Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Літаратурнае падарожжа на Ушаччыну

“1.1.1” – штогадовы праект-падарожжа, у гэтым годзе прымеркаваны да 121-годдзя з дня нараджэння Петруся Броўкі і прысвечаны тром беларускім творцам ушацкага паходжання з заслужаным званнем народны – Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.

Нас чакаюць бацькоўскія хаты: Рыгора Барадуліна – ва Ушачах, Васіля Быкава – у Бычках, Петруся Броўкі – у Пуцілкавічах. Накіроўваючыся на поўнач Беларусі, маючы за вакном неверагодна прыгожыя краявіды Віцебшчыны, мы атрымаем задавальненне ад вершаў і прозы, якія будуць гучаць нон-стоп у выкананні саміх жа вандроўнікаў.

Першы прыпынак нас чакае ля невялікай, але знакавай крыніцы, якую літаратары называлі “броўкавай”. З успамінаў вядома, што па лепельскай дарозе на родную Ушаччыну ля крыніцы непадалёку ад рэчкі Эса на працягу ўсяго жыцця заўсёды спыняўся Пятрусь Броўка. Гэтую ж добрую традыцыю ён перадаў паэтам і пісьменнікам, якія ездзілі гэтай дарогай дадому, – Алесю Савіцкаму, Генадзю Бураўкіну, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну і інш. Выдатная магчымасць наталіцца жывой вадой з “крыніцы паэтаў”!

Ва Ушачах пад знакамітым “бацькоўскім вязам” Барадуліна мы зможам шчырым словам узгадаць дзядзьку Рыгора, зайсці ў дом, дзе сёння ўсе рэчы памятаюць паэта і нагадваюць пра яго асобу, а таксама пакаштаваць традыцыйнага ўшацкага хлеба.

Важным пунктам ва Ушачах будуць мясцовыя могілкі, дзе знайшоў вечны спачын Рыгор Барадулін. Мы пабачым валун з высечаным на ім крыжом, які быў пастаўлены па просьбе ў вершы самога паэта ў якасці надмагільнага помніка восенню 2015 года.

У вёсцы Бычкі нас чакае Сядзіба-музей Васіля Быкава, у якой можна ўбачыць унікальныя прадметы, знойдзеныя на месцы бацькоўскай хаты Васіля Быкава. Сярод іх – ліст, дзякуючы якому сястра Быкава Валянціна зразумела, што брат – жывы. Ён быў датаваны пазней, чым пахавальная, якая заўчасна запісала Васіля Быкава ў шэрагі загінулых.

Апошняй кропкай у падарожжы стане загадкавая вёска Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся Пятрусь Броўка. Мы пазнаёмімся з Хатай-музеем Петруся Броўкі, у шчырай кампаніі добрых людзей абмяняемся ўражаннямі, якія атрымаем за цэлы дзень вандроўкі па Віцебшчыне, з’ядзім суп па-ўшацку.

Колькасць месцаў абмежаваная!

Заявіць пра свой удзел у падарожжы можна па тэлефоне +375 (17) 342-09-81.

Кошт – 70 руб. (аплата толькі наяўнымі).

Дадаткова на месцы аплочваецца наведванне экспазіцыі Сядзібы-музея Васіля Быкава з экскурсіяй – 3,5 руб. наяўнымі.

ДЭДЛАЙН падачы заявак – 26 чэрвеня!

ПРАГРАМА ЛІТАРАТУРНАГА ПАДАРОЖЖА “1.1.1”
(28 чэрвеня 2026 г.)

6.45

Збор удзельнікаў на паркоўцы паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і ЖК “Маяк Мінска” (ст. метро “Усход”).

7.00-9.40

Пераезд да “Крыніцы паэтаў”.

9.40-10.10

Наведванне “Крыніцы паэтаў”.

10.10-11.00

Пераезд да дома Рыгора Барадуліна. Нон-стоп чытанні.

11.00-13.00

Наведванне дома Рыгора Барадуліна.

13.00-13.30

Наведванне г.п. Ушачы (помнікі Р.Барадуліну і В.Быкаву)

13.30-13.35

Пераезд да могілак, дзе пахаваны Рыгор Барадулін.

13.35-14.00

Ускладанне кветак да магілы Рыгора Барадуліна.

14.00-15.00

Пераезд да Сядзібы-музея Васіля Быкава. Нон-стоп чытанні.

Агляд касцёла св. Веранікі ў в. Селішча.

15.00-16.00

Наведванне Сядзібы-музея Васіля Быкава.

16.00-17.00

Пераезд да Хаты-музея Петруся Броўкі. Нон-стоп чытанні.

17.00-19.00

Наведванне Хаты-музея Петруся Броўкі.

Ускладанне кветак да помніка маці Петруся Броўкі Алены Сцяпанаўны.

19.00-22.00

Вяртанне ў Мінск.

 
Каб напоўную атрымаць асалоду ад падарожжа, неабходна мець пры сябе:
  1. Добры настрой.
  2. Кубак, каб піць з крыніцы.
  3. Талерку з лыжкай, каб паесці суп па-ўшацку.
  4. Кветкі (з крамы, з поля, з лецішча) для ўскладання на магіле Р.Барадуліна і ля помніка А.Броўкі.
  5. Вершы П.Броўкі, Р.Барадуліна, урыўкі з прозы В.Быкава, якія вам даспадобы.
  6. Рэпеленты (камары ў Пуцілкавічах вельмі любяць свежаніну).
  7. Вада, ежа.

Таксама маецца магчымасць замовіць сабе ўшацкага хлеба. Падрабязней па тэлефоне +375 (17) 342-09-81.

Close Menu