірунку паспяхова працуюць шмат якія пісьменнікі. В. Вольскі на той час меў толькі аднаго папярэдніка – Янку Маўра. Але працаваў настолькі паспяхова, што здолеў за параўнальна кароткі прамежак часу стварыць цэлую бібліятэчку, што дазваляе спасцігнуць Беларусь праз адметнасць, хараство яе прыроды: “Па лясных сцежках” (1948), “У лясах над Бярозай” (1955), “Месяц за месяцам” (1956), “У бабровых азёрах” (1957), “Чайкі над Нараччу” (1959), “Палессе” (1971) і іншыя. Сярод ягоных мастацка-краязнаўчых кніг вылучаецца “Падарожжа па краіне беларусаў” (1968 г.), якая цяпер успрымаецца папярэдніцай знакамітага нарыса Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”. У 1977 г. выйшлі “Выбраныя творы” ў 2 тамах.

Пішучы сваё “Падарожжа па краіне беларусаў”, В. Вольскі, каб прывабіць юнага чытача, знайшоў арыгінальны прыём. Успомніўшы любоў дзяцей да казак, прапанаваў хлопчыкам і дзяўчынкам адправіцца ў палёт над роднай старонкай на незвычайным кіліме-самалёце, каб, па меры неабходнасці, рабіць прыпынкі ў тым ці іншым месцы, пры гэтым пераносячыся і на шмат гадоў назад. Дарэчы, першая частка кнігі называецца “Палёт праз стагоддзі”.

У кастрычніку 1970 г. у часопісе “Маладосць” з’явіліся “Падарожныя замалёўкі”. Гэта былі мастацкія запісы пра Лунінец, Лунін, Кажан-Гарадок, Столін, Давыд-Гарадок, Мазыр і іншыя вёскі і гарады Палесся. У 1971 г. выдаў кнігу краязнаўчых нарысаў “Палессе”, у якую былі сабраны ўражанні ад паездак па беларускім Палессі. Кніга выклікала вялікую цікавасць у краязнаўцаў. Другое выданне кнігі “Палессе” выйшла ў 1974 г.

Напісаў Віталь Фрыдрыхавіч і кнігі, прысвечаныя больш экзатычным краінам – “Афрыканскае падарожжа” (1963) і “Эль Махрыб” (1965), “Под небом Африки” (1969). У аснове іх – назіранні падчас вандровак у Сенегал, Бераг Слановай Косці, Гвінею, Туніс, Марока.

Ён пераклаў на беларускую мову сатырычную паэму І. Гётэ “Рэйнеке–ліс”, раманы В. Брэдэля “Выпрабаванне” і М. Кульбака “Зельманцы”.

Віталь Фрыдрыхавіч быў чалавекам роўным, добразычлівым. Сябраваў з Янкам Маўрам, Петрусём Броўкам, Пятром Глебкам, Кузьмой Чорным, Кандратам Крапівой. Пражыўшы доўгае жыццё, не страціў прагі да пазнання свету, захаваў бадзёрасць, аптымізм, жаданне творча працаваць.

В.Ф. Вольскі-Зэйдэль узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, “Знак Пашаны”, медалямі. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1971 г.).

Віталь Вольскі пайшоў з жыцця 22 жніўня 1988 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры на сённяшні дзень захоўваецца 186 прадметаў звязаных з жыццём і творчасцю Віталя Фрыдрыхавіча Вольскага-Зэйдэля. Дзякуючы Атраховіч Зоі Мікалаеўне ў 2007 г. асабісты фонд В. Вольскага папоўніўся кнігамі. Зараз фонды нашага музея налічваюць 53 кнігі В. Вольскага, 25 з іх –  з аўтографам аўтара Васілю Вітку, Аляксею Русецкаму, Міколе Хведаровічу, Алесю Кучару, Сяргею Новіку-Пяюну, Марыi Хайноўскай і інш. Асноўную частку складаюць рукапісы, якія паступілі ў фонды  ў 2014 г. У гэтым жа годзе ўнучка народнага пісьменніка Міхася Лынькова, доктар філалагічных навук, прафесар Белдзяржуніверсітэта Ірына Энгелеўна Ратнікава, перадала музею фатаграфіі. У нашых фондах захоўваюцца друкаваныя выданні, эпісталярыі, дакументы, газеты і часопісы, у тым ліку і тыя, дзе друкаваўся Віталь Вольскі.

Матэрыял падрыхтавала Наталля Балашова,
загадчык сектара ўліку фондаў аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання фондаў

Close Menu