Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

«Экалагічная дысперсія»: паглядзець на мастацтва бліжэй

23 ліпеня 2026 года ў музеі адбылася куратарская экскурсія Змітра Юркевіча па абноўленай выставе мастацкіх работ Алеся Родзіна «Экалагічная дысперсія».

Выстава змянілася – у экспазіцыі з’явіліся новыя работы, а значыць, ёсць нагода завітаць яшчэ раз і адкрыць для сябе творчасць мастака па-новаму.

Да 31 жніўня 2026 года «Экалагічная дысперсія» працягвае працаваць у музеі.

А ў жніўні чакаем на чарговую зборную экскурсію Змітра Юркевіча – стваральніка і куратара выставы, які шмат гадоў быў побач з Алесем Родзіным і добра ведае яго творчы шлях. Гэта магчымасць не проста паглядзець работы, але і пачуць гісторыі, кантэкст і асабістыя назіранні чалавека, які ведае мастака і яго творчасць знутры.

Запрашаем на выставу!

Можна завітаць самастойна або дачакацца наступнай экскурсіі з куратарам.

Сачыце за нашымі абвесткамі – дату зборнай экскурсіі хутка паведамім.

Хто такі Алесь Родзін?

Алесь Родзін (Аляксандр Іванавіч Родзін, 1947–2022) — беларускі мастак, жывапісец і перформер, адзін з найбольш адметных прадстаўнікоў беларускага авангарду.

Скончыў аддзяленне дызайну і жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, дзе вучыўся ў Івана Ахрэмчыка, Натана Воранава і Хаіма Ліўшыца.

Творчасць Родзіна вылучаецца шматзначнасцю, мікраскапічнай дакладнасцю, складанай сімволікай і спалучэннем рэалістычных і фантастычных вобразаў. Яго мастацкі пошук пачынаўся з захаплення тэлескопамі і спробаў праз аптычныя прыборы даследаваць колер і форму. Пазней мастак звярнуўся да фармальнай кампазіцыі, сюррэалістычных вобразаў і смелых эксперыментаў з фактурай.

Асаблівае месца ў яго творчасці займае лінія –  яна акрэслівае форму, рассякае прастору і нібы даследуе рэчаіснасць знутры. Над асобнымі палотнамі мастак мог працаваць гадамі, ствараючы творы, у якіх рэальнае спалучаецца з ірацыянальным, алегорыяй і парадоксам.

З 1990-х гадоў Родзін шмат падарожнічаў і ўдзельнічаў у міжнародных мастацкіх праектах. Важным этапам стала праца ў берлінскай арт-камуне Tacheles, дзе ён быў адным з заўважных творцаў і ўдзельнічаў у развіцці беларускага сучаснага мастацтва за мяжой.

Акрамя жывапісу, Алесь Родзін актыўна займаўся перформансам. З 2003 года і да апошніх дзён жыцця ён быў пастаянным удзельнікам перформансаў групы «Механёры Культуры» пад кіраўніцтвам Змітра Юркевіча.

Сёння творчасць Алеся Родзіна цікавая сваёй незвычайнай візуальнай мовай, смеласцю мастацкіх эксперыментаў і здольнасцю размаўляць з гледачом пра складаныя працэсы і змены ў сучасным свеце.

Close Menu