Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Там, дзе жыве паэзія Багдановіча…

22 мая ў філіяле “Фальварак Ракуцёўшчына” адбылося мерапрыемства “А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю”, прысвечанае Дню памяці класіка беларускай літаратуры – Максіма Багдановіча.

У гэты цёплы майскі дзень Ракуцёўшчына напоўнілася паэтычным словам, музыкай і асаблівай атмасферай духоўнай еднасці. Менавіта тут, сярод маляўнічых краявідаў, у 1911 годзе знаходзіў натхненне малады паэт, ствараючы творы, што сталі неад’емнай часткай беларускай літаратурнай спадчыны.

Мерапрыемства пачалося з ускладання кветак да памятных камянёў – як знак удзячнай памяці і павагі да генія слова. З уступным словам да гасцей звярнулася Алеся Кузняцова – намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, адзначыўшы асаблівае значэнне Ракуцёўшчыны ў лёсе і творчасці Максіма Багдановіча.

Працягам стала літаратурна-музычная імпрэза, падчас якой гучалі вершы паэта, песні і шчырыя словы пра любоў да роднай зямлі. Вядоўцай праграмы стала загадчыца філіяла Любоў Шчэрбач, якая цёпла і шчыра правяла ўсіх прысутных праз старонкі жыцця і паэзіі беларускага класіка.

Асаблівым упрыгожаннем сустрэчы сталі выступленні творчых гасцей – літаратараў, паэтаў і грамадскіх дзеячаў. Сваімі разважаннямі і творчасцю дзяліліся Міхась Казлоўскі, Тамара Аўсяннікава, Тамара Бярэзіна, Ала Клемянок. Іх словы краналі сэрцы, нагадвалі пра важнасць захавання беларускай мовы, культуры і гістарычнай памяці.

Эмацыйным момантам стала выступленне старшакласнікаў Красненскай сярэдняй школы, якія вельмі натхнёна і прачулена чыталі вершы Максіма Багдановіча. У іх галасах адчуваліся шчырасць, захапленне беларускай паэзіяй і жывое разуменне слова паэта. Менавіта такія моманты даюць надзею, што багдановічаўская спадчына будзе жыць у новых пакаленнях.

Музычны настрой свята стварыла выступленне выкладчыцы Красненскай музычнай школы – чароўнае гучанне цымбалаў тонка перапляталася з паэтычным словам.

Гэта сустрэча яшчэ раз засведчыла: спадчына Максіма Багдановіча жыве ў слове, у памяці, у сэрцах людзей. І пакуль гучыць яго паэзія, будзе жыць любоў да бацькаўскага краю.

Close Menu