Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

“Ноч музеяў” у Літаратурным музеі Петруся Броўкі

У нашым дынамічным свеце, поўным клопатаў і спешкі, мы часам губляем здольнасць глядзець у будучыню з надзеяй. Сучаснаму чалавеку, акружанаму інфармацыйным шумам, не стае лёгкасці і ўпэўненасці, што заўтрашні дзень будзе лепшым за сённяшні. “Ноч музеяў – 2026: Час рамантыкаў і аптымістаў” у Літаратурным музеі Петруся Броўкі прапануе вярнуцца да тых часоў, калі гэтая вера была паветрам, якім дыхаў кожны.

1960-я – гэта час, калі моладзь стала галоўнай рухаючай сілай. Аптымізм, рамантыка адкрыццяў і веры ў чалавека – усё гэта знайшло адлюстраванне ў культуры. Пятрусь Броўка, паэт з нязгаснай усмешкай, які трымаў руку на пульсе часу, пакінуў нам у спадчыну запавет – ісці ўпарта да сваёй мары, нягледзячы ні на якія перашкоды.

Запрашаем вас далучыцца да нас 16 мая з 18:00 да 23:00 гадзін.

ПРАГРАМА:

18:00 – Лекцыя “Мінск 1960-х гадоў. Горад, архітэктура і людзі сонечнай эпохі” (Антон Дзянісаў, гісторык).
1960-я гэта не толькі новыя плыні і тэмы ў беларускім літаратурным жыцці, але яшчэ і новыя архітэктурныя стылі, эстэтыка і мода. Мінск называлі ў гэты час “горадам з бетону і шкла, са сталі і кветак…”. На лекцыі можна будзе пачуць цікавыя факты, паглядзець, як змянялася аблічча сталіцы, ствараліся новыя архітэктурныя ансамблі і з’яўляліся жылыя раёны, стаць вандроўнікам у горад сонечнай эпохі.

19:00 – Лекцыя “Больш не табу: мадэрнізацыя інтымнай сферы ў гады хрушчоўскай адлігі (1953 – 1968)” (Аляксандр Гужалоўскі, гісторык).
Перыяд “адлігі” суправаджаўся выбухам грамадскай цікаўнасці да кніг, фільмаў, тэатральных пастановак, прысвечаных каханню, праблемам узаемаадносінаў паміж мужчынам і жанчынай у цэлым. Вецер зменаў, што дзьмуў пасля ХХ з’езда, разбураў звыклыя гендарныя стэрэатыпы маскуліннасці і феміннасці. Чалавек эпохі 1960-х пачынаў адчуваць сябе цэнтрам уласнага жыццёвага свету. На падставе вывучэння архіўных матэрыялаў і тагачаснай перыёдыкі у лекцыі будзе дадзена характарыстыка сямейна-шлюбных адносін насельніцтва Беларусі, пераважна моладзі.

20:00 – Майстар-клас па джазавых танцах ад студыі танцаў “Качели”.
Ліндзі-хоп, чарльстон, шэг, бугі-вугі – сёння энергічныя рухі джазавых танцаў вядомыя ва ўсім свеце. Даследаванні паказваюць – джазавыя танцы станоўча ўплываюць на настрой і кагнітыўныя здольнасці людзей, асабліва калі вы шчыра атрымліваеце задавальненне ад працэсу, а не імкнецеся здабыць перамогу за лепшую тэхніку вечара. Майстар-клас па характэрных танцах эпохі 1960-х правядуць выкладчыкі школы танцаў “Качели”, таму дакладна прапануем падабраць адзенне ў адпаведным стылі, каб танчыць на ўсю моц!

22:00 – Канцэрт гурта “Борисовский Тракт”.
“Музычная эклектыка, аксаміт паўакустычных гітар і строгасць аранжыровак надаюць музыцы інтэлігентную вытанчанасць, ствараючы баланс паміж эмацыйнай цеплынёй і стрыманай элегантнасцю” – так апісваюць сваю музыку самі ўдзельнікі гурта.

“Борисовский Тракт” зараз збіраюць поўныя залі ў Беларусі і па-за межамі, а пачыналі свае першыя рэпетыцыі яшчэ ў часы школьнага навучання – у гаражным кааператыве. Назва “Борисовский Тракт” тады цалкам укладалася ў канцэпт: змрочныя кампазіцыі, каверы на песні гурта Molchat Doma. Зараз жа індзі-рок гурт піша рамантычна-ўзнёслыя, душэўныя кампазіцыі, якія выступаюць своеасаблівымі антыподамі гарадской мітусні.

А ТАКСАМА:

Выстава “Пятрусь Броўка. Маё ХХ стагоддзе”.
Што вы ведаеце пра Петруся Броўку? Што ён быў паэтам, які пісаў савецкія агітацыйныя творы? Ці што ён напісаў такія шэдэўры беларускай інтымнай лірыкі як “Пахне чабор” і “Александрына”? А быць можа вы ў школе вучылі верш “Калі ласка”?

Але як адбываўся творчы працэс? Што натхняла паэта на стварэнне пакаянных вершаў? Што хацеў данесці ў сваім лісце да яго Уладзімір Дубоўка? І нарэшце, хто быў першым каханнем паэта? Шэсць зборнікаў лірыкі. Пяць дзесяцігоддзяў. Ад імпульсіўнай маладосці, веры ў пераўтварэнне свету і літаратурны эксперымент – да сталасці, адказнасці, сумненняў і споведзі.

Віктарына па эпосе 1960-х гадоў.
Палёты ў космас, пачатак каляровага тэлевяшчання, вынаходніцтва робатаў і лазераў, артхаўсныя фільмы Бергмана і Таркоўскага, росквіт рок-н-ролу… “Залатым” дзесяцігоддзем называюць даследчыкі гэты час. Прапануем далучыцца да спаборніцтва ў нашай гульні, дзе адпраўной кропкай стане ваш імпэт, а на фінішнай вы замацуеце вашыя веды пра 1960-я.

Майстар-клас па стварэнні паштовак з зорным небам.
Неба, зоркі, космас… А ці памятаеце савецкія паштоўкі з выявамі на касмічную тэматыку? Космас ў 1960-я стаў культурным феноменам, які ахапіў усе сферы жыцця. Плакаты, паштоўкі, елачныя цацкі з выявамі касманаўтаў, ракет і зорак набылі вялікую папулярнасць. Падчас майстар-класу вы атрымаеце магчымасць стварыць уласную паштоўку на касмічна-зорную тэматыку з выкарыстаннем дыяпазітываў – кадраў, якія праглядаюцца на прасвет. А дапаможа вам у гэтым тэлескоп “Хаббл”.

Інтэрактыўная праграма з варажбой на картах Таро.
Картамантыя, або варажба на картах, падзяляецца на тры буйныя групы: варажба на ігральных картах; варажба на таро; варажба на картачных аракулах. У савецкую эпоху пра такое не пісалі ў газетах, але варажылі ўпотай – і пераважна на ігральных картах, бо Таро і аракулы не маглі патрапіць у кватэры грамадзян праз строгую забарону. Мы працягваем цікавіцца таямнічым самі і прапануем вам адшукаць сваю веру ў светлую аптымістычную будучыню пры дапамозе карт.

А таксама вас чакаюць інтэрактыў “Броўкаў тэлефон”, знаёмства з фільмаскопам, разыгранка “Квітка ўдачы” і многае іншае!

Уваходны квіток: 20 руб.

Адрас: г. Мінск, вул. Карла Маркса, 30, кватэра 4.

Кантактны тэлефон: +375 (17) 342-09-81.

Close Menu