Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Прэзентацыя выставы мастацкіх работ Анатоля Гармазы “Ах, колькі ёсць красы…”

19 жніўня а 18-й гадзіне Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае вас на прэзентацыю выстава класіка беларускай карыкатуры Анатоля Гармазы, які ў гэты раз паўстае перад гледачом у новай іпастасі – як тонкі лірык і майстар пейзажу, прадаўжальнік традыцый нацыянальнага пейзажнага жывапісу. Прэзентуюцца работы, створаныя падчас пленэраў у любімых куточках Беларусі. Мастак імкнецца захаваць пачуццё непасрэднай блізкасці да беларускай прыроды з яе пагоркамі і пералескамі, барамі і дубравамі, ляснымі азёрамі і рачулкамі.

Мастацкія работы Анатоля Гармазы перадаюць велічнасць моманту і глыбокі лірызм, спалучаюць знешнюю маляўнічасць з філасофскім асэнсаваннем жыцця, яго хуткаплыннасці і абнаўлення, знікнення старога і нараджэння новага. Мастак абапіраецца на класічныя падыходы, але мае адметны стыль, які адчуваецца ў кампазіцыі, каларыце і манеры пісьма. Яго карціны не з’яўляюцца ілюстрацыямі да вершаў Максіма Багдановіча, але гарманічна перагукваюцца з паэзіяй класіка, абодва творцы шукаюць «красу і светласць, і прастор» і шчодра дзеляцца сваім бачаннем свету.

Анатоль Гармаза – вядомы беларускі мастак. Нарадзіўся 10 лютага 1955 г., у в. Навасады, (Дзяржынскі раён, Мінская вобласць). Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава, мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава. З 1978 г. літаратурны супрацоўнік часопіса «Вожык», з 1984 г. – галоўны мастак гэтага часопіса, з 1995 г.  – шэф-рэдактар газеты «Пікнік». На сённяшні момант Анатоль Іванавіч – генеральны дырэктар ААТ «Рэдакцыя газеты “Шапакляк”», сярод выданняў якой – газеты «Друг пенсионера», «Шапокляк», часопісы «Я на пенсии», «Зайкина школа», «Сказка на ночь» і інш. А.І.Гармаза – удзельнік рэспубліканскіх і замежных выстаў, штогод прымае ўдзел у міжнароднай выставе карыкатуры ў Турцыі.

Выстава працуе з 19 жніўня па 30 верасня 2026 года.

Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а.

Тэл. для даведак: +375 17 355 22 95.

Close Menu